«З 2020 года я ўчытвалася ў гісторыі жанчын і думала, як бы гэта ўсё аформіць. Разумееце, у нармальных краінах ёсць нейкія свае жаночыя фонды, якія фіксуюць і робяць бачнымі жанчын, што пацярпелі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Я ўпэўненая, што нас гэта таксама чакае. Але пакуль вырашыла збіраць гісторыі, думаю пра кнігу», – расказала для Telegram-канала “Тётя Ира разрешила” Яўгенія Даўгая.
Instagram-старонка «Палітвязынка» сабрала 100 партрэтаў жанчын-палітвязняў разам з іх асабістымі гісторыямі. Гэта першы рэліз праекта журналісткі Яўгеніі Даўгой і мастачкі Ганны Татур. Яўгенія плануе, што неўзабаве з’явіцца сайт з украінскай версіяй праекта, а вынікам працы стане кніга з гісторыямі жанчын-палітвязняў.
“Вы толькі з кветачкамі хадзілі”
Тэма жаночага ўдзелу ў жыцці краіны для Яўгеніі блізкая. “У маёй [дачкі] Сашкі ёсць кніжка “Казкі на ноч для юных бунтарак”, – кажа Яўгенія. – І я думала, што ў нас жа вельмі шмат жанчын сядзяць рэальныя тэрміны, у рэальнай калоніі, у рэальна цяжкіх умовах».
Пры гэтым, па словах Яўгеніі, да гэтага часу можна пачуць, што жанчыны “толькі з кветачкамі хадзілі”, а на дзяржрэсурсах часта паўтараюць, што ў Беларусі з жанчынамі не ваююць.

Такія выказванні, лічыць Яўгенія Даўгая, абясцэньваюць унёсак жанчын у тыя палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі-2020.
“Я думала пра тое, што варта, вядома, гэта ўсё неяк зафіксаваць і пакінуць нешта, што будзе пастаянна нагадваць. Мне яшчэ здаецца, што такія рэчы як рэпрэсіі нам важна рэфлексаваць самім, замацоўваць неяк у памяці, каб не дапускаць паўтарэння ў будучыні».
Французы былі шакаваныя
Пра сваю ідэю Яўгенія напісала на асабістай старонцы ў Instagram. Ёй адказала беларуская мастачка Ганна Татур, якая цяпер вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў.
“Ганна сказала, што яе вельмі турбуе сітуацыя з беларускімі жанчынамі, і прапанавала зрабіць так: я дзялюся гісторыямі, а яна паспрабуе на паперы намаляваць партрэты. Яна прасіла гісторыю і як мага больш фатаграфій палітвязня. І ўжо сумяшчае вобразы. Я шукала фатаграфіі ў вольным доступе, часам прасіла ў родных палітвязняў”.

У выніку Ганна пераклала гісторыі на французскую і разам з “папяровым” варыянтам партрэтаў яны сталі мастацкім праектам у яе школе мастацтваў, распавяла Яўгенія.
“Аня сказала, што педагогі былі вельмі кранутыя і шакаваныя тым, што адбываецца з нашымі жанчынамі. Так мы і прынялі рашэнне – маляваць жанчын ужо ў лічбавым выглядзе і апублікаваць іх на якой-небудзь платформе”.
Беларуску сядзяць і за тое, што выказалі салідарнасьць з Украінай
Наступнай мэтай праекта было стварэнне сайта на беларускай і ўкраінскай мовах.
“Чаму ўкраінская? Я жыла ў Кіеве з лістапада 2020 года і бачыла неразуменне сярод украінскіх калегаў. Было шмат усмешак пра ” кветачкі і лавачкі”. Сваёй знаёмай я распавяла, што мне асабіста хацелася б больш салідарнасці сярод украінскіх журналістак, праваабаронцаў, палітычных лідарак у дачыненні да беларусак.
Бо сядзяць абсалютна розныя жанчыны. Мая ўкраінская калега пагадзілася упісацца ў гэта. Але пачалася вайна, праца над сайтам зацягнулася. На дадзены момант мы перавялі на ўкраінскую мову 100 жаночых гісторый і апублікуем іх таксама. Я буду стукацца ва ўкраінскія жаночыя СМІ па гэтым пытанні. У нас жанчыны сядзяць у тым ліку і за тое, што выказалі салідарнасць з Украінай і выступілі супраць вайны”.

“Стала страшна, што пад шумок вайны нашых жанчын забудуць”
“Калі пачалася вайна, палітвязні сталі сыходзіць на задні план, – распавядае Яўгенія. – Я нават бачыла, што многія беларусы сталі пісаць пра тое, што нашы праблемы не такія ўжо і праблемы ў параўнанні з жахам вайны.
Разумееце, калі ідзе вайна, цішком можна зрабіць рознага лайна. І мне было страшна, што пад шумок вайны нашых жанчын забудуць і будуць яшчэ больш дабіваць”.

Беларуская турма – гэта зневажальна для годнасці чалавека
“Вельмі недаацэньваюць у свеце і нават у нас у Беларусі тыя жудасныя ўмовы ,у якіх знаходзяцца жанчыны [у зняволенні]. Уяўляеце, толькі раз на тыдзень яны могуць нармальна памыцца ў турмах. Гэта ж прыніжальна для годнасці чалавека. Зняволеныя жанчыны яшчэ і не бачаць сваіх дзяцей гадамі, многіх з іх кідаюць родныя і мужы. І гэтая прымусовая праца ў калоніях.
Тое, што праходзяць беларускі цяпер – абавязкова павінна быць зафіксавана ў агульнай рэфлексіі. І, вядома, адчуваеш бясконцы боль за ўсіх жанчын і павагу да іх».

“А калі будзе мая мама?”
Каб сабраць 100 гісторый жанчын-палітвязняў Яўгеніі спатрэбілася некалькі месяцаў. Ганна Татур адразу ж іх малявала. З перакладам на беларускую дапамагала Наста Захарэвіч. На ўкраінскі перакладала калега з Украіны. “Дзяўчаты наогул з натхненнем за гэта ўзяліся”, – кажа Даўгая.
Інфармацыю пра палітвязняў Яўгена ў асноўным знаходзіць у адкрытых крыніцах. Калі гэтага мала, звязваецца з роднымі і блізкімі жанчын. Калі праект з’явіўся ў Instagram, то людзі сталі самі звяртацца да аўтараў.
«Вось зараз на акаўнт напісалі некалькі чалавек, родныя палітвязняў. Яны пытаюцца: “А калі будзе мая маці?”, «А калі будзе мая сяброўка?».
Хочацца, каб памяталі гэтыя гісторыі
Галоўная мэта праекта, па словах Яўгеніі – яшчэ раз звярнуць увагу людзей на жанчын-палітвязняў.
“Хацелася б, каб людзі пісалі ім лісты, падтрымлівалі іх, каб памяталі ўсе гэтыя гісторыі. Але, наогул, было б выдатна, каб у будучыні праект перайшоў у кнігу. Але гэта магчыма толькі тады, калі ўсё скончыцца”.
Чытайце таксама:



