Спадчына

«Гатова чакаць ад сябе чаго заўгодна». Ганна Янкута расказала, як пасля ката Шпрота напісала «Канстытуцыю»

«Мяне заўсёды цікавіла літаратура, колькі сябе помню, — расказвае пра сябе перакладчыца і пісьменніца Ганна Янкута. — Калі я вучылася ва ўніверсітэце на філалагічным аддзяленні, мне хацелася зразумець, як літаратура функцыянуе: што ўплывае на яе развіццё, чаму з’яўляюцца новыя жанры, а аўтары і аўтаркі пішуць так, а не іначай». Зараз у актыве ў Ганны дысертацыя па фемінізме і літаратуры, пяць дзіцячых кніжак (пра ката Шпрота і не толькі) і паэтычны зборнік «Канстытуцыя». Як перакладчыца стала пісаць прозу для дзяцей і паэзію для дарослых, яна расказала каналу «Тётя Ира Разрешила».

Пераклады — паміж мовамі, эпохамі, творцамі, паэзіяй і прозай

Ганна пачынала свой шлях у літаратуру з перакладаў: «Мяне зацікавілі пераклады, я далучылася да Перакладчыцкай майстэрні Андрэя Хадановіча пры Беларускім калегіуме і да каманды інтэрнэт-часопіса „ПрайдзіСвет“ — пляцоўкі, якую стварылі самі перакладчыкі, бо ў тыя часы апублікаваць пераклад на беларускую было досыць складана». На дзесяць гадоў пераклад стаў для яе галоўнай справай і жарсцю.

«Паралельна я пісала крытычныя артыкулы і агляды, супрацоўнічала з рознымі праектамі, пераважна літаратурнымі. Увогуле, я люблю пераключацца з адной справы на іншую, але ў выпадку з перакладам гэта не было патрэбным: я спрабавала працаваць з рознымі мовамі, творцамі, эпохамі, з прозай і паэзіяй (у асноўным рыфмаванай, бо я люблю рыфму, таму пераклад не ператвараўся ў руціну».

Кот Шпрот — гродзенская ідэя для мінскіх лакацый

Аднаго разу, гуляючы па сваім раёне ў Мінску, Ганна ўявіла сабе двух прывідаў, якія жывуць пад балконам. Так пачалася гісторыя ката Шпрота і яго сяброў - прывідаў Мары і Жан-Жаха.

Кот Шпрот — герой серыі дзіцячых кніг Ганны Янкуты. Усе падзеі ў кнігах адбываюцца ў Мінску

«Я задумала казку пра ката Шпрота як мінскую гісторыю. Я, хоць і нарадзілася ў Гародні, на той момант ужо даўно жыла ў Мінску. Мне не хапала дзіцячых кніг, дзеянне ў якіх адбывалася б у Беларусі і дзе былі б пазнавальныя для беларускіх дзяцей мясціны». У першай казцы пра ката Шпрота асноўнае месца дзеянняў - парк Чалюскінцаў.

Над гісторыяй пра ката Шпрота разам з Ганнай працавала мастачка Лілія Давыдоўская, таксама гарадзенка. «Мы дагэтуль супрацоўнічаем і ўсе дзіцячыя кнігі робім разам», — расказала Ганна. Неўзабаве знайшоўся і выдавец — Андрэй Янушкевіч.

«Мы яшчэ пасля жартавалі, што кнігу пра Мінск зрабілі трое гарадзенцаў».

Літаратура і фемінізм

Ганна расказала, што прыкладна ў той жа час вярнулася да літаратуразнаўчых даследаванняў і абараніла дысертацыю пра літаратуру і фемінізм. Таксама ў 2018 годзе ў свет выйшла першая кніга «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў».

Ганна Янкута з першай кніжкай пра ката Шпрота

«Доўгі час я не магла прыйсці ў сябе ад таго, што пішу кнігі для дзяцей. Каб пераканацца, што гэта праўда, а не проста мне прыснілася, я напісала працяг пад назвай „Кот Шпрот і зніклы мышамабіль“. Там дзеянне адбываецца ўжо ў мінскім Батанічным садзе. Гэты твор таксам выйшаў у выдавецтве „Янушкевіч“, а пасля атрымалася аповесць „Марта і яе мара пра снег“, якая выйшла ў выдавецтве „Папуры“».

Зараз Ганна Янкута — аўтарка ўжо пяці кніг для дзяцей. Адна з іх, «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», існуе толькі як аўдыёкніга, а яшчэ адну, «Вам дапаможа КВА», якую Ганна з Ліліяй рабілі на замову экалагічнай арганізацыі «Экапартнёрства», можна спампаваць бясплатна ці паслухаць на «Кніжным возе».

Зараз аўтарка з мастачкай працуюць над шостай кнігай серыі. «Не ведаю, калі і як атрымаецца яе выдаць, але ўпэўненая: мы нешта прыдумаем».

Ганна Янкута і кот Шпрот

Канстытуцыя — пераклад з канцылярскай на паэтычную мову

«Год таму мне ў галаву прыйшла ідэя „Канстытуцыі“, — узгадвае Ганна. — Мяне тады цікавіла такая з’ява, як канцылярская мова: усе гэтыя абсалютна ненатуральныя выразы накшталт „продаж білетаў на праезд ажыццяўляецца кіроўцам на прыпынках“, якія ў Беларусі можна знайсці дзе заўгодна, прычым як па-руску, так і па-беларуску».

Ганна падумала, што супрацьпаставіць усюдыіснай мове бюракратыі можна паэзію. «Паколькі перад гэтым я паўгода была слухачкай арганізаванай польскімі пісьменнікамі Юліяй Федорчык і Філіпам Спрынгерам Школы экапаэтыкі пра Інстытуце рэпартажу ў Варшаве, я вырашыла, што для пачатку можна перапісаць паэтычнай мовай які-небудзь важны дакумент, напрыклад, Канстытуцыю».

«Ніхто не напіша кнігу, якуя я прыдумала»

«Я была настолькі не гатовая пісаць нешта такога кшталту, што спачатку падумала: каму б прапанаваць такі праект? Але гэта напэўна выглядала б дзіўна: «Прывітанне, ці не хочаш напісаць кнігу, якую я прыдумала?» Адмовіцца ад ідэі таксама было шкада — надта ж мне яна падабалася.

Тады я пачала нешта па-трошкі спрабаваць: вядома, амаль усе першыя чарнавікі трапілі ў сметніцу. Але ў лістападзе мне пашчасціла трапіць на творчую стыпендыю горада Гданьска, якой апекаваўся Інстытут гарадской культуры, дзе я цэлы месяц магла займацца толькі гэтай кнігай.

Тады ў ёй з’явіліся яшчэ дзве лініі - адна, натхнёная прыродазнаўчымі навукамі і светам навокал. Адсюль і назва, якую зборнік атрымаў у беларускім выданні, — «Геалогія». Другая — гісторыя асобы, якая жыве «тут і цяпер», пражывае ўсё, што адбываецца ў яе свеце, і гэтыя падзеі нейкім чынам яе змяняюць, дэфармуюць.

Цяпер у Беларусі ёсць кніга «Геалогія», якую можна набыць у некалькіх крамах, напрыклад, тут, тут і тут. У Польшчы — «Канстытуцыя», якую можна замовіць ў краме фундацыі «Kamunikat.org» і яе вышлюць у любую краіну свету. У Варшаве набыць «Канстытуцыю» можна таксама ў Беларускім моладзевым хабе.

Вокладка зборніка «Канстытуцыя» Ганны Янкуты

«Звыкнуцца з тым, што я — яшчэ і аўтарка паэтычнага зборніка, вельмі складана. Але цяпер я гатовая чакаць ад сябе чаго заўгодна, — кажа аўтарка. — І выпрабоўваю новы для сябе жанр — эсэ-рэфлексіі пра тое, як пражываецца жыццё, якое за апошнія два гады так моцна змянілася».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024