Яркі малінавы фудтрак «Пан Картофан» з’явіўся ў Гродне ў пачатку мая. Месца — паркоўка па вуліцы Віленскай, прама за ЗАГСам на Ажэшкі. Hrodna.life пакаштаваў конусную піцу, якой пакуль не сустрэць больш нідзе ў горадзе, і пагутарыў з адным з заснавальнікаў Дзмітрыем пра сакрэты бельгійскай бульбы і вялікія планы.
Каля фудтрака — пара столікаў і свой кантэйнер для смецця. З калонак грае музыка. Звыклае ў меню — хот-догі, але побач — бульба па-бельгійскі з каўбаскамі на грылі і пасыпкамі, яблыкі ў карамелі, конусная піца.
«У нас тры фермерскія гаспадаркі ў Гродзенскай вобласці, з якімі падпісалі дамовы, завезлі насенную галандскую бульбу, гатунак „Бенцье“, яго выкарыстоўваюць бельгійцы». Пакуль яна не вырасла, у ход ідуць запасы прывезенай бульбы. «Рэцэптура фірмовая, важная і сістэма нарэзкі, і сістэма прасмажвання. Класічная бульба невялікая — 0,7 -1 мм. Тут 15 мм, і хруст павінен заставацца, нават калі бульба ўжо халодная. Звычайны фры праз хвіліну-дзве ператвараецца ў анучу. Наш і праз 15 хвілін будзе хрумстаць», — захоплена тлумачыць Дзмітрый.
З калегам ён два тыдні прабыў у Брусэлі, сваякі дапамаглі выведаць рэцэпты ад вопытных кухароў. «Ніхто не хоча аддаваць сакрэты, а яны ёсць. Фішка ў тым, каб па баках бульба была ў хрумсткай абалонцы, а ўнутры — як пюрэ. Падыходзіць не любая».
У планах праекта — адкрываць цэхі тут і выходзіць на рынак Расіі, Польшчы, пастаўляць свой паўфабрыкат для бульбы-фры. Таксама будуць адкрываць аналагічны фудтрак у Бельгіі, рабіць там сумеснае прадпрыемства. «Канкурэнцыі не баімся. Мы не будзем паўтараць іх, мы завязем туды сваё. Менавіта нашу рэцэптуру: дранікі, мачанку, каўбасы. Чаму б не паказаць, што такое Беларусь».
Дзмітрый распрацоўваў меню, каб паказаць у Гродне тое, чаго тут не было, падарожнічаў, глядзеў. Кажа, што бізнэс — яго стварэнне. «Ставімся да людзей так, як хацелі б, каб ставіліся да нас: чалавек павінен атрымаць якасць, і здзівіцца чамусьці. Свет багаты, у праекце шмат цікавых страў».
«Меню будзем пашыраць. Напрыклад, бельгійскімі вафлямі па рэцэптуры не з інтэрнэту: бо пакуль яна дойдзе ад стваральніка, абрастае, як плёткі. А калі ледзь-ледзь адышоў - не будзе таго, што трэба».
З даступнага зараз Дзмітрый рэкамендуе «дыснэеўскія яблычкі» ў карамелі. «Яны рыхтуюцца на патацы, не алергенныя, там харчовы фарбавальнік і карамелька — для дзяцей. Калі быў у „Дыснэйлэндзе“, вырашыў, што калі будзе свой рэстаран або кафэ, я абавязкова іх увяду». Яблыкі купляюць у Гродне, але таксама павінен быць пэўны гатунак, яны павінны абпальвацца карамеллю: абы-якія не пасуюць.
Сярод ноў-хаў для горада — конусныя піцы. «Яны гатуюцца толькі з італьянскай мукі, на жаль, наша не пасуе, з мацарэлай, на аліўкавым алеі». Гэта тая ж італьянская піца, але мабільная, у конусе. «Для турыстаў зручна — узяў і пайшоў далей слухаць, які наш горад цудоўны». Пакуль ёсць тры віды піцы, збіраюцца ўводзіць новыя, дадаваць і салодкае, яблыкі. «Пра вегетарыянцаў будзем думаць, пакуль па просьбе можам адкарэктаваць склад, не дадаваць мяснога». Аб’ём порцыі пры гэтым застанецца той жа.
Многія бяруць аднаразовы відэлец, каб есьці конусную піцу, але апынулася — і без яго зручна. Адчуванне незвычайнае — як быццам ясі марозіва ў ражку, але на смак і па кансістэнцыі - піца. Цеста прапечана, не вельмі тоўстае, з-за формы сыр унутры не астывае, начынка застаецца сакавітай, хоць і не выцякае. Абед не заменіць, але для добрага перакусу падыдзе.
Зміцер адзначае, што месца дасталася няпроста. «Але трэба аддаць належнае мэру горада, ён вельмі сучасны. Улады самі былі ініцыятарамі сустрэчы з фудтракамі». Выслухалі і падтрымалі ідэю застацца ў цэнтры горада, хоць спачатку для вулічнай ежы хацелі вылучыць агульнае месца на левым беразе Нёмана. Лакацыі размяркоўвалі праз аўкцыён — па законе можна толькі так. Месца для «Пана Картофана» абышлося амаль у 4000 долараў. «Стацыянарнае кафэ — гэта вельмі добра. Там чалавек павінен прыйсці і пасядзець гадзіну-паўтары. І фудтракаў у Еўропе шмат, яны хуткія, сучасныя, яны для перакусу. Турысты да гэтага прывыклі».
Фудтрак не збіраецца мяняць месца падчас гарадскіх мерапрыемстваў і святаў. Графік працы — з 13 да 22, Зміцер кажа, пакуль гэта ў тэставым рэжыме, калі будзе попыт, будуць заставацца і да 24, і да дзвюх ночы. «Калі ўбачым, што сапраўды трэба, то можам працаваць і кругласутачна».
Трак зроблены на заводзе, спецыяльна пад праект, на сумесным амерыкана-нямецкім прадпрыемстве. Абшыўка і каркас авіяцыйныя. Фудтрак цалкам аўтаматызаваны, з кандыцыянерам, выцяжкай, падагрэвам падогі, якім Дзмітрый асобна пахваліўся. Для ўладальнікаў важна было стварыць камфортныя ўмовы для работнікаў. Усярэдзіне свабодна змяшчаюцца чацвёра. Недалёка ад фудтрака хочуць паставіць біятуалеты.
Фатаграфавацца Дзмітрый адмовіўся, каб пазбегнуць намоў. «Я раскручваю праекты і пераходжу да іншага бізнесу. У мяне і аўтасэрвіс, і салон прыгажосці. Я ведаю, як трэба рабіць перманентны макіяж. Кажуць, я ўніверсальны чалавек, разбіраюся ў тым, што мне цікава, але некаторыя знаёмыя лічаць, што калі ты і там, і там, то ты не можаш быць майстрам сваёй справы».
«Пакуль я не абкатаю справу і не ствару каманду, якая будзе рабіць тое, што павінна быць, я тут, працую разам з кухарамі», — кажа ён.
Да канструктыўнай крытыкі «Пан Картофан» ставіцца добра. «Хто ў Instagram дашле нам сапраўды вартую заўвагу або прапанову — яблычак у глазуры бясплатна».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…