Клубу “Футбольныя маці Гродна” ўсяго пару месяцаў. У камандзе гуляе толькі адна прафесійная футбалістка – і эканамісткі, бухгалтаркі, кухаркі, ахоўніцы, дальнабойшчыцы і бізнес-лэдзі. Удзельніцы каманды кажуць, што футбол – самы класны від спорту, а паганяць мяч – гэта лепей, чым сэкс.
Узрост удзельніц – ад 23 да 45 гадоў, піша “Вечерний Гродно”. Трэніроўкі праходзяць па пятніцах у спартзале ФФК ГрДУ імя Янкі Купалы на Захарава. “Па пятніцах людзі звычайна ходзяць па барах, і толькі мы — на футбол!”, – кажуць футбалісткі.

Каманда сабралася на запрашэнне трэнеркі Клаўдзіі Соф’інай. У Беларусі гэта першая такая супольнасць. Пазней вопытам гродзенак зацікавіліся ў Брэсце.
“У футбольнай школе «Нёмана» займаюцца дзяўчынкі. За трэніроўкамі назіраюць маці, вось мы прапанавалі ім самім паспрабаваць сябе ў футболе. Яны пагадзіліся! Вельмі хутка да нас далучыліся іншыя маці”, – распавяла Клаўдзія Соф’іна.

У будучыні трэнеры плануюць заявіць каманду ў турніры, каб жанчыны маглі не проста трэніравацца, але і спаборнічаць.
“Многія бацькі любяць вучыць дзяцей, як ім правільна трэніравацца і гуляць. Але калі яны паспрабавалі самі, зразумелі, што занадта шмат патрабуюць ад дзяцей”, — зазначае іншая трэнерка Ірына Казеева.
“На нашых трэніроўках жанчыны адкрытыя, для іх няма рамак, яны могуць даць волю эмоцыям і стаць разняволенымі”.
Як праходзіць трэніроўка
Трэніроўка доўжыцца гадзіну. У яе ўваходзіць размінка, таксама трэнеры прапануюць жанчынам незвычайныя практыкаванні. Напрыклад, гульня ў футбол вялікім надзіманым мячом: і эфектыўна, і весела. Кошт адной трэніроўкі – 10 рублёў, першая ідзе ў падарунак.

У футбольных маці ёсць профіль у Instagram. Там яны дзеляцца інфармацыяй пра футбол, віншуюць адна адну са святамі, посцяць відэа з трэніровак.
Гуляюць сем’ямі
Сем’і ў асноўным падтрымліваюць футбольных маці. Напрыклад, на кожную трэніроўку прыязджае сям’я з Абухава. У іх футболам займаецца маці, сын і дачка. Муж працуе ветэрынарам, жонка прадаўцом, але дзеці захапілі іх спортам так, што зараз тыя не могуць без яго жыць. У іншай сям’і футболам займаюцца дзве дачкі. Тата не захапляецца футболам, але ставіць ім браму і стрыжа газон, часам стаіць за брамніка. Калі футбол ідзе па тэлевізары, ён сыходзіць у гараж, а маці з дочкамі вельмі эмацыйна заўзеюць.

Іх трэніроўкамі зацікавіліся нават на “Гродна Азот”. Супрацоўнікі прадпрыемства трэніруюцца пасля маці. Раней яны прыходзілі за пару хвілін да пачатку сваёй трэніроўкі, а зараз – за гадзіну, каб паглядзець, як жанчыны гуляюць у футбол.

8 сакавіка каманда хоча правесці незвычайны матч. Маці згуляюць са сваімі дочкамі.
Чытайце таксама: 10 гадоў працы і наклад усяго 50 асобнікаў: гродзенец напісаў даведнік пра футбольных чэмпіёнаў


