Людзі і справы

Кветачка-сямікветачка стала маяком сяброўства. Як прайшоў Фестываль нацыянальных культур у Клайпедзе

Больш за 300 артыстаў на канцэрце, 180 удзельнікаў культурнай праграмы ў 100 павільёнах ад 15 дыяспар — гэта ўсё пра Фестываль нацыянальных культур. Але не ў Гродне, а ў Клайпедзе. Там ён прайшоў 26 траўня. Паўдзельнічалі ў ім і гродзенцы, якія жывуць зараз за мяжой. Рэпартаж з месца падрыхтаваў канал «Тётя Ира разрешила».

«Калі вось гэта ўсё заканчваецца і праходзіць нейкі час, ты разумееш, што быў часткай аднаго вялікага свята. І што гэта было ўсё агульнае, цэлае. Што мы сабраліся тут, каб кожны знайшоў сябе», — кажа пра фестываль Алена Буткявічэне, дырэктар Цэнтра нацыянальных культур пры Клайпедскім самакіраванні.

Яна адзначае, што свята сабрала шмат людзей розных нацыянальнасцяў і фестываль атрымаўся, як заўсёды, яркім і шматаблічным. «Але сёння ён асабліва такі напоўнены, — кажа Алена, — напоўнены культурай, музыкай, гукамі і - душой».

На фестываль нацыянальных культур прыехалі дыяспары з розных краін

Фестываль нацыянальных культур 2024 года сабраў людзей не толькі з розных гарадоў Літвы. Прыехалі на свята і прадстаўнікі дыяспар з-за мяжы.

Арменію прадстаўлялі госці з Эстоніі, Грузіі і нават ЗША.

«Армяне згуртаваныя вельмі, — расказвае пра сваіх землякоў Юра Петрасян. — Кажуць, дзе сустракаюцца двое армян, яны адразу будуюць сваю маленькую Арменію. Чаму мы такія? Напэўна, таму, што маленькая нацыя, дык мы стараемся быць бліжэй адзін да аднаго».

Юра жыве ў Клайпедзе 25 гадоў і расказвае, што армянская дыяспара ў Клайпедзе вялікая і прыкметная.

«Мы ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах удзельнічаем, ніводную падзею не прапускаем. І свае святы праводзім. У мінулым годзе праводзілі свята Вардавар, дзе па традыцыі ўсе абліваюць адзін аднаго вадой. Так робяць, каб змыць з блізкіх людзей усё дрэннае».

«Кожнаму чалавеку, з якім мне давялося сёння размаўляць, я глядзела ў вочы, і гэтыя вочы пацвярджалі мне, што, аб’ядноўваючы людзей розных нацыянальнасцяў, мы ўсё робім правільна. Сюды зляцеліся не толькі многія прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, але і людзі з розных гарадоў Літвы і блізкага замежжа. Так атрымалася свята, як наш агульны шэдэўр», — кажа Алена Буткявічэне.

«Украінская абшчына ў Клайпедзе зараз вялікая, — кажа Таня Юрчышын з рады абшчыны. — Шмат дзяцей, шмат для іх усяго арганізоўваем. Ёсць гурткі па ўкраіназнаўстве, па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, ёсць два танцавальныя класы, сёлета стварылі вакальную групу для падлеткаў».

Па словах Тані, украінцы ў Клайпедзе імкнуцца надаваць увагу і літоўскай культуры. Нядаўна на занятках дзеці вучылі вершы ўкраінскіх паэтаў у перакладзе на літоўскую мову.

«У дзяцей ёсць не толькі звычайныя ўрокі, але і экскурсіі, віктарыны, конкурсы па ўкраінскай мове і культуры. Імкнёмся ва ўсім шукаць крэатыўны падыход». Магдалена Піклапс 25 гадоў узначальвала нямецкую абшчыну ў Клайпедзе. Цяпер кіраўніком стаў яе сын. «Мы зарэгістравалі абшчыну ў 1989 годзе. Нас было каля 800 — раней гэта быў нямецкі край. Потым, калі дазволілі ехаць у Нямеччыну, большасць з’ехала. Сем’ямі з’яжджалі - бацькі, дзеці і ўнукі». Тыя, хто застаўся, падтрымлівалі нямецкія традыцыі ў Клайпедзе.

Тут ёсць свая нямецкая гімназія, а да нядаўняга часу выпускалі сваю газету.

«Татар у Літве шмат, у Клайпедзе каля 100. Мы імкнёмся захаваць сваю культуру і традыцыі. Збіраемся, спяваем татарскія песні», — распавяла Фаціма.

«Азербайджан паказвае на фестывалі свае традыцыі праз нашае адзенне, нашу кухню і наша каханне. Для гасцей фэсту рыхтуем долму і плоў», — кажа прадстаўніца дыяспары, паказваючы гасцям свой павільён.

«У беларусаў у Клайпедзе няма супярэчнасцяў з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Для нас зараз галоўнае, каб у асяроддзі беларусаў было адзінства», — кажа Наташа. Яна жыве ў Клайпедзе ўжо шмат гадоў і адзначае, што пасля 2020 года «новая» і «старая» дыяспары не заўсёды могуць зразумець адзін аднаго. Амаль адзінае, з чым няма пытанняў - гэта агульная культура і нацыянальныя традыцыі. На фестывалі абедзве часткі дыяспары знаёмілі з імі гасцей.

Кветка, які квітнее раз на год

«І фестываль, і Цэнтр нацыянальных меншасцяў створаны, каб аб’ядноўваць людзей, дапамагаць ім сваю дзейнасць весці», — кажа Алена Буткявічэне. Пра гэта ж гаворыць і сімвал фестывалю — клайпедская кветка-сямікветка.

«Гэтая кветачка — гэта сімвал наш. Яго стварылі гадоў шэсць ужо таму як сімвал нашага свята. Пялёсткі кветачкі - арнаменты розных нацыянальнасцяў, як кветка-сямікветкі. А ў сярэдзіне ўкладваем тое, пра што фестываль гэтага года. У мінулым годзе ён быў прысвечаны стагоддзю далучэння Клайпедскага краю да Літвы. У гэтым — году маякоў».

Аб’яднаць усіх у год маякоў

Да фестывалю рыхтуюцца не толькі арганізатары, але і дзеці з Клайпеды. У год маякоў для школьнікаў арганізавалі экскурсіі на ўсе найбліжэйшыя маякі, а да фестывалю правялі яшчэ і конкурс малюнкаў і вырабаў, прысвечаных маякам.

«Мы ездзілі да кожнага маяка, усе прыступкі прайшлі, куды нас пускалі, а дзе не пускалі - проста фатаграфавалі. Мы хацелі, каб дзеці не толькі за партамі пра маякі пачулі, але і спазналі іх ужывую. Таму іх працы і атрымаліся такімі яскравымі».

Па словах Алены, маяк як сімвал вельмі сугучны ідэі Фестывалю нацыянальных культур. Фестываль аб’ядноўвае ўсіх, і яго энергія свеціць усім, як агонь маяка, на які можна арыентавацца, каб не разбіцца аб скалы.

«У нашым фестывалі сёння ўдзельнічаюць армяне і азербайджанцы, украінцы і рускія. Мы разумеем, як гэта для іх можа быць цяжка. Нам таксама ад гэтага цяжка, але мы разумеем, як важна ў такой сітуацыі дапамагчы людзям не закрыцца. Калі пачалася вайна, нашы абшчыны неяк зачыніліся, як ракавінкі. І мы таксама перажывалі - як жа будзе? Але ўсё ж зрабілі фестываль у 2022 годзе. Я вельмі ўдзячная людзям, якія падтрымалі і сказалі: „Так, гэта трэба рабіць“. Бо толькі мірнай мовай культуры можна аб’ядноўваць людзей».

«Рускія і ўкраінцы, Азербайджан і Арменія — людзі ў нас вераць і ведаюць, што дрэнна не будзе. А чаму? Таму што мы гэта робім разам».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024