Камінары, ці трубачысты, з Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы з 7 па 9 верасня правялі першы ў Беларусі прафесійны фестываль. Яны сабраліся, каб падзяліццца досведам і распавесці аб сучасных тэхналогіях і падыходах у камінарскай працы. А таксама пра тое, ад адрадзіць справу і данесці яе важнасць да спажыўцоў.
Зараз прафесіі камінара нават няма ў афіцыйным пераліку прафесій! Але ж коміны, незважаючы на тое, ёсць і патрэба ў іх абслугоўванні таксама нікуды не знікла.
Сёння сапраўдны камінар - гэта прафесіянал з глыбокімі ведамі ў сваёй справе і ў змежных галінах, кажа кіраўнік абасобленага падраздзялення трубачыстаў Рускага пячнога таварыства Яўген Кудымаў.
«Прафесійны трубачыст павінен ведаць фізіку і хімію гарэння, нарматывы па будаўніцтве і абслугоўванні печаў, дакументы па газе і вентыляцыі, валодаць тэхналогіямі ачышчэння дымавых і вентыляцыйных каналаў».
Па словах Кудымава, яго асабісты набор інструментаў для працы каштуе каля 5 000 еўра. І гэта зусім не раскоша, а хутчэй норма ў прафесіі. Камінару патрэбна ратацыйная сістэма для ачышчэння труб даўжынёй да 30 метраў, анемометры, пірометры, цеплавізар, эндаскоп, гнуткія валы, вяроўкі і нават прафесійнае абсталяванне прамысловага альпініста. Не менш за інструменты, меркаваннем Яўгена, патрэбны і сучасныя веды. Таму каля паловы прыбытку ён штогод траціць на інструмент і павышэнне ўласнай кваліфікацыі. Тлумачэнне такіх вялікіх укладанняў простае: «Працую на вышыні і ў складаных умовах. А гэта ратуе жыццё».
Яўген распавёў, што некалькі разоў на год удзельнічае ў розных семінарах і курсах у сваёй краіне і за мяжой. Такія навучальныя мерапрыемствы часта сумяшчаюцца з прыгожымі тэатралізаванымі парадамі трубачыстаў. А гэта — найлепшы спосаб паказаць людзям, што трубачысты існуюць і гатовы аказаць спажыўцам патрэбныя паслугі.
Сёлета Яўген наведаў штогадовы фестываль камінараў у Італіі, зараз госціць у Беларусі, а ў лістападзе збіраецца наведаць парад камінараў у Румыніі.
Калега Яўгена, старшыня Расійскай нацыянальнай гільдыі трубачыстаў Павел Самадзелаў, распавёў, што ў Расіі трубачыстаў рыхтуюць разам з персаналам, што абслугоўвае газавае ацяпляльнае абсталяванне, альбо на курсах для печнікоў. Прафесія трубачыста робіцца ў Расіі ўсё больш запатрабаванай і прыносіць добры прыбытак. Складанасць сітуацыі ў тым, што дзейнасць не падлягае ліцэнзіраванню, і з’явілася шмат «чорных» трубачыстаў.
«Заўжды заклікаю і буду заклікаць калегаў выходзіць з цені. Таму што „за дзяржаву крыўдна“. Я вучуся, асвойваю новыя тэхналогіі і патрабаванні, а за маёй спіной нехта працуе па-чорнаму і адбірае мой хлеб. А потым мяне клічуць за імі перарабляць. Часам такога наробяць, што незразумела, як увогуле тое абсталяванне пасля іх працавала».
Адзін арганізатараў фестывалю, гродзенскі пячнік і камінар Дзяніс Бабіна кажа, што досвед калег з Расіі вельмі важны, бо ў змене нарматыўных патрабаванняў Беларусь часта пераймае практыку адтуль. Зараз у нашай краіне таксама адменена ліцэнзіраванне дзейнасці печнікоў і камінараў, а ў Гродзенскім рэгіёне больш няма ніводнай навучальнай установы, дзе рыхтуюць печнікоў. Па словах Дзяніса, большасці застаецца проста пераймаць досвед у адмыслоўцаў. Ён і сам вучыўся прафесіі ад бацькі-печніка. «Спачатку гліну мяшаў, раствор падносіў, так патроху вучыўся пячной справе».
Дзяніс працуе печніком і камінарам ад 2012 года і праблемы недабрасумленнай канкурэнцыі, пра якія казалі калегі, ведае таксама. «Ёсць майстры высокага ўзроўню, а ёсць такія, што ад слова ўзровень стаяць далёка». Праз тое Дзяніс і прыкладае высілкі, каб аб’яднаць беларускіх камінараў і выпрацаваць стандарты прафесіі.
«Многія людзі хочуць працаваць у гэтай прафесіі, але не ведаюць як. Спадзяюся, што нам удасца стварыць таварыства ці аб’яднанне беларускіх камінараў, каб прадстаўляць сваю працу».
Пра тое, што вырашаць сітуацыю прыдзецца самім камінарам, казаў у выступе і начальнік аддзела надзору і прафілактыкі Гродзенскага ўпраўлення МНС Андрэй Міхальчанка. Зараз эканоміка краіны ўсё больш лібералізуецца і для многіх відаў дзейнасці адменены ліцэнзіі.
Гэта робіць больш лёгкім уваход у прафесію для тых, хто не мае працы і шукае сваю нішу на рынку. На змену кантролю з боку дзяржавы мае прыйсці самарэгуляванне ў прафесійнай супольнасці. Што да супрацы з МНС, то Міхальчанка прапанаваў мясцовым камінарам разам з інспектарамі МНС ўдзельнічаць у працы камісій, што правяраюць аб’екты і пры патрэбе прапаноўваць спажыўцам свае паслугі.
Камінары з Польшчы распавялі, што ў іх краіне прафесія застаецца запатрабаванай і пачэснай ад канца 18 стагоддзя. А каб прыйсці ў прафесію, трэба вучыцца ў майстра-камінара 6 гадоў.
Спачатку тры гады, каб стаць чаляднікам — памочнікам майстра. Потым — яшчэ тры гады, каб мець права называцца майстрам-камінарам. Кожны этап навучання сканчаецца трыма экзаменамі - практычным, каторы здаецца тры дні і двума тэарэтычнымі - пісьмовым і вусным. Выпускінікі вышэйшых навучальных установаў са спецыяльнасцю ацяпленне і вентыляцыя таксама могуць стаць майстрамі-камінарамі. Ім трэба вучыцца ў майстра толькі год і пасля гэтага здаць экзамены.
Большасць камінараў у Польшчы — прыватнікі, што маюць фірмы да трох чалавек. Для такіх маленькіх прадпрыемстваў там ёсць падатковыя ільготы. Польскія камінары таксама кажуць, што якасць працы рэгулюецца найперш прафесійнай супольнасцю. Вялікая частка камінараў тут аб’яднана ў дабраахвотнае таварыства «Краёва ізба камінараў» («Дзяржаўная палата камінараў»). Толькі ў Варшаўскім аддзяленні аб’яднання налічваецца каля 100 сябраў.
«Мы стварылі такое аб’яднанне, дзе ёсць старшыня і аддзел кантролю. Калі камінар працуе кепска і на яго ёсць скаргі, то спажыўцы могуць звяртацца да нас, каб дапамаглі разабрацца. Зразумела, што аб’яднанне можа ўздзейнічаць толькі на тых, хто ў нашых шэрагах. Інакш няма ніякіх магчымасцяў уплыву», — расказала адзіная на фестывалі жанчына-камінар Сільвія Матусяк з Варшавы.
Яна працуе чаляднікам у майстра-камінара і рыхтуе дакументы аб выкананых работах для замоўцаў. Працы, з яе словаў, шмат і яна вельмі адказная. Бо дакументы ад камінара патрабуюцца і пры прыёмцы пабудаваных памяшканняў, і пры перыядычным кантролі шматпавярховікаў ці прамысловых аб’ектаў.
Супрацоўнічаюць польскія камінары не толькі з дзяржавай, але і з рэлігійнымі ўстановамі. Перад пачаткам ацяпляльнага сезону аб’яднанне рассылае ў храмы ўсіх канфесій інфармацыйныя лісты. І часта святары зачытваюць іх падчас набажэнства. А для больш шырокага інфармавання грамадства ўвосень праводзіцца штогадовая акцыя «Запрасі камінара».
Сустрэча з камінарам лічыцца добрай прыкметай у многіх краінах. Іх нават адмыслова запрашаюць на вяселлі, каб пажадаць шчасця маладым. Побач з фестывалем камінараў на сядзібе якраз адбывалася вяселле гродзенцаў Іллі і Ганны Кузмянок. То ім пашчасціла атрымаць віншаванні ад камінараў адразу з чатырох краін. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, пра якую раскажам у наступным рэпартажы.
Мерапрыемства арганізавана
Пячным таварыства Беларусі «БелПО»
пры падтрымцы:
— генеральнага спонсара «Корпорация К Два» г. Гродна
-ААТ «Белвент»
— Студыя Пячного Дызайна г. Масква
— Пячнога цэнтра г.Мінск
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…