Кучы на ўзбочыне і хітрыя кіроўцы. Што адбываецца ў чарзе на мяжы ў Прывалцы, дзе фуры чакаюць выезду па два тыдні

Кіроўца вялікагруза, які чакае перасячэння літоўскай мяжы ў чарзе на беларускім баку, за 10 дзён праехаў 6 км. На ўзбочынах смецце, туалета няма, а ў і без таго павольную чаргу ўкліньваюцца несумленныя калегі, распавёў кіроўца. Спаць даводзіцца «адным вокам», бо мусіш рухацца ў чарзе. Такая сітуацыя ў Прывалцы. Усяго ж выезду ў Еўразвяз у Беларусі чакаюць 5150 кіроўцаў.

Кіроўца, які захацеў застацца ананімным, звярнуўся ў рэдакцыю Hrodna.life 17 лютага. Паводле яго слоў, ён стаіць у чарзе ў пункт пропуску Прывалка (Райгардас) з мінулага аўторка (8 лютага). Калі ён туды прыехаў, канец чаргі быў у 11 км ад мяжы, зараз кіроўца ў 5 км ад пункта пропуску. Сама чарга за дзесяць дзён засталася прыкладна такой жа, каля 11 км.

На ўзбочынах няма ні сметніц, ні біяпрыбіральняў. Сметніцы пачынаюцца прыкладна за 1 км ад мяжы. Кіроўцы ж сабраліся розныя: хтосьці добрасумленны і захоўвае смецце ў кабіне, а хтосьці выкідвае. У некаторых месцах кучы экскрыментаў ляжаць проста каля дарогі - хтосьці не дайшоў да лесу, апісаў Hrodna.life сітуацыю кіроўца.

Добра хоць з ежай няма праблем — проста да чаргі праз дзень прыязджае аўталаўка, і ў кабіне ёсць свой запас прадуктаў і газавы балон, а можна купіць і гатовы абед.

Акрамя побыту праблема — несумленныя кіроўцы

Больш за ўсё кіроўцаў, якія чакаюць перасячэння мяжы, хвалююць хітруны, што спрабуюць уклініцца ў чаргу перад іншымі.

Рэч у тым, што зараз на мяжы ўтварылася дзве чаргі - звычайная і так званая платная, дзе ў кіроўцаў ёсць спецыяльныя пропускі. Перавозчыкі з такімі прапускамі маюць права на першачарговае перасячэнне мяжы.

Чарга кіроўцаў з платнымі пропускамі рухаецца ў два разы хутчэй за звычайную, распавяла крыніца Hrodna.life.

Некаторыя кіроўцы спрабуюць праехаць міма бясплатнай чаргі, быццам бы яны з пропускам і едуць у платную, але насамрэч гэта не так. У такіх умовах самі кіроўцы не могуць спыняць і правяраць, ці ёсць пропуск. Яны не маюць такога права, і тым больш не могуць і не хочуць пачынаць разборкі, рэзаць колы і падобнае, падзяліўся кіроўца.

У чарзе ёсць разрывы — напрыклад, на скрыжаваннях. Гэтым таксама карыстаюцца несумленныя кіроўцы. Да прыкладу, укліньваюцца, пакуль хтосьці зтых, хто стаяць у чарзе, заснуў і не перамясціўся своечасова.

Памежнікі: дзякуй, улічым

Кіроўца, які гутарыў з Hrodna.life, лічыць, што памежнікі павінны паставіць у канцы агульнай чаргі сваю машыну. Яны маглі б правяраць усіх дальнабойцаў, хто пад’язджае: ці ёсць пропуск і права ехаць у платную чаргу, ці не. Калі пропуску няма — не прапускаць і ставіць іх у канец бясплатнай чаргі.

Кіроўцы з Прывалкі нават тэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржпамежкамітэта ў Мінск. Там ім адказалі: «Дзякуй, улічым, перанакіруем заяўку ў патрэбнае месца».

17 лютага каля 200 чалавек хацелі пешшу вырушыць да мяжы, каб звярнуцца да памежнікаў, але праз дрэннае надвор’е адклалі паход. 18 лютага кіроўцы ўсё ж дайшлі да пункта пропуску, але дапамогі не атрымалі.

«Памежнікі сказалі - будзе каманда, прымем меры», — распавёў Hrodna.life іншы кіроўца, Андрэй. Ён таксама стаіць у бясплатнай чарзе больш за тыдзень і прасунуўся на 7 км. Паводле яго слоў, 18 лютага аб’язджаць без чаргі ўсё ж сталі менш, магчыма, пратачыліся чуткі, што кіроўцы пачалі з гэтым змагацца.

«Адно вока спіць, другое глядзіць»

Адчувальныя затрымкі на мяжы пачаліся ў канцы восені - перад Новым годам, распавёў Андрэй. Да гэтага вялікагрузы маглі прайсці мяжу за суткі, і тое гэта лічылася доўга. Зараз стаяць трэба не менш за тыдзень, калі прайшоў мяжу за тры дні - кажуць, пашанцавала.

На пункце пропуску ў Беняконях была аналагічная з Прывалкай сітуацыя, але там яе вырашылі самі памежнікі. Яны сталі запускаць машыны партыямі, а ў іншы час трымаць чаргу, перапісваць нумары ў ёй. «І можна спакойна адпачываць, не пераймацца, што цябе аб’едуць», — распавёў мужчына. У Прывалцы такога няма. Так кіроўцы і адпачываюць: «Адно вока спіць, другое глядзіць, ідзе калейка, ці не. Таму людзі вымотваюцца».

Калі зламалася сістэма з платнай чаргой

Адзін з кіроўцаў расказваў Sputnik.by, што ягоная фірма купіла пропуск на першачарговае перасячэнне мяжы за 1700 еўра для машыны. Пропуск афармляецца афіцыйна, праз Дзяржпамежкамітэт. Такі дакумент сапраўдны цягам года.

Сістэма з паскоранай, платнай чаргой перастала працаваць з канца мінулага тыдня. Хуткасць афармлення машын паменшылася настолькі, што перасталі паспяваць афармляць нават фуры з пропускамі, і з’явілася другая чарга. Зараз яна — 2−3 кіламетры. Чакаць перасячэння мяжы з пропускам даводзіцца 4−5 дзён, месяц таму такія машыны праходзілі мяжу за суткі. Фуры з чаргі без пропускаў зараз стаяць больш за два тыдні.

Дык хто вінаваты?

Больш падрабязнае і доўгае афармленне заўсёды з таго боку мяжы, куды накіроўваецца вялікагруз, патлумачыў кіроўца Hrodna.life. Зараз чаргу ў Прывалцы затрымліваюць літоўскія памежнікі, нягледзячы на тое, што выкарыстоўваюць электронныя дэкларацыі і працэс павінны займаць менш часу.

Побач з Прывалкай размешчаны Гожскі палігон, дзе зараз праходзяць расейска-беларускія вучэнні. У кіроўцаў з чаргі склалася ўражанне, што ў той час, як з боку палігона былі чутныя выбухі, памежнікі не прымалі машыны наогул. Увечары, калі ўсё сціхала, зноў пачыналі прымаць фуры на афармленне, распавёў Андрэй.

Чытайце таксама: Нярис, Помория, Клопия нападают на Союзное государство из Днепровии. В Минобороне рассказали про белорусско-российские учения

На літоўскім баку ў кірунку Беларусі таксама ёсць чарга. Праўда, каб перасекчы мяжу, у агульнай чарзе даводзіцца стаяць «усяго» двое сутак.

Досвед калег з Бераставіцы

Падобныя праблемы былі ў дальнабойнікаў у Бераставіцы, ужо на польскай мяжы. Там чаргу аб’язджалі праз суседні з пунктам пропуску гарадок Памежны. У ім стаяць забаронена, таму там чарга перарывалася і з’яўлялася магчымасць для падману і аб’езду. У выніку кіроўцы выйшлі на дарогу, каб самастойна рэгуляваць рух.

На дарозе арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. За пару гадзін кіроўцы здолелі разгарнуць каля 30 грузавікоў, і асноўная чарга пачала рух, пісаў «АўтаГродна». Аднаму з кіроўцаў сваякі прыгналі легкавік, на якім ён суправаджаў фуры і правяраў, каб яны не ўкліньваліся ў чаргу.

Чытайце таксама: Пропускают столько, сколько поляки запускают на свою территорию. На границе в «Берестовице» в очереди стоит более 530 грузовиков

Колькі фураў чакаюць выезду з Беларусі ў Еўразвяз

Паводле інфармацыі Дзяржпамежкамітэта на 16:00 18 лютага выезду з Беларусі ў Прывалцы чакалі 510 грузавых аўтамабіляў. З 14:00 чарга паменшылася там на 10 фур. У іншых пунктах пропуску ў Літву падобная сітуацыя: у Беняконях на 16:00 на выезд стаяла 660 вялікагрузаў, у Катлоўцы — 630, у Каменным Логу — 580, у Відзах — 250.

На мяжы з Польшчай у Бераставіцы выезду чакаюць 440 грузавікоў, у Казловічах — 850. Афармлення для выезду ў Латвію ў пункце пропуску Грыгораўшчына ў 16:00 чакалі 610 машын, ва Урбанах — 620.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024