Free walking tour — вольныя туры, дзе мясцовыя гіды даюць менш акадэмічнай інфармацыі і больш расказваюць пра горад, дзе яны жывуць. Зараз такія экскурсіі рэгулярна адбываюцца ў больш чым 20 еўрапейскіх гарадах. Цяпер яны з’явіліся і ў Гродне.

Экскурсіі арганізаваў Пшэмэк Кучыньскі. Ён прыехаў у Гродна з Польшчы па валанцёрскай праграме. Пра free walking tour ён даведаўся гады тры-чатыры таму. З таго часу наведаў больш за дзесяць эскурсій у многіх краінах Еўропы — і вырашыў арганізаваць іх у Гродне.

Free walking tour — гэта міжнародны рух. Ідэя ў тым, каб абслугоўваць індывідуальных турыстаў або невялікія групы знаёмых, якія падарожнічаюць індывідуальна і не карыстаюцца паслугамі турфірм ці традыцыйных экскурсаводаў. А горад наведваюць усяго на некалькі гадзін ці дзён. Такія экскурсіі накіраваныя на індывідуальны падыход да невялікай колькасці ўдзельнікаў, каб шпацыр быў камерны і праходзіў у камфортнай атмасферы.

— Мы не працуем з арганізаванымі групамі і турфірмамі. Самае галоўнае — кантакт паміж экскурсаводам — мясцовым жыхаром — і госцем з іншай краіны. Колькасць акадэмічнай інфармацыі, напрыклад, пра гісторыю горада ці архітэктуру, абмежаваная да неабходнага мінімуму. Гэта экскурсіі не скіраваныя да прафесараў універсітэтаў, а створаныя звычайнымі людзьмі для звычайных людзей, хаця і тымі, хто мае веды і моцна цікавіцца месцам, дзе жыве, — кажа Пшэмэк.

Ён расказвае, што былі заяўкі на ўдзел ад гродзенскіх экскурсаводаў, але ніводзін з іх не валодаў бегла англійскай або польскай мовай, а менавіта на гэтых мовах будуць шпацыры.

Што раскажуць падчас экскурсіі

Экскурсія будзе складацца з вялікага «традыцыйнага» кола па старым горадзе, якое ўключае каланчу, Стары і Новы замкі, Каложу, Гарадніцу, вуліцу Савецкую, драмтэатр. У планах — традыцыйныя для free walking tour тэматычныя маршруты. Напрыклад, па храмах Гродна. Экскурсіі скіраваны на турыстаў, якія наведваюць Гродна і Беларусь упершыню. Гродзенцы ж наўрад ці даведаюцца шмат новага. Такі фармат прадугледжвае пяць-дзесяць чалавек, максімальна — дзесяць-дваццаць.

У Гродне з'явіліся бясплатныя экскурсіі на замежных мовах. Іх арганізаваў валанцёр з Польшчы

22 чэрвеня прайшла першая экскурсія. У ёй паўдзельнічалі два чалавекі, якія даведаліся пра яе з каўчсёрфінгу.

Спачатку на тыдзень плануецца дзве экскурсіі на англійскай і адна на польскай мове.

— Калі будзе вялікая зацікаўленасць і мы будзем павялічваць колькасць, то ў першую чаргу з’явяцца чарговыя экскурсіі ў буднія дні. Я заўважыў, што для індывідуальных турыстаў Гродна рэдка бывае мэтай падарожжа, часцей пунктам на шляху да іншага месца. Большасць такога турыстычнага руху адбываецца ў буднія дні. Я зрабіў высновы, некалькі месяцаў назіраючы за парталам Couchsurfing, — кажа Пшэмэк.

Як далучыцца да праекта

Для прасоўвання праекта ініцыятары карыстаюцца сацсеткамі і сайтам каўчсёрфінгу. Супрацоўнічаюць з Free Walking Tour in Minsk. У планах улёткі, сайт, старонкі, якія прасоўваюць такія шпацыры па ўсім свеце, турыстычныя парталы і пашырэнне супрацоўніцтва з такімі ініцыятывамі ў Польшчы і Літве.

Між іншым, у праекта ёсць сваё лога. Гіды будуць апранацца ў вопратку з лога для рэкламы і каб гіда было лягчэй ідэнтыфікаваць на месцы сустрэчы. Традыцыяй і пазнавальным сімвалам многіх ініцыятыў Free Walking Tour з’яўляецца «фірмовы» парасон, які носяць з сабой у час шпацыру гіды.

У Гродне з'явіліся бясплатныя экскурсіі на замежных мовах. Іх арганізаваў валанцёр з Польшчы

Пшэмэк кажа, што поспехам будзе ўтрыманне хаця б мінімальнай наведвальнасці і стварэнне пастаяннай групы гідаў. Таму ён запрашае ў праект ініцыятыўных людзей. Важны не вялікі досвед, а жаданне пашыраць веды, адкрыты кругагляд і ўменне хутка знаходзіць кантакт з зусім чужымі, у тым ліку культурна, людзьмі.

Як гэта было ў Мінску

— Мы тры гады праводзім экскурсіі па Мінску на англійскай мове. У красавіку 2016 года мы пачалі, калі яшчэ не было бязвізавага рэжыму. Тады тур быў раз на тыдзень. У дадзены момант з чэрвеня ў нас па два-тры туры ў дзень. Прыходзяць па 30 чалавек у дзень, — расказвае Аліна Дзмітровіч з Free Walking Tour in Minsk.

Яна падкрэслівае, што гэта добрая магчымасць для гідаў папулярызаваць свае туры.

— Мне было вельмі радасна пачуць, што такі праект адкрываецца яшчэ ў нейкім горадзе Беларусі, тым больш у Гродне. Вельмі шмат людзей кажа, што едуць пасля Мінска ў Гродна, таму мы б з радасцю прасоўвалі вашы туры, — кажа Аліна.

Бліжэйшыя экскурсіі пройдуць у Гродне 23 і 26 чэрвеня. Сачыць за імі можна тут.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]