Помнікі на могілках у Беларусі, як правіла, падпісваюць па-польску (католікі) або па-расійску (праваслаўныя). Цяпер рускамоўныя надпісы не рэдкасць і на надмагіллях з каталіцкай сімволікай. Беларускамоўных помнікаў мала. Гэта найчасцей надмагіллі настаўнікаў роднай мовы на вясковых могілках або помнікі людзям, звязаным з беларускай нацынальнай справай у гарадах.
Палова надмагілляў - на мове
На Гродзеншчыне ёсць толькі адныя вясковыя могілкі, дзе добрая палова надмагілляў падпісана на беларускай мове. Гэта вёска Жодзішкі ў Смаргонскім раёне. Жодзішкі - цэнтр старой каталіцкай парафіі з цудоўнымі краявідамі над Вяллёй, захаванымі броварам, вадзяным млыном і будынкам былога езуіцкага калегіума, дзе традыцыйна для Беларусі цяпер месціцца псіхіятрычны шпіталь.
Чым жодзішкаўцы так адрозніваюцца ад жыхароў суседніх парафій, што ўжо шмат гадоў падпісваюць надмагіллі на беларускай мове, а не па-польску?
Шэсць гадоў, адзін ксёндз і ўплыў да сёння
Справа ў тым, што ў 1921 — 1927 гг. пробашчам у Жодзішках быў вядомы беларускі патрыёт ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. З 1924 г. ён выкарыстоўваў у касцельных казаннях беларускую мову, што было з радасцю сустрэта большасцю жыхароў Жодзішак.
Польскія ўлады хутка зразумелі, што беларуская актыўнасць аднаго ксяндза можа выклікаць у Заходняй Беларусі ланцуговую рэакцыю і народ масава пачне патрабаваць увядзення беларускай мовы ў касцельнае жыццё, а гэта паставіць пад сумнеў даўнюю ідэалагічную звязку «католік — паляк». Таму ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага абвінавацілі ў антыдзяржаўнай дзейнасці і на два гады пасадзілі ў турму.
Але жодзішкаўцы захавалі высокі ўзровень беларускага патрыятызму, беларуская мова для іх — не проста вясковая гаворка, а праява гонару і партыятызму. Менавіта таму былыя парафіяне ксяндза Гадлеўскага — Грыбы, Бабкі, Чырыцы, Дудзінскія, Ярмакі, Усаевічы ляжаць у магілак з помнікамі, напісанымі на мове продкаў.