«Фару Вітаўта» прыдумаў Ядкоўскі. Пяць малавядомых фактаў пра страчаны сімвал Гродна

29 лістапада 1961 г. савецкая ўлада ўзарвала гродзенскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы нам як Фара Вітаўта. Нягледзячы на страту, вобраз касцёла дагэтуль з’яўляецца пазнавальным сімвалам горада. Гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон сабраў некалькі невядомых і малавядомых фактаў з гісторыі гэтага храма.

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў к. XVI ст. Рэканструкцыя: М.Супрон, С.Шчукін

Архітэктары — італьянец і немец

Будынак касцёла быў узведзены ў 1584−1587 гг. на замову Стэфана Баторыя. Кароль планаваў перадаць яго езуітам. Першапачатковым праектаваннем святыні заняўся манах ордэна езуітаў Ян Марыя Бернардоні. Той самы, які пазней пабудаваў першы на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы барочны касцёл у Нясвіжы! Сваімі абрысамі нясвіжскі касцёл амаль адзін у адзін паўтарае свайго гродзенскага субрата. Але храм праектаваў не толькі Бернардоні. Апошнія бібліяграфічныя адкрыцці дазваляюць з упэўненасцю сцвярджаць, што яшчэ адным архітэктарам храма быў Ёзаф Ройтэн. Ён з’яўляўся прыдворным архітэктарам караля, які паралельна займаўся перабудовай каралеўскай рэзідэнцыі на месцы Старога замка. Будынак касцёла, які ў выніку атрымаўся, уяўляў сабой архітэктурнае спалучэнне італьянскага барока і нямецкай готыкі.

Планы касцёлаў, спраектаваных Я.Бернардоні ў Калішы, Гродне і Нясвіжы

Касцёл стаяў не на месцы драўлянага храма

Доўгі час лічылася, што будынак касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі паўстаў на месцы старога драўлянага храма. Але гэта не так. Даследчык гісторыі касцёла Ежы Пашэнда ў свой час адшукаў у папскай бібліятэцы Ватыкана дакумент, у якім згадваецца стары парафіяльны храм, які стаяў побач з новапабудаваным мураваным касцёлам. Драўляны касцёл быў разабраны толькі пасля таго як ад мураванага храма адмовіліся езуіты і ён быў перададзены парафіі. Але дзе ж стаяў драўляны касцёл? На нашу думку, ён знаходзіўся на некалькі дзясяткаў метраў у паўднёва-заходнім кірунку ад мураванага, на месцы сучаснага будынка на вул. Замкавая, 3. Пацвярджэннем гэтай гіпотэзы з’яўляецца гравюра Адэльгаўзера-Цюндта, дзе парафіяльны храм размешчаны на задворках Рынкавай плошчы.

Месца размяшчэння мураванага касцёла і меркаванае месца, дзе стаяў драўляны на сучаснай спадарожнікавай карце

Апошняя воля караля

Галоўным фундатарам касцёла з’яўляўся Стэфан Баторый. У 1584 г., знаходзячыся ў Гродне, манарх загарэўся ідэяй пабудаваць тут велічны касцёл і калегіум для езуітаў, дзе пасля смерці пажадаў быць пахаваным. Будаўніцтва храма ішло вельмі хутка. У канцы 1586 г. будынак быў амаль гатовы. Але ў гэты ж час, у снежні таго году, моцна пагоршылася здароўе караля. Знаходзячыся ў пакоях новапабудаванага палаца на замкавым дзядзінцы пад наглядам дактароў, 7-га снежня Баторый выпраўляецца на імшу ў парафіяльны храм. Варта сказаць, што на тэрыторыі замка была закладзена капліца, куды б мог прыйсці памаліцца манарх. Але нягледзячы на цяжкі стан, ён накіроўваецца ў касцёл, каб там на месцы, відаць, пабачыць як ідзе завяршэнне будаўніцтва храма. Магчыма, ужо тады манарх прадчуваў свой канец. 12-га снежня кароль памірае ў сваім пакоі. Варта сказаць, што з вакна пакоя Баторыя адкрываўся від на Замкавую вуліцу, у канцы якой узвышаліся два храмы — парафіяльны драўляны касцёл і мураваны храм для езуітаў. Напэўна, молячыся ў сваім пакоі, манарх скіроўваў свой позірк менавіта туды, у бок галоўных каталіцкіх святыняў горада.

Калі б Макоўскі стварыў гравюру з панарамай Гродна ў 1587 г., на ёй мы б змаглі ўбачыць два каталіцкіх храма: маленькі (стары парафіяльны) і вялікі (будучы парафіяльны)

Назва «Фара Вітаўта» з’явілася ў міжваенны час

У ХІХ ст. гісторыя касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, які тады быў прыстасаваны пад праваслаўны Сафійскі сабор, была суцэльнай белай плямай. Лічылася, што мураваны храм касцёла быў узведзены ў 1551 г. па загадзе каралевы Боны. Але ў 1923 г. у сваёй кнізе «Grodno» Юзаф Ядкоўскі з упэўненасцю заявіў, што храм узнік у канцы XIV ст. і яго фундатарам з’яўляецца князь Вітаўт. Менавіта Ядкоўскі ўпершыню назваў храм «Фараю Вітаўта». Ён жа быў навуковым кансультантам архітэктара Оскара Сасноўскага пры перабудове храма ў 1936 г. У выніку рэканструкцыі касцёлу быў нададзены псеўдагатычны выгляд. З сённяшняга пункту гледжання гэту рэканструкцыю трэба прызнаць памылковай і антынавуковай, паколькі пасля яе рэалізацыі будынак набыў выгляд, які ніколі не быў для яго характырны.


Фара Вітаўта, фара Аляксандра Ягелончыка, фара Баторыя…

За ўвесь час свайго існавання парафія Найсвяцейшай Панны Марыі змяніла тры будынкі. Першы касцёл быў закладзены ў самым канцы XIV ст. князем Вітаўтам. Прынята лічыць, што каталіцкі храм з’явіўся ў 1392 г., але гэтая дата прыблізная. Хутчэй за ўсё, ён уяўляў сабой драўляны будынак. Вядома, што ў другой палове XV ст. храм згарэў. У 1494 г. на месцы знішчанага пажарам касцёла ў часы праўлення вялікага князя Аляксандра Ягелончыка быў пабудаваны новы драўляны, выгляд якога нам вядомы па гравюры Адэльгаўзера-Цюндта (1568 г.). Трэці храм быў узведзены ў 1587 г. і прастаяў да 1961 г. У гістарычнай літаратуры за ім замацавалася назва «Фара Вітаўта», але, на нашу думку, яна не зусім адпавядае рэчаіснасці, паколькі Фара, якую пабудаваў вялікі князь, была знішчана пажарам пяць з паловай стагоддзяў таму. Найбольш правільна было б называць храм як «касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі», бо менавіта пад такой назвай праіснавала парафія — адна з найстарэйшых у Вялікім княстве Літоўскім!


«Мы зносілі страшыдла». Былы чыноўнік пра знос Фары Вітаўта і яўрэйскіх могілак у Гродне


Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024