Каго вы ўбачыце ў бюлетэні 9 жніўня. Галерэя кандыдатаў ад Hrodna.Life

Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Выбары пройдуць 9 жніўня. Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу было адмоўлена, пяць чалавек атрымалі кандыдацкія пасведчанні. Рэдакцыя Hrodna.Life падрыхтавала падрабязны спіс зарэгістраваных кандыдатаў.

Няхай я буду «кардоннай» выявай на пікеце, людзі ўсё роўна ідуць за ім. І такое ў планы ўладаў не ўваходзіла. Я так разумею, што народны рух не згасне. Усе павінны разумець, што мы галасуем не за кагосьці, а супраць аднаго чалавека.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская па адукацыі настаўніца замежных моваў, працуе перакладчыцай. Раней не ўдзельнічала ў палітычных кампаніях. Узяла ўдзел у выбарах, каб падтрымаць свайго мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, якога не зарэгістравалі прэтэндэнтам у кандыдаты. Пазней яго затрымалі на пікеце па зборы подпісаў у Гродне, заведзена крымінальная справа. «ЦВК непрадказальна», — сказала Ціханоўская перад пасяджэннем па рэгістрацыі кандыдатаў.

  • Паводле ЦВК, здала 109 479 подпісаў.
  • Пасля праверак улічылі 104 757.
  • У Гродне здалі 5028 подпісаў, па Гродзенскім раёне — 638, па Гродзенскай вобласці - каля 10 000 подпісаў.

У гэтай электаральнай кампаніі толькі я і Аляксандр Рыгоравіч. Больш нікога з рэальных палітыкаў, якія маглі б сапраўды прад’яўляць прэтэнзіі на ўладу, няма.

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая — юрыстка паводле адукацыі. Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Раней кіравала юрыдычнай фірмай. Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. У 2019 годзе Канапацкая планавала зноў балатавацца ў дэпутаты, але яе подпісы былі прызнаныя ЦВК несапраўднымі. Лічыць, што іншыя кандыдаты схільныя ўплыву «расійскіх лялькаводаў».

  • Паводле ЦВК здала 151 631 подпісаў.
  • Пасля праверак улічылі 146 588.
  • У Гродне здалі 387 подпісаў, па Гродзенскім раёне — 17, па Гродзенскай вобласці сабралі 600−700 подпісаў.

Мы страцілі чарговыя пяць гадоў. Нас палохаюць 90-мі, але цяпер нас палохае будучыня. Усіх, хто лічыць, што ў Беларусі патрэбны новы прэзідэнт, заклікаю да салідарнасці. Галасуйце толькі ў дзень выбараў.

Андрэй Дзмітрыеў

Андрэй Дзмітрыеў паводле адукацыі палітолаг. Сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». У час выбарчай кампаніі 2010 года быў кіраўніком штаба Уладзіміра Някляева, у 2015 годзе — штаба Таццяны Караткевіч.

  • Паводле ЦВК здаў 110 754 подпісаў.
  • Пасля праверак улічылі 106 841

Беларусь гатовая да пераменаў, але нашы людзі цяпер у пэўнай апатыі. Рана ці позна перамены наступяць, але каб яны былі не хаатычныя, а строга структураваныя, павінны быць людзі, якія павінны ўзяць на сябе адказнасць.

Сяргей Чэрачэнь

Сяргей Чэрачэнь вучыўся ў БДУіР на спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый», паралельна — у Інстытуце бізнес-тэхналогій «Атлант-М». З 2016 года пачаў займацца грамадскай дзейнасцю. Былы сябра Камуністычнай партыі, з 2018 года — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, на гэтай пасадзе ён змяніў Станіслава Шушкевіча. Таксама з 2018 года дырэктар ТАА «С58 Тэхноладжыз» — кампаніі, якая займаецца інвестыцыйнай і кансалтынгавай дзейнасцю. Да рэгістрацыі кандыдатам на сваім сайце пытаўся, ці здымацца яму з выбараў.

  • Паводле ЦВК, здаў 149 750 подпісаў.
  • Казаў, што каманда сабрала 106 тысячаў подпісаў.
  • Пасля праверак улічылі 143 109.

Запомніце, вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць. Мы яе два з лішнім дзясятка гадоў, збіраючы драбкі, ствараючы гэтую квітнеючую краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі гэтую краіну і пусцілі па свеце гэтых небарак, якія заўседы пад бізуном хадзілі. Мы ім не дазволім падзяліць Беларусь, як гэта было ў 39-м годзе.

Александр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка паводле адукацыі гісторык, эканаміст. Раней займаў розныя пасады, у тым ліку дырэктара саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна, у 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета. З 1994 года — прэзідэнт Беларусі. Зараз падыходзіць да заканчэння яго пяты тэрмін прэзідэнцтва.

  • Паводле ЦВК, здаў 1 958 800 подпісаў.
  • Пасля праверак улічылі 1 939 572.

Чытайце таксама: Пікеты — у Румлёва. Дзе ў Гродне кандыдаты змогуць сустрэцца з выбаршчыкамі (Карта)

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025