Субкультура «Р’ёдан» з’явілася ў беларускім інфармацыйным полі раптоўна — і гэтаксама хутка можа знікнуць. З аднаго боку яна выразна адпавядае сённяшняму часу, з іншага — у ёй не так шмат новага, у параўнанні з субкультурамі мінулага. Яе агрэсіўнасць — прыкмета часу і індыкатар стану грамадства. Пра тое, чаму «ПВК Р’ёдан» прыцягнуў да сябе столькі ўвагі і наколькі яна апраўдана, Hrodna.life пагаварыў з экспертамі: псіхолагам, культуролагам і контркультурным актывістам.
Навошта моладзі субкультуры
Субкультуры існавалі заўсёды. Гэта спосаб адчуць сябе сваім, прыналежным да «зграі», але пры гэтым сепаравацца, аддзяліцца ад большасці, расказаў для Hrodna.life псіхолаг, імя якога мы не называем у мэтах бяспекі. «Менавіта таму гэта субкультуры, у процівагу культуры масавай, элітарнай, ці яшчэ нейкай».
У большай ступені, чым усе астатнія, субкультурамі захапляюцца падлеткі. Менавіта для гэтага ўзросту характэрная патрэба адчуць сваю ідэнтычнасць і адрознасць ад іншых. Пры гэтым захоўваецца высокая ступень арыентацыі на соцыум і жаданне належаць да супольнасці. Якраз гэта і даюць субкультуры.
Агрэсія ў субкультурах — маркер стану грамадства
Далёка не ўсе субкультуры агрэсіўныя, падкрэсліў псіхолаг. «Пераважная большасць з іх цалкам мірныя і канструктыўныя, могуць даваць магчымасць развіваць як нейкія спецыфічныя навыкі, так і сацыяльныя». Яны трансфармуюцца ў агрэсіўныя, а тыя ў сваю чаргу атрымліваюць прызнанне і развіццё, калі для гэтага ёсць пэўныя ўмовы.
Так здараецца, калі ў грамадстве назапашваецца псіхалагічнае напружанне, якому не даюць выйсця — узнікае псіхалагічны ціск на людзей. Гэта можа быць прэсінг як нявызначанасці, так і канкрэтнай пэўнасці, напрыклад палітыкі ўлады ў падаўленні іншадумства, патлумачыў спецыяліст. Дадатковы ўзмацняльны фактар — гэта легалізацыя агрэсіі ўлады ў грамадстве, калі яна дэманструе агрэсіўныя паводзіны, пры гэтым забараняе іх іншым. Недзе гэта вайна, недзе — рэпрэсіі.
«У такой сітуацыі для выхаду гэтага напружання могуць узнікаць розныя (і мы іх назіраем) неканструктыўныя спосабы — агрэсія ў дачыненні да жывёл, да больш слабых, самапашкоджанні, злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі да іншыя».
Адным з такіх спосабаў можа быць рост субкультур і трансфармацыя іх у агрэсіўныя. «Яны робяцца своеасаблівым спускавым клапанам для скіду сацыяльнага напружання і дэманструюць яго рост у грамадстве».
Чаму «Р'ёдан» узнік так раптоўна
Субкультуры ўзнікаюць увесь час. Менавіта гэтая субкультура прыцягнула да сябе ўвагу праз кантэкст і затрыманні, мяркуе культуролаг, каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка
У «даінтэрнэтаўскую» эпоху такі феномен, як ПВК «Рёдан», быў немагчымы банальна праз адсутнасць тэхнічных магчымасцяў, заўважае Ігар Банцэр, музыка, заснавальнік ліквідаванага ў 2021 годзе «Гродзенскага рок-клубу».
«У XXI стагоддзі, дзе моладзь большасць часу праводзіць у „віртуальнай рэчаіснасці“, нічога дзіўнага няма ў тым, што аб’яднанне вакол нейкай ідэі займае вельмі мала часу. Асабліва, калі мы кажам не пра стварэнне нейкіх глабальных арганізацыяў ці сетак, а пра банальную сходку ў сваім горадзе ў акрэсленым месцы і часе».
Музыка прапануе не ідэалагізаваць гэты рух і не надаваць яму залішняй увагі. «Зараз тэма гарачая, але праз некалькі тыдняў пра яе забудуць і мы будзем абмяркоўваць нешта іншае, больш актуальнае».
Тусоўкі ў гандлёвых цэнтрах замест «выхавання вуліц»
Феномен тусовак у гіпермаркетах даследавалі амерыканскія сацыёлагі ўжо з сярэдзіны 1990-х гадоў. «Цэлы пласт заходняй культуры прысвечаны таму, як моладзь бавіць час у шопінг-молах з-за адсутнасці перспектываў у жыцці і сэнсоўных альтэрнатыў з боку дзяржавы», — кажа Ігар Банцэр. Калі бацькі ўвесь час занятыя на працы і не маюць часу на выхаванне, пазбаўленая ўвагі моладзь сама шукае сабе забаву.
«У старыя часы гэта называлася „выхаванне вуліцы“ ці „вулічнае выхаванне“. Зараз жа, з прыходам глабальнай капіталістычнай, або мейнстрымавай культуры да нас [у постсавецкі свет — Hrodna.life], такім месцам сталіся вялікія і не толькі гандлёвыя цэнтры, шопінг-молы і гэтак далей».
Гандлёвыя цэнтры ў сучаснасці робяцца месцам сустрэч і баўлення часу для гараджан і для моладзі ў прыватнасці - так званым «трэцім месцам» паміж домам і працай або школай.
«Сустрэчы» ў гандлёвых цэнтрах — натуральны працэс развіцця моладзевага актывізму ў эпоху татальнага раз’яднання і разрываў сацыяльных сувязяў, мяркуе Банцэр. «Моладзь збіраецца ў „гурткі па інтарэсах“, пачынаюцца нейкія канфлікты (не абавязкова на ідэалагічнай глебе!) і ў выніку атрымліваем вось гэтыя „сустрэчы“».
Чаму для боек аб’ядналіся «мірныя» анімэшнікі
«Бойкі паміж прадстаўнікамі розных моладзевых субкультур былі і, на маю думку, застануцца нечым штодзённым. У сітуацыі з ПВК „Р'ёдан“ выклікае здзіўленне колькасць удзельнікаў і тое, што гэта „анімэшнікі“, якія заўжды лічыліся найбольш мірнай бесканфліктай групай», — кажа Банцэр.
Справа не ў знешнім выглядзе, назве ці віду анімэ або музыкі. Гэта больш глыбокі сацыяльны працэс, чым проста чарговая бойка пакрыўджаных маладзёнаў, мяркуе Банцэр. Ён паказвае, што грамадства — больш складаны арганізм, чым таго б хацелася палітыкам. «Без рэальных мераў падтрымкі, дзейных сацыяльных праграм, моладзевых праектаў крызісныя з’явы будуць толькі паглыбляцца, а сітуацыі, такія як з ПВК „Р'ёдан“, будуць паўтарацца».
Ці ёсць у Беларусі «ворагі» «Р'ёдана»
Беларускі «каляфутбольны» рух скончыўся пасля Еўрамайдану ва Украіне ў 2014 годзе, лічыць Ігар Банцэр. «2015 год быў апошнім годам, калі рэшткі рэальных аўтарытэтных ОФ-нікаў вычысціў ГУБАЗіК, шмат хто атрымаў розныя тэрміны. Тое, што зараз называюць „ОФ-рухам“ — проста некалькі маладзёнаў, што спрабуюць імітаваць заходнееўрапейскую хуліганскую субкультуру». Тое самае датычыцца і скіноў. Рух даўно ў заняпадзе — і антыфашыстаў, і правых/неанацыстаў.
Канфлікты «р'ёданаўцаў» з мігрантамі не мусяць мець ідэалагічнага складніку, а могуць быць праявай ірацыянальнай агрэсіі да таго, хто выглядае інакш ці банальнымі побытавымі канфліктамі, мяркуе Банцэр.
Гвалт — сімвалічная прыкмета часу
Тое, што падлеткі пераймаюць вобраз не станоўчых герояў, а антаганістаў, пры чым звязаных з гвалтам, ды яшчэ і называюць сябе прыватнай вайсковай кампаніяй (чаго няма ў «Hunter X Hunter»), культуролаг Вадзім Мажэйка бачыць сімвалічнай прыкметай часу.
«Гэтая абрэвіятура [ПВК] узнікла акурат на тле канфлікту ва Украіне і папулярызацыі тэмы гвалту і прыватных вайсковых кампаній. Пры тым, калі верыць інфармацыі гэтага дзвіжу ў Расіі, выглядае, што гэта акурат спроба анімэшнікаў абараніць саміх сябе ад мясцовай расійскай гапаты, самаарганізавацца і адказваць гвалтам на гвалт».
Гэта таксама каларытная прыкмета часу — калі моладзь не верыць, што нехта іншы можа яе абараніць, мяркуе культуролаг. Наадварот, лічыць нармальным браць гвалт у свае рукі, прыватызаваць яго.
«Распаўсюд культуры гвалту, у тым ліку для абароны — сумная прыкмета часу, бо сумныя часы, часы гвалту таксама нараджаюць гвалт і ў культуры».
У Беларусі першыя затрыманні падлеткаў у сувязі з планаванай «сустрэчай» «Р'ёдан» у гандлёвым цэнтры адбыліся ў Гомелі 28 лютага. З 200 затрыманых 183 былі непаўнагадовымі. Была ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У наступныя два дні ў Брэсце затрымалі больш за 50 чалавек, у Мінску — каля 80. Затрыманні былі і ў Гродне, хоць анансаваная ў Triniti «сустрэча» і не адбылася.
Настаўнікі і інспектары па справах непаўнагадовых дзяжурылі ў гандлёвых цэнтрах горада. У тэматычных суполках падлеткі пісалі, што міліцыя не дае нават дайсці да ГЦ — адразу правярае тэлефоны. Гродзенская міліцыя адсправаздачылася, што тлумачэнні і бацькоўскія сходы правялі ва ўсіх 310 школах і 35 сярэднеспецыяльных вучылішчах вобласці. Знайшлі больш за 30 актыўных карыстальнікаў суполак у сацсетках, прысвечаных «Р'ёдану» і з кожным правялі прафілактычную гутарку.
Хто больш небяспечны — «Р'ёдан» ці сілавікі?
Пакуль «Р'ёдан» у Беларусі - хутчэй культурны феномен, мяркуе Мажэйка. Моладзь гэтым хутчэй цікавіцца, а не здзяйсняе злачынствы. Пакуль невядома ні пра адно канкрэтнае злачынства, здзейсненае тут прадстаўнікамі «ПВК Р’ёдан».
«Мы ведаем толькі пра затрыманні. Таму прынамсі пакуль гэта [больш] сведчыць пра нервовую рэакцыю саміх сілавікоў, чым пра нейкую рэальную небяспеку», — растлумачыў Мажэйка. Паводле інфармацыі ад затрыманай моладзі, яны прыйшлі на анансаваныя сустрэчы хутчэй паглядзець, што будзе адбывацца.
Чаму ўлады так жорстка рэагуюць
Пасля Еўрамайдану ва Украіне 2014 года падавалася, што беларуская дзяржава ўзяла пад кантроль усе больш-менш аўтаномныя субкультуры ў моладзевым асяроддзі, успамінае Ігар Банцэр.
«Аднак 2020 год паказаў, што тыя ж парэшткі футбольных хуліганаў спрабавалі надаць пратэсту больш моцны, агрэсіўны складнік. Таму няма чаго здзіўляцца, што зараз, на трэці год палітычнага крызісу, улады падаўляюць кожную моладзевую актыўнасць, непадпарадкаваную „лініі партыі“».
Кожная дзяржава спрабуе кантраляваць як мага больш сфераў жыцця сваіх грамадзян. Моладзь — адна з найбольш мабільных і актыўных групаў, якая лёгка прымае розныя ідэі. Таму моладзевыя рухі - відавочная пагроза для такога аўтарытарнага рэжыму, як беларускі.
«Высновы будуць зробленыя і праца па выяўленні нефармальных груповак, такіх як ПВК „Рёдан“, на пачатковым этапе будзе ісці больш актыўна, — мяркуе музыка. — ГУБАЗіК быў створаны між іншым для таго, каб змагацца з такой анамальнай актыўнасцю». Пры гэтым нельга выключаць і тое, што падобныя сітуацыі яшчэ будуць здарацца ў будучыні. «У век інтэрнэту кантраляваць усіх і ўсё немажліва, а моладзь заўжды шукае выйсце для сваёй энергіі, хай не заўжды канструктыўнымі метадамі».
У Беларусі баяцца любой самаагранізацыі
Рэакцыя на «Р'ёдан» ва Украіне зразумелая: пад час вайны напружвае любая інфармацыя пра «прыватную вайсковую кампанію», тым больш, калі гэтая культура ідзе з Расіі, мяркуе Вадзім Мажэйка. У беларускім выпадку сілавікі баяцца любой некантраляванай самаарганізацыі грамадзян, асабліва моладзі, асабліва, калі гэта патэнцыйна звязана з гвалтам.
«[Беларускія сілавікі] затрымліваюць немаведама за што, прымяняюць звыклыя метады, перашкаджаюць збірацца ў звыклых месцах, забіраюць у школах тэлефоны, прымушаць затрыманых стаяць на каленях, хоць не даказаны ніякія злачынствы. Тыповы палітычны арсенал супраць ніяк не звязанай з палітыкай моладзі».
«Злачынствы сілавікоў выглядаюць куды больш відавочнымі, чым нейкія выдуманыя злачынствы нейкай хутчэй за ўсё такой жа выдуманай „ПВК Р’ёдан“», — зазначыў культуролаг.
У Расіі сілавікі ў «ПВК Редан» «выразна ўбачылі след замежных куратараў», расказалі на беларускім тэлебачанні. Такім чынам «закладваюцца асновы для кіравання баявымі групамі», заявіў у эфіры расійскі палітолаг Аляксандр Бяляеў.
У Беларусі боек з удзелам прыхільнікаў «Р'ёдан» не было. Але ад бацькоў школьнікаў патрабуюць падвышанага кантролю за дзецьмі ў выхадныя. «Усё заціхла, нават у інтэрнэце ніхто нічога не піша. Але настаўнікі і міліцыя працягваюць „вайну“ невядома з кім», — скардзяцца чытачы «Радыё Свабода».