Больш за 70 прадстаўнічак бізнесу сабраў 12 кастрычніка ў Гродне бізнес-форум “Жанчыны, што змяняюць свет”. На ім прадставілі праграмы падтрымкі для жанчын і досвед паспяховых жаночых праектаў у бізнесе.

Калі страшна – гэта добра. Чаму варта сустракацца з калегамі
Зараз тыповы беларускі прадпрымальнік – мужчына. Іх большасць у малым і сярэднім бізнесе краіны. А вось сярод тых, хто збіраецца адкрыць свой бізнес, ужо пераважаюць жанчыны. Іх сярод ахвотных 63%. Каб падтрымаць іх бізнес на старце, банкі і вялікія кампаніі прапануюць фінансавую падтрымку, а трэнеры і коўчы – навучанне.
“Страхі на пачатку ўласнай справы маюць усе, – казала псіхолаг і коўч Алена Лугаўцова. – Проста ў нашай культуры мужчын вучаць не паказваць страхі, не абмяркоўваць іх публічна. А сярод жанчын больш прынята абмяркоўваць складанасці. Таму большасць гісторый пра страхі – менавіта жаночыя”.

Паводле Алёны, магчымасць распавесці пра свае апасенні на пачатку бізнеса – моцны бок жанчын. “Калі ты гаворыш, то ёсць магчымасць быць пачутай і атрымаць падтрымку. Напэўна, знойдзецца чалавек, што скажа: “Ведаеш, у мяне было таксама. Я гэта прайшла і магу табе дапамагчы”.
“У такіх праектах людзі знаходзяць сябе”
Пра некалькі такіх магчымасцяў расказала намесніца генеральнага дырэктара кампаніі Cocа-Cola Марына Бароўка.
“Нашы праграмы падтрымкі жанчын найперш для тых, хто працуе ў галіне вытворчасці арганічных прадуктаў ці рамесніцтве. Як правіла, гэта жанчыны з рэгіёнаў, прадпрымальніцы з аграрнай сферы. Ёсць таксама праграма для падтрымкі маладых жанчын. Яе зараз пратэставалі ў Мінску і таксама будзем пераносіць на рэгіёны”.

Праграмы падтрымкі жаночага бізнесу ад кампаніі Cocа-Cola існуюць ужо каля 10 гадоў. “У такіх праектах людзі не губляюцца, а знаходзяць сябе, – кажа Марына Бароўка. – Зараз многія з тых, што раней атрымалі дапамогу ці праходзілі навучанне ў нашых праектах, хочуць і самі дапамагаюць грамадству. За час працы склалася надзейная суполка жаночага бізнесу. Можа, яна пакуль не вельмі вялікая, але вельмі эфектыўная”.

Як выйсці з зоны камфорту і зрабіць крок наперад
На пачатку бізнеса кожны апасаецца паразы. Бо пайсці ў бізнес – гэта адмовіцца ад сталай працы з хоць невялікай, але стабільнай зарплатай і упэўненасцю ў заўтрашнім дні. “Тыя, хто вырашаюць ісці ў бізнес, не проста выходзяць з зоны камфорту, – зазначае Алена Лугаўцова. – Яны ідуць у невядомасць. А страх невядомасці заўжды ідзе поруч са страхам паразы. Там мноства “а што, калі?” і гэтыя сумневы маюць уласціваць памнажацца. Калі на пачатку бізнесу жанчына застаецца адна, ці ў атачэнні, якое не дае падтрымкі, яна, хутчэй за ўсё, не зробіць ніводнага кроку наперад. Таму для развіцця жаночага бізнесу вельмі важна стварыць супольнасць, праводзіць такія сустрэчы. На іх жанчыны могуць убачыць – мой страх не ўнікальны, так бывае з кожнай і ёсць жанчыны, што змаглі яго пераадолець”.

Паводле Алёны, першы крок у пераадоленні страхаў – рацыяналізацыя.
“Нашы страхі іррацыянальныя. Іх трэба рацыяналізаваць. Папросту – прапісаць на паперы усе магчымыя варыянты разіцця падзей. “Што я страчу, калі пачну” і “што я страчу, калі не пачну”, што я атрымаю ці не атрымаю, калі нічога не буду змяняць. “Самае важнае, вызначыць кошт дзеяння і бяздзеяння. Тады можна больш ясна ацаніць увесь расклад”.
Пра падтрымку ад Белаграпрамбанка расказала кіраўнічка карпаратыўнага дэпартамента банка Святлана Кончыц. “Зараз мы надаём вялікую ўвагу падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. І маю адзначыць, што прадпрымальніцтва з жаночым тварам выглядае вельмі канкурэнтаздольным. Жанчыны пачынаюць бізнес прадумана, узважана і без завышаных рызыкаў. Гэта бізнес, які зразумелы для інвестыцый і перспектыўны для падтрымкі”.
“Клуб моцных жанчын?”. У Гродне прайшоў круглы стол пра гендарныя стэрэатыпы і выклікі

Па статыстыцы, зараз сярод прадпрымальнікаў Беларусі большасць складаюць мужчыны. Іх больш у 2,5 разы. Тыповы беларускі прадпрымальнік мае 41 год і зарабляе 5,6 тысяч у месяц. Сфера яго занятасці – гандаль, нерухомасць, аўтамабілі і транспартныя паслугі. Тыповая жанчына-прадпрымальніца мае 44 гады, заразбляе 4,9 тысяч штомесяц і займаецца гандлем, нерухомасцю ці бухгалтарскімі паслугамі. Але супрацоўнікі банка заўважаюць, што цікавасць жанчын да бізнесу зараз расце.
“Зараз жанчын у бізнесе менш, таму гэта перспектыўная ніша. Як правіла, раней жанчыны працавалі на вялікіх прадпрыемствах, каторыя зараз скарачаюцца. Актыўнасць сыходзіць у сферу малога бізнесу, а тут жанчынам ёсць у чым сябе паказаць”.
Зараз назіраецца змяншенне цікавасці да гандлю, як асноўнага віду бізнеса, і ў банку прагназуюць росквіт “крэатыўнага прадпрымальніцтва”.
“Жанчыны дакладна разумеюць, што могуць прапанаваць рынку нешта сваё, ствараюць унікальныя прадукты і бізнес-мадэлі. Напэўна, за такімі жанчынамі – будучыня”, – мяркуе Святлана Кончыц.

Для Гродзенскай установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў адна з перспектыўных задач – падтрымка і развіццё ініцыятывы, дапамога ў прасоўванні праектаў, – казала кіраўнічка стартап-школы ў Гродне Таццяна Камендант. – Мы ўвесь час самі праводзім майстар-класы і сустрэчы з экспертамі, бізнес-анёламі, інвестарамі і прадпрымальнікамі. Удзел у жаночым бізнес-форумме стаў для мяне асабіста яшчэ адной магчымасцю сустрэцца з цікавымі і амбітнымі асобамі. Такія сустрэчы дапамагаюць у рэалізацыі сябе”.

Арганізатарка форума “Жанчыны, што змяняюць свет”, Таццяна Чысцякова, зазначае, што форум атрымаўся карысным і цікавым. Галоўная каштоўнасць сустрэчы, што ўдалося сабраць шмат зацікаўленых у развіцці бізнеса жанчын і шмат экспертаў, чыя падтрымка будзе патрэбна начынаючым прадпрымальніцам. У планах Таццяны Чысцяковай стварыць у Гродне “Акадэмію жаночага бізнесу”.
“Форум паказаў, што такая установа патрэбна, што жанчынам цікава гэтая сфера дзейнасці. Тыя, што сёння расказвалі пра свой досвед, пра свае поспехі і паразы, змогуць стаць экспертамі і кансультантамі для жанчын, што хочуць стартаваць у бізнесе зараз. Для жаночай акадэміі гэта будзе рэсурс дапамогі і падтрымкі”.
Таццяна Чысцякова: “Мяняць жыццё я пачала ўжо за 50”



