Гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч у эміграцыі збірае старыя фотаздымкі Гродна. Адна з крыніц папаўнення калекцыі - сямейныя архівы. Іншая — пакупка фота на аўкцыёнах. Колькі каштуе такое хобі і што можна знайсці на інтэрнэт-пляцоўках?
Стаў калекцыянерам пасля знаёмства з Кастусём Шыталем
«Я ніколі не купляў фотаздымкі, бо мне іх заўсёды давалі. Але апошнім часам, калі я пазнаёміўся з Кастусём Шыталем [краязнаўца з Глыбокага, які зараз жыве ў Беластоку — Hrodna.life], я стаў набываць фотаздымкі на аўкцыёнах. То бок зараз мяне можна назваць калекцыянерам», — рассказаў Руслан Кулевіч.
Цана фота звычайна — € 16−20. Але яна можа расці ў залежнасці ад колькасці зацікаўленых. «Бывае, што фотаздымкі даходзяць да $ 100. Рэкорд быў $ 240 — фота зробленае з Фарнага касцёла на Сафійскі сабор».
Здымкі з Гродна знаходзіць нават у Канадзе
Самы дарагі фотаздымак, які набыў Руслан Кулевіч, каштаваў € 30 разам з дастаўкай. Апошнім часам ён набывае фотаздымкі з Канады. «Там у мужчыны ёсць нямецкія альбомы, якія той распрадае».
Нават у эміграцыі можна займацца Гродна і папаўняць калекцыю, лічыць Руслан і ставіць у прыклад Фелікса Варашыльскага.
Фелікс Варашыльскі — калекцыянер паштовак, гравюр і гістарычных дакументаў аб старым Гродне. Яго дзед Рыгор Варашыльскі быў гродзенскім лекарам у пачатку XX стагоддзя і валодаў будынкам на сучаснай вуліцы Васілька, 10.
Чытайце таксама: Калекцыя Кулевіча: паказваем і расказваем пра старыя фота Гродна, якія журналіст здабыў у выгнанні
«Чытачы шукалі на фота сваіх бабуль»
Першыя фотаздымкі, якія Руслан Кулевіч набыў на аўкцыёне — 1946 года. На іх бачна польскую школу № 2 на сучаснай вуліцы Валковіча. Таксама ёсць фота навучэнцаў школы.
«Я набыў, бо гэта гісторыя. Мала хто з гродзенцаў ведае, што там была пасляваенная польская школа. За ўсе фотаздымкі заплаціў дзесці € 20. На фотаздымках можа ўбачыць, як апраналася пасляваенная моладзь. Некаторыя нашыя чытачы нават шукалі сваіх бабуль і дзядуль на гэтых фотаздымках, бо яны там навучаліся».
Раней Кулевіч намагаўся не набываць пасляваенныя фота. «Зараз разумею, што і савецкія фота будуць рэдкасцю».
«Краязназнаўцы думалі, што гэта фоташоп»
Яшчэ адзін фотаздымак Руслан набыў на аўкцыёне за € 20. «Гродзенскія краязнаўцы думалі, што гэта фоташоп. Я набыў, баяўся, але гэта арыгінальны фотаздымак на ўездзе ў Гродна. Дзе дакладна невядома». На думку рэдакцыі Hrodna.life, гэты будынак мог знаходзіцца недзе ў раёне «Палестыны» — паміж чыгуначнай станцыяй «Ласосна» і сучаснай тытунёвай фабрыкай.
Пад фотаздымкам ёсць подпіс на нямецкай мове «Неабыякавае месца для мяне».
«Ён уланскі. Трэба вяртаць гэтую назву»
Адзін з фотаздымкаў зроблены ў першыя дні акупацыі Гродна нямецкімі войскамі падчас Другой сусветнай вайны. Ён зроблены з вуліцы Ліповай [сучасная Гарнавых — Hrodna.life]. На ім бачны разбураныя будынкі, нямецкую вайсковую тэхніку, а таксама Уланскі мост [сённяшні мост на Дарвіна — над вуліцай Гарнавых — Hrodna.life].
«Старажылы заўсёды казалі „Уланскі мост“. Я думаў: „Што за Уланскі мост?“. Але раней там была вуліца Уланская [сучасная Дарвіна — Hrodna.life] і мост называлі Уланскі. Зараз ніхто не ведае, што ў гэтага моста ёсць назва. А ён Уланскі, трэба вяртаць гэтую назву», — лічыць Руслан Кулевіч.