Фотапраект “Карані” можна ўбачыць з 7 верасня ў Гродне ў зале па адрасе Кірава, 3. Тут Наталля Дораш прадставіла гледачам больш за 70 сваіх здымкаў. Гэтыя сюжэты яна збірала апошнія 10 гадоў у паездках па Гродзенскай вобласці: фатаграфавала “беларускія хаткі” і іх гаспадароў ва ўсе перыяды года. Чым натхняюць фатаграфку менавіта невялікія домікі і чаму цыкл фота прысвечаны гродзенскаму лекару Канстанціну Бялецкаму, яна распавяла Hrodna.life.
“Я толькі галінка на радавым дрэве…”

“Я нічога не ведаю пра сваіх далёкіх продкаў, ніколі не бачыла сваіх дзядоў з боку бацькі і маці, якія сышлі з жыцця да майго з’яўлення на свет. Не ведаю, кім былі іх дзяды і прадзеды… я толькі галінка на радавым дрэве, карані якога схаваныя пад глыбокім пластом часу”, – кажа Наталля Дораш пра ўласнае усведамленне сувязі пакаленняў.
З вышыні сваёй “галінкі” радавога дрэва яна распавядае пра “карані”. Пра родны дом – праз мноства выяваў “хатак”. Пра сямейныя сувязі – праз захапленне фатаграфіяй, якое прыйшло да яе ў спадчыну ад дзеда, урача і фатографа.

“Я нарадзілася і вырасла ў гродзенскім доме свайго дзеда, Канстанціна Бялецкага. Мяне атачалі яго рэчы. Сярод іх была вялікая карціна месяцовага вясковага вечара з хаткай ля невялікай рачулкі. Гэтую карціну дзед купіў для свайго будучага доктарскага кабінета, атрымаўшы пад’ёмныя грошы пасля заканчэння ваенна-медыцынскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Напісаў карціну малавядомы мастак Павел Брулаў – у ніжнім правым куце карціны ён паставіў свой аўтограф. Магчыма, ён сваяк Карла Брулава. Але не ў гэтым рэч”.
“Гэтае палатно суправаджае мяне ўсё маё жыццё, я глядзела на яго з дзіцячых гадоў. Вясковы восеньскі пейзаж з поўняй, што ўзыходзіць, ніколі не надакучваў, – распавяла Наталля. – Менавіта гэты пейзаж надаў мне любоў да беларускай хаткі і відаў роднай прыроды. Я сама, адчуваючы духоўную містычную сувязь з маім дзедам, фатаграфую беларускія хаткі і сельскія пейзажы, якія так падабаліся яму”.
Называў сябе беларусам
“Карціну, як сямейную рэліквію, збераглі ў час нямецкай акупацыі і ў пасляваенныя гады безграшоўя, калі была спакуса яе прадаць”, – кажа Наталля. Але даражэй, лічыць яна, перадаць памяць наступным пакаленням, новым “галінкам” сямейнага дрэва.

“У нас захаваліся яго [дзеда, Канстанціна Бялецкага] пісьмовы стол, за якім я рабіла ўрокі і малявала, і невялікая срэбная шкляначка для алоўкаў з гравіроўкай аўтографаў яго калег. Што азначае на гэтай шкляначцы дата “12-VIII-1912″, я ніколі не даведаюся”, – распавядае пра рэчы Наталля. А вось альбомы з фотаздымкамі, зробленымі дзедавым “грувасткім фатаграфічным апаратам”, цікавілі яе з дзяцінства.
“Была б машына часу”
“Яшчэ ў дзіцячыя гады на гарышчы старога дзедава дома мы з братам знайшлі скрынку са шклянымі пласцінамі. На святло праглядаліся нейкія светлыя, як прывіды, постаці людзей у ваеннай форме. Мы бяздумна тапталі тады гэтыя “шкельцы” – яны храбусцелі пад нагамі і ператвараліся ў дробныя аскепкі. Гэта быў дзедаў архіў негатываў з фронту Першай сусветнай вайны.
Часам мрою, што калі б на машыне часу я трапіла ў Гродна ў 20-я гады мінулага стагоддзя, я б сустрэлася з дзедам Канстанцінам і папрасіла б у яго прабачэння за незахаваны фотаархіў. Папрасіла б закапаць яго ў пэўным месцы саду, каб адкапаць скарб, калі стану дарослай. Надрукавала б здымкі з гэтых негатываў і паказала б іх маім сучаснікам. Потым расказала бы дзеду пра яго ўнукаў і праўнукаў, парадавала б яго расповедам пра сваё захапленне фатаграфіяй, якая мне перадалася ад яго ў спадчыну…»
Выстава прысвечана дзеду
Машыны часу ў Наталлі Дораш няма. Ёсць толькі ўдзячнасць да продкаў, успаміны і фотаапарат, які дапамагае захаваць памяць пра карані – уласных продках і нашу агульную гісторыю. Таму і праект “Карані” фатаграфка прысвячае дзеду. У 20-я гады мінулага стагоддзя Канстанцін Бялецкі быў старшынёй беларускага таварыства “Наша хатка”. Ён публічна прызнаваўся, што не ведае беларускай мовы, і на сходах гэтага таварыства прасіў дазволу гаварыць па-руску. Але калі Гродна ўвайшло ў склад Польшчы, то папрасіў запісаць у пашпарце, што ён беларус.
“Ад маёй галінкі на радавым дрэве з’явіліся таксама галінкі – мае дзеці, мае ўнукі, потым яны з’явяцца і ў іх. Трэба заўсёды памятаць, што ўвесь чалавечы род сілкуецца жыццёвай энергіяй ад каранёў сямейнага дрэва. Так ужо ўладкавана богам, – кажа Наталля Дораш. – Мая фотавыстава прысвечана дзеду Канстанціну. Мы ніколі не зможам існаваць без каранёў свайго роду, як не можа шчасна расці без кораня ніводнае жывое дрэва”.
Чытайце таксама:














