Футбольны сезон 2017 года ў Беларусі скончаны. Па выніках чэмпіянату ў Вышэйшай лізе гродзенскі «Нёман» заняў шостае месца з 49 ачкамі ў актыве, што з’яўляецца добрым вынікам у параўнанні з мінулым годам. Як ацэньваюць сезон спартыўныя журналісты і спецыялісты гродзенскага футбола даведваўся Hrodna.life.
Усім тром нашым рэспандэнтам мы задалі тры аднолькавыя пытанні:
1. Як ацэніце выступ «Нёмана» ў сезоне 2017?
2. Хто на ваш погляд найлепшы гулец у складзе, а хто горшы?
3. Ці зможа «Нёман» з такім складам у наступным сезоне годна выступіць? Якія пазіцыі варта ўмацаваць?
— Наколькі я памятаю, назіральны савет ставіў задачу быць у тройцы і заваяваць пуцёўку ў Лігу Еўропы. Калі сыходзіць з гэтага, значыць, задача на сезон не выкананая. З іншага боку, я не разумею, адкуль бяруцца гэтыя задачы і чаму ў нас так нецярплівыя да вынікаў і хочуць усё і адразу.
Думаю, шостае месца — гэта аб’ектыўная ацэнка выступу каманды ў чэмпіянаце. У параўнанні з мінулым сезонам гэта крок наперад, таму нам застаецца чакаць наступнага чэмпіянату і прагрэсу, на які здольны клуб.
— Лепшы гулец каманды — Савіцкі. Ён выцягнуў увесь сезон і наўрад ці дапаможа ў наступным, таму што я ўпэўнены, што ў міжсезонні Паша зменіць клуб. Дадаў Хвалько, на добрым узроўні згулялі Абуна і Бебе, на галаву мацней за астатніх быў Кантарыя, які падчышчаў памылкі астатніх абаронцаў.
Астатнія гульцы расчаравалі. Не разумею, што адбываецца з Савасьцьянавым, ужо другі год ён не падобны да самога сябе. Не магу сказаць, чым дапамаглі Канцавы і Глеб. Мне не хацелася б іх бачыць у складзе ў наступным годзе.
— Калі мы хочам чагосьці дамагчыся ў наступным сезоне, трэба нешта рабіць з апорнай зонай — гэта самае слабае звяно ў камандзе. З зайздрасцю гляджу на «Дынама-Брэст», дзе выдатна гуляе наш Лёша Лягчылiн.
У наступным годзе хочацца ўбачыць у складзе маладых гульцоў, «Нёману» патрэбныя свежыя сілы, пара амалоджваць каманду і даваць шанец юнакам у Вышэйшай лізе. Тым больш, я ўпэўнены, што Кавалевіч ведае, як працаваць з моладдзю.
Было б цікава паглядзець на Ганчарука, Забеліна, Сянкевіча, Гольцева, Лукашына, Журневiча і Цэслюкевiча. Думаю, яны будуць не горш 34-гадовых Глеба і Канцавога.
— У сезоне 2017 «Нёман» паўстаў перад намі даволі арганізаванай камандай са сваім малюнкам гульні, характарам. Натуральна, гэта не магло не падабацца гледачам, якія прыходзяць на гульні. Так што гэты сезон я б адназначна занёс у актыў.
Збольшага, амаль ва ўсёй каманды бачная была добрая самааддача, хлопцы секліся на полі. Таксама не абышлося і без невыразных матчаў, але, на шчасце, гэта былі хутчэй выключэнні.
— Наконт лепшага гульца, тут усё і так зразумела. Пры ўсіх яго «але», лепшым на поле быў капітан «Нёмана» Павел Савіцкі. У кампанію да лідара запісаў бы яшчэ Філіпа Рудзіка. Гэта той хлопец, які заўсёды ў любой пазіцыі ўмее абвастрыць гульню, зрабіць момант з нічога.
Ды і агулам было дастаткова пазітыўных момантаў у сезоне, звязаных з той жа моладдзю. Пра горшых казаць не асабліва хочацца, ды і, я думаю, яны самі ведаюць, што сезон у іх не атрымаўся.
— Годнае выступленне — велічыня вельмі адносная. Маё меркаванне, што без улівання маладой крыві ў лінію атакі, вышэй «Нёману» ўжо не падняцца. Узроставыя гульцы ў атацы ўжо слаба матываваныя, і вышэй за галаву ім цяжка скочыць.
Якія пазіцыі ўмацаваць? «Дылетантам тут не месца», як сказаў бы папярэдні коўч «Нёмана» [рэд. — Сяргей Саладоўнікаў]. Апорніка і цэнтральнага нападніка вельмі не хапае. Але апошнія, самі разумееце, штучны тавар. Клуб пайшоў па шляху шмат, але танна, мяркуючы па ўсім. Я б сканцэнтраваў намаганні і палічыў за лепшае запрасіць сапраўды топавага гульца на гэтую пазіцыю.
— На мой погляд, выступ «Нёмана» ў сезоне 2017 можна лічыць паспяховым. За 30 матчаў каманда набрала 49 ачкоў, столькі шмат балаў у гродзенцаў не было ажно з 2002 года. Акрамя таго, відавочны прагрэс каманды ў параўнанні з мінулым сезонам: «Нёман» узняўся на 8 радкоў уверх (найбольшы пад’ём сярод усіх клубаў лігі), а таксама набраў на 20 ачкоў больш. Асабліва хочацца падзякваць галоўнаму трэнеру Ігару Кавалевічу за тое, як ён аддаецца сваёй працы. На працягу сезона мы бачылі менавіта трэнерскі праект, які змагаўся на полі да апошняга, за каманду ніколі не было сорамна. Нас пачалі зноў паважаць супернікі, а гэта шмат аб чым гаворыць.
— Свой лепшы сезон у кар’еры правёў лідар каманды Павел Савіцкі. З часоў Сяргея Давыдава, а менавіта з 2001 года, нікому дагэтуль не ўдавалася забіць за наш «Нёман» 15 галоў за сезон! А чаго толькі каштуе яго стрэл у матчы зборных Беларусі і Балгарыі. Нездарма гэты гол трапіў у 10 лепшых з усяго Еўраадбора.
— У гэтым годзе не абышлося і без пэўнага негатыву. Амаль увесь сезон «Нёман» упэўнена ішоў на 4 радку, аднак у верасні адбыліся зусім незразумелыя вынікі, такія як параза ад «Нафтана» і нічыя з «Крумкачамі». Мяркую, што менавіта гэтыя 5 ачкоў і сталі вырашальнымі ў барацьбе за 4 месца, нават нягледзячы на паразы ад «Тарпеда-БелАЗа», «Брэста» і БАТЭ.
Спадзяюся, што ў міжсезонні пры будаўніцтве новай каманды трэнерскі штаб дэтальна папрацуе над гэтым, каб такіх нечаканых вынікаў пазбегнуць у будучыні.
Ну і таксама адзначу судзейскі фактар. Ужо шмат пра гэта казалі, аднак менавіта з-за іх памылак «Нёман» прайграў у канцы сезона «Брэсту» і БАТЭ.
Я з вялікай надзеяй гляджу ў наступны сезон. Асноўны касцяк будзе захаваны, плюс падпішуць некалькі моцных кваліфікаваных футбалістаў. А гэта значыць, што мы зноў убачым тую ж самую баявую гродзенскую каманду, за якую будзе хацецца заўзець і падтрымліваць дома і на выездзе.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…