Людзі і справы

«Карані»: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам

Фотапраект «Карані» можна ўбачыць з 7 верасня ў Гродне ў зале па адрасе Кірава, 3. Тут Наталля Дораш прадставіла гледачам больш за 70 сваіх здымкаў. Гэтыя сюжэты яна збірала апошнія 10 гадоў у паездках па Гродзенскай вобласці: фатаграфавала «беларускія хаткі» і іх гаспадароў ва ўсе перыяды года. Чым натхняюць фатаграфку менавіта невялікія домікі і чаму цыкл фота прысвечаны гродзенскаму лекару Канстанціну Бялецкаму, яна распавяла Hrodna.life.

«Я толькі галінка на радавым дрэве…»

Наталля Дораш, фатаграфка, аўтарка фотапраекта «Карані»

«Я нічога не ведаю пра сваіх далёкіх продкаў, ніколі не бачыла сваіх дзядоў з боку бацькі і маці, якія сышлі з жыцця да майго з’яўлення на свет. Не ведаю, кім былі іх дзяды і прадзеды… я толькі галінка на радавым дрэве, карані якога схаваныя пад глыбокім пластом часу», — кажа Наталля Дораш пра ўласнае усведамленне сувязі пакаленняў.

З вышыні сваёй «галінкі» радавога дрэва яна распавядае пра «карані». Пра родны дом — праз мноства выяваў «хатак». Пра сямейныя сувязі - праз захапленне фатаграфіяй, якое прыйшло да яе ў спадчыну ад дзеда, урача і фатографа.

«Я нарадзілася і вырасла ў гродзенскім доме свайго дзеда, Канстанціна Бялецкага. Мяне атачалі яго рэчы. Сярод іх была вялікая карціна месяцовага вясковага вечара з хаткай ля невялікай рачулкі. Гэтую карціну дзед купіў для свайго будучага доктарскага кабінета, атрымаўшы пад’ёмныя грошы пасля заканчэння ваенна-медыцынскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Напісаў карціну малавядомы мастак Павел Брулаў - у ніжнім правым куце карціны ён паставіў свой аўтограф. Магчыма, ён сваяк Карла Брулава. Але не ў гэтым рэч».

«Гэтае палатно суправаджае мяне ўсё маё жыццё, я глядзела на яго з дзіцячых гадоў. Вясковы восеньскі пейзаж з поўняй, што ўзыходзіць, ніколі не надакучваў, — распавяла Наталля. — Менавіта гэты пейзаж надаў мне любоў да беларускай хаткі і відаў роднай прыроды. Я сама, адчуваючы духоўную містычную сувязь з маім дзедам, фатаграфую беларускія хаткі і сельскія пейзажы, якія так падабаліся яму».

Называў сябе беларусам

«Карціну, як сямейную рэліквію, збераглі ў час нямецкай акупацыі і ў пасляваенныя гады безграшоўя, калі была спакуса яе прадаць», — кажа Наталля. Але даражэй, лічыць яна, перадаць памяць наступным пакаленням, новым «галінкам» сямейнага дрэва.

Дзед Наталлі Дораш, Кастусь Бялецкі, з жонкай і дачкой. Фота з сямейнага архіву

«У нас захаваліся яго [дзеда, Канстанціна Бялецкага] пісьмовы стол, за якім я рабіла ўрокі і малявала, і невялікая срэбная шкляначка для алоўкаў з гравіроўкай аўтографаў яго калег. Што азначае на гэтай шкляначцы дата „12-VIII-1912“, я ніколі не даведаюся», — распавядае пра рэчы Наталля. А вось альбомы з фотаздымкамі, зробленымі дзедавым «грувасткім фатаграфічным апаратам», цікавілі яе з дзяцінства.

«Была б машына часу»

«Яшчэ ў дзіцячыя гады на гарышчы старога дзедава дома мы з братам знайшлі скрынку са шклянымі пласцінамі. На святло праглядаліся нейкія светлыя, як прывіды, постаці людзей у ваеннай форме. Мы бяздумна тапталі тады гэтыя «шкельцы» — яны храбусцелі пад нагамі і ператвараліся ў дробныя аскепкі. Гэта быў дзедаў архіў негатываў з фронту Першай сусветнай вайны.

Часам мрою, што калі б на машыне часу я трапіла ў Гродна ў 20-я гады мінулага стагоддзя, я б сустрэлася з дзедам Канстанцінам і папрасіла б у яго прабачэння за незахаваны фотаархіў. Папрасіла б закапаць яго ў пэўным месцы саду, каб адкапаць скарб, калі стану дарослай. Надрукавала б здымкі з гэтых негатываў і паказала б іх маім сучаснікам. Потым расказала бы дзеду пра яго ўнукаў і праўнукаў, парадавала б яго расповедам пра сваё захапленне фатаграфіяй, якая мне перадалася ад яго ў спадчыну…"

Выстава прысвечана дзеду

Машыны часу ў Наталлі Дораш няма. Ёсць толькі ўдзячнасць да продкаў, успаміны і фотаапарат, які дапамагае захаваць памяць пра карані - уласных продках і нашу агульную гісторыю. Таму і праект «Карані» фатаграфка прысвячае дзеду. У 20-я гады мінулага стагоддзя Канстанцін Бялецкі быў старшынёй беларускага таварыства «Наша хатка». Ён публічна прызнаваўся, што не ведае беларускай мовы, і на сходах гэтага таварыства прасіў дазволу гаварыць па-руску. Але калі Гродна ўвайшло ў склад Польшчы, то папрасіў запісаць у пашпарце, што ён беларус.

«Ад маёй галінкі на радавым дрэве з’явіліся таксама галінкі - мае дзеці, мае ўнукі, потым яны з’явяцца і ў іх. Трэба заўсёды памятаць, што ўвесь чалавечы род сілкуецца жыццёвай энергіяй ад каранёў сямейнага дрэва. Так ужо ўладкавана богам, — кажа Наталля Дораш. — Мая фотавыстава прысвечана дзеду Канстанціну. Мы ніколі не зможам існаваць без каранёў свайго роду, як не можа шчасна расці без кораня ніводнае жывое дрэва».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024