Чытача Hrodna.life зацікавіла, якім чынам у дзіцячых садах выбіраюць фатографаў. «Чаму не мы выбіраем фатографа, а яго прапануе сад? Што яму з гэтага? Прапануюць фотасесіі дзяцей 3−4 разы на год, а самім не дазваляюць фоткаць», — паскардзіўся чытач у рэдакцыю. Hrodna.life паспрабаваў разабрацца ў гэтым пытанні.
Ці ёсць «мафія» фатографаў у дзіцячых садах?
«Як такой „мафіі“ ў садах няма, але з боку сапраўды так можа здацца з-за адсутнасці кандыдатуры [г.зн. не так шмат прафесіяналаў, якія спецыялізуюцца на гэтай тэме — Hrodna.life]», — пракаментаваў чалавек, звязаны з дашкольнай адукацыяй.
Па словах педагога, усе мерапрыемствы і спецыялісты звонку ўзгадняюцца і ўхваляюцца загадчыкам дзіцячага сада. «Мафіяй» можа стаць любы фатограф, які прынясе загадчыку свае прапановы і партфоліа. Пытанне ў тым, наколькі часта і шмат такія прапановы паступаюць у дашкольныя ўстановы і наколькі выгадная іх прапанова.
«Калі ты хочаш, каб тваё дзіця сфатаграфаваў іншы фатограф, пакуль не ўзгоднены з садам, гэта трэба ўзгадніць з адміністрацыяй. На такую размову трэба прынесці прыклады работ гэтага чалавека. Далей — як захоча адміністрацыя», — патлумачыў яшчэ адзін чалавек, блізкі да дзіцячых садоў Гродна.
Што з гэтага маюць сады
«Сады атрымліваюць працэнт. Фатографаў не ўзгадняе аддзел адукацыі, а яны наўпрост звязваюцца з садамі. Як і з заяўкамі на тэндар, загадчык разглядае лепшую і больш выгадную прапанову, — растлумачыў педагог. — Як правіла, гэтыя грошы ідуць на патрэбы сады, дзе няма фінансавай падтрымкі з боку бацькоў ці асобнага фінансавання ад аддзела адукацыі».
Чытайце таксама: Як перажыць тое, што дзіця ідзе ў дзіцячы сад
Не кожны фатограф зможа працаваць з дзецьмі
Педагог расказала, што за шмат гадоў працы ў розных садах прыходзілі розныя фатографы, але на пастаяннай аснове заставалася два-тры.
«Гэта не з-за мафіі і манаполіі, а таму што партфоліа фатограф можа прынесці добрае і дамовіцца аб добрым кошце, але па выніку фатаграфіі атрымліваліся жудасныя. У такіх выпадках загадчыкаў адмаўляе фатографам у далейшым супрацоўніцтве».
Спецыяліст лічыць, што не кожны фатограф можа справіцца з вялікай колькасцю дзяцей. Фотасесіі праходзяць у спартовай ці ў музычнай зале, заняткі знікаюць як у адмыслоўцаў, так і частка групавых. У залу прыходзіць група з дваццаці чалавек і кожнаму трэба растлумачыць: як сесці, што ўзяць. Зрабіць гэта трэба вельмі хутка і ў шуме.
«У груп ёсць „свой расклад“, хто за кім павінен прыйсці, але гэта ніколі не працуе, бо гэта праца з дзецьмі. Добра сябе паводзіць толькі першая група і недзе першых хвілінаў 10. Потым расклад груп „наслойваецца“ і ў зале знаходзяцца ўжо 40−50 чалавек. Не кожны фатограф спраўляецца», — патлумачыла педагог.
Запрашаюць і сваіх фатографаў
Сваіх фатографаў і відэааператараў на ранішнікі, забавы, дні нараджэння, выпускныя, бацькі заўсёды наймаюць самі. «У нас былі выпадкі, калі бацькі падыходзілі і ўзгаднялі „свайго“ фатографа з загадчыкам. Толькі здымкі ўжо адбываліся ў самой групе, не перарываючы чужы адукацыйны працэс».
Чытайце таксама: Шоўрум дзіцячай мэблі з масіва адкрылі ў Гродне
Як у дзіцячыя сады трапляюць спектаклі і іншыя забавы
— Учора нейкі спектакль дзецям рабілі. Недарагі, але платны. Незразумела хто. А можа ў майго дзіцяці фобія на клоўнаў або чырвоную хустку, але я ж не ведаю праграму. Як гэтыя людзі ўвогуле ў сад трапляюць? — спытаў чытач Hrodna.life.
«Са спектаклямі справы ідуць падобна, толькі тут ужо з’яўляюцца ўхваленыя і дасланыя спектаклі з аддзелаў адукацыі, дзе пралічаны ўсе грошы на выдаткі такога спектакля, пачынаючы ад арэнды памяшкання да зарплаты прыбіральшчыцы, якая павінна будзе гэтую залу памыць».
Спіс спектакляў дасылаюць з аддзела адукацыі і загадчык таксама выбірае, якія прадстаўленні пройдуць у садзе.
Таксама, паводле слоў педагога, арганізацыі прыходзяць напрамую ў сад. З імі загадчык асобна разглядае ўмовы, працэнт і саму праграму — і таксама вырашае, ці падыдзе дадзенае прадстаўленне дашкольнікам.
Усе флаеры з кароткім апісаннем спектакля знаходзяцца ў кожнай групе. Калі ў бацькоў узнікаюць пытанні па змесце, то яны могуць спытаць у выхавальнікаў або загадчыка. Як правіла, там ёсць нумар тэлефона, на які можна патэлефанаваць і ўдакладніць дэталі, калі ў вашага дзіцяці на нешта фобія.
— На якой падставе ляжаць флаеры ў заезджыя цыркі? А ў мясцовы Тэатр лялек не ляжаць?
«За час, што я працавала, да нас прыходзілі: з лялечнага тэатра, цырка, філармоніі, прыватнікі са сваімі прадстаўленнямі, студэнты, паказвалі мульцікі, урачы з навучальнымі прадстаўленнямі, мыльныя бурбалкі, інспектары ДАІ і многія іншыя, — гаворыць педагог. — Магчыма, прапановы з лялечнага тэатра не так часта паступаюць, яны не па ўзросце ці не выгадныя двум бакам».