“Мяне заўсёды цікавіла літаратура, колькі сябе помню, – расказвае пра сябе перакладчыца і пісьменніца Ганна Янкута. – Калі я вучылася ва ўніверсітэце на філалагічным аддзяленні, мне хацелася зразумець, як літаратура функцыянуе: што ўплывае на яе развіццё, чаму з’яўляюцца новыя жанры, а аўтары і аўтаркі пішуць так, а не іначай”. Зараз у актыве ў Ганны дысертацыя па фемінізме і літаратуры, пяць дзіцячых кніжак (пра ката Шпрота і не толькі) і паэтычны зборнік “Канстытуцыя”. Як перакладчыца стала пісаць прозу для дзяцей і паэзію для дарослых, яна расказала каналу “Тётя Ира Разрешила“.
Пераклады – паміж мовамі, эпохамі, творцамі, паэзіяй і прозай
Ганна пачынала свой шлях у літаратуру з перакладаў: “Мяне зацікавілі пераклады, я далучылася да Перакладчыцкай майстэрні Андрэя Хадановіча пры Беларускім калегіуме і да каманды інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» – пляцоўкі, якую стварылі самі перакладчыкі, бо ў тыя часы апублікаваць пераклад на беларускую было досыць складана”. На дзесяць гадоў пераклад стаў для яе галоўнай справай і жарсцю.
“Паралельна я пісала крытычныя артыкулы і агляды, супрацоўнічала з рознымі праектамі, пераважна літаратурнымі. Увогуле, я люблю пераключацца з адной справы на іншую, але ў выпадку з перакладам гэта не было патрэбным: я спрабавала працаваць з рознымі мовамі, творцамі, эпохамі, з прозай і паэзіяй (у асноўным рыфмаванай, бо я люблю рыфму, таму пераклад не ператвараўся ў руціну”.
Кот Шпрот – гродзенская ідэя для мінскіх лакацый
Аднаго разу, гуляючы па сваім раёне ў Мінску, Ганна ўявіла сабе двух прывідаў, якія жывуць пад балконам. Так пачалася гісторыя ката Шпрота і яго сяброў – прывідаў Мары і Жан-Жаха.

“Я задумала казку пра ката Шпрота як мінскую гісторыю. Я, хоць і нарадзілася ў Гародні, на той момант ужо даўно жыла ў Мінску. Мне не хапала дзіцячых кніг, дзеянне ў якіх адбывалася б у Беларусі і дзе былі б пазнавальныя для беларускіх дзяцей мясціны”. У першай казцы пра ката Шпрота асноўнае месца дзеянняў – парк Чалюскінцаў.
Над гісторыяй пра ката Шпрота разам з Ганнай працавала мастачка Лілія Давыдоўская, таксама гарадзенка. “Мы дагэтуль супрацоўнічаем і ўсе дзіцячыя кнігі робім разам”, – расказала Ганна. Неўзабаве знайшоўся і выдавец – Андрэй Янушкевіч.
“Мы яшчэ пасля жартавалі, што кнігу пра Мінск зрабілі трое гарадзенцаў”.
Літаратура і фемінізм
Ганна расказала, што прыкладна ў той жа час вярнулася да літаратуразнаўчых даследаванняў і абараніла дысертацыю пра літаратуру і фемінізм. Таксама ў 2018 годзе ў свет выйшла першая кніга «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў».

“Доўгі час я не магла прыйсці ў сябе ад таго, што пішу кнігі для дзяцей. Каб пераканацца, што гэта праўда, а не проста мне прыснілася, я напісала працяг пад назвай «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль». Там дзеянне адбываецца ўжо ў мінскім Батанічным садзе. Гэты твор таксам выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч», а пасля атрымалася аповесць «Марта і яе мара пра снег», якая выйшла ў выдавецтве «Папуры»».
Зараз Ганна Янкута – аўтарка ўжо пяці кніг для дзяцей. Адна з іх, «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», існуе толькі як аўдыёкніга, а яшчэ адну, «Вам дапаможа КВА», якую Ганна з Ліліяй рабілі на замову экалагічнай арганізацыі «Экапартнёрства», можна спампаваць бясплатна ці паслухаць на “Кніжным возе”.
Зараз аўтарка з мастачкай працуюць над шостай кнігай серыі. “Не ведаю, калі і як атрымаецца яе выдаць, але ўпэўненая: мы нешта прыдумаем”.

Канстытуцыя – пераклад з канцылярскай на паэтычную мову
“Год таму мне ў галаву прыйшла ідэя «Канстытуцыі», – узгадвае Ганна. – Мяне тады цікавіла такая з’ява, як канцылярская мова: усе гэтыя абсалютна ненатуральныя выразы накшталт «продаж білетаў на праезд ажыццяўляецца кіроўцам на прыпынках», якія ў Беларусі можна знайсці дзе заўгодна, прычым як па-руску, так і па-беларуску”.
Ганна падумала, што супрацьпаставіць усюдыіснай мове бюракратыі можна паэзію. “Паколькі перад гэтым я паўгода была слухачкай арганізаванай польскімі пісьменнікамі Юліяй Федорчык і Філіпам Спрынгерам Школы экапаэтыкі пра Інстытуце рэпартажу ў Варшаве, я вырашыла, што для пачатку можна перапісаць паэтычнай мовай які-небудзь важны дакумент, напрыклад, Канстытуцыю”.
“Ніхто не напіша кнігу, якуя я прыдумала”
“Я была настолькі не гатовая пісаць нешта такога кшталту, што спачатку падумала: каму б прапанаваць такі праект? Але гэта напэўна выглядала б дзіўна: «Прывітанне, ці не хочаш напісаць кнігу, якую я прыдумала?» Адмовіцца ад ідэі таксама было шкада – надта ж мне яна падабалася.
Тады я пачала нешта па-трошкі спрабаваць: вядома, амаль усе першыя чарнавікі трапілі ў сметніцу. Але ў лістападзе мне пашчасціла трапіць на творчую стыпендыю горада Гданьска, якой апекаваўся Інстытут гарадской культуры, дзе я цэлы месяц магла займацца толькі гэтай кнігай.
Тады ў ёй з’явіліся яшчэ дзве лініі – адна, натхнёная прыродазнаўчымі навукамі і светам навокал. Адсюль і назва, якую зборнік атрымаў у беларускім выданні, – «Геалогія». Другая – гісторыя асобы, якая жыве «тут і цяпер», пражывае ўсё, што адбываецца ў яе свеце, і гэтыя падзеі нейкім чынам яе змяняюць, дэфармуюць.
Цяпер у Беларусі ёсць кніга «Геалогія», якую можна набыць у некалькіх крамах, напрыклад, тут, тут і тут. У Польшчы – «Канстытуцыя», якую можна замовіць ў краме фундацыі «Kamunikat.org» і яе вышлюць у любую краіну свету. У Варшаве набыць “Канстытуцыю” можна таксама ў Беларускім моладзевым хабе.

“Звыкнуцца з тым, што я – яшчэ і аўтарка паэтычнага зборніка, вельмі складана. Але цяпер я гатовая чакаць ад сябе чаго заўгодна, – кажа аўтарка. – І выпрабоўваю новы для сябе жанр – эсэ-рэфлексіі пра тое, як пражываецца жыццё, якое за апошнія два гады так моцна змянілася”.




