Стогадовы гадзіннік з лютэранскай кірхі ўжо амаль адноўлены і чакае транспарціроўкі ў Гродна. Іх аднаўленнем на працягу года займаўся магілёўскі майстар Генадзь Галоўчык.

Сваю працу Генадзь падзяліў на тры этапы: першы — аднаўленне цыферблатаў, другі - аднаўленне механізму і даўкамплектацыя,
трэці - аднаўленне званарнага бою.

Механізм усталююць пасля рамонту даху

«Застаюцца чыста касметычныя працы. Усё асноўнае зроблена і чакае транспарціроўкі ў Гродна, — распавядае Генадзь. — Я спачатку прыеду, каб усталяваць цыферблаты, якія ўжо перадаў. Яны захоўваюцца ў сутарэнні кірхі. Думаю, усталюем іх ужо як будзе цёпла. З устаноўкай механізму ёсць праблемы. На вежы працякае дах — трэба спачатку яго адрамантаваць».


Чытайце таксама: Дыры от пуль в циферблате: как реставрируют башенные часы лютеранской кирхи


Генадзь Галоўчык паводле адукацыі інжынер. У Магілёве ў яго ёсць пасада — наглядчык гарадскога гадзінніка.

«Працаваць з гродзенскім гадзіннікам было цікава. Ужо набыты новы звон для механізму, у гэтым дапамог энтузіяст з Нямеччыны. Гэта практычна дакладная копія звона, які вісеў на кірсе 100 гадоў таму. Ён будзе вісець звонку будынка, над самім корпусам», — дадаў майстар.

«Вялікая падзея для горада»

Пастар лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў распавёў, што ўсталяваць гадзіннік паспрабуюць да лета 2020 года.

«Паспрабуем прымеркаваць гэту падзею да якога-небудзь свята. Можа фестывалю нацыянальных культур або Дня горада. Гэта будзе вялікая падзея для горада, бо мы аднавілі аўтэнтычны гадзіннік з кірхі. Ды і тым больш у 2020 годзе наша абшчына будзе адзначаць 25-годдзе вяртання храма вернікам».

Гадзінніку 106 гадоў, захаванасць механізма — 85%

Механізм вежавага гадзінніка на кірсе захаваўся да нашых дзён у добрым стане. Паводле папярэдніх ацэнак яго захаванасць складала 85%. Узрост гадзінніка — 106 гадоў, яго ўсталявалі на вежы ў 1913 годзе. Механізм спыніўся прыблізна ў 1944 годзе. Сёння ў Германіі ўсё яшчэ існуе фірма, якая ўсталёўвала гадзіннік у Гродне. Ініцыятарам і спонсарам рэстаўрацыі выступіў былы вернік кірхі, які жыве сёння ў Германіі.

Адноўлены гадзіннік на вежы лютэранскай кірхі плануюць запусціць летам 2020 года
Адноўлены гадзіннік на вежы лютэранскай кірхі плануюць запусціць летам 2020 года

Адноўлены гадзіннік на вежы лютэранскай кірхі плануюць запусціць летам 2020 года

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]