Людзі і справы

«Надзей штосьці вырашаць паводле закону ўжо няма». Сталяр-станочнік з Гродна распавёў пра адзіночны пратэст

«Гэта рашэнне для мяне было адзіным правільным, трыгерам стала навіна аб інаўгурацыі Лукашэнкі», — кажа Яўген Анішчук. З 24 верасня ён перастаў выходзіць на працу на прадпрыемстве «ЗОВ-Пліта». У распранальні на сваёй шафцы ён павесіў картку з прычынамі. Сваю гісторыю Яўген распавёў Hrodna.life.

Яўгену 35 гадоў, жанаты, ёсць двое дзяцей. Сям’я жыве на здымнай кватэры ў Гродне. На «ЗОВ-Пліце» Яўген працаваў сталяром-станочнікам 14 гадоў. Пасля выбараў кіраўніцтва сустракалася з працоўнымі: гаварылі пра падзеі ў краіне і далейшую працу кампаніі. Рабочых, якія выходзілі на мірныя акцыі пратэсту ў Гродне, не каралі.

У жніўні - выйшаў з прафсаюза, у верасні - не выйшаў на працу

У канцы жніўня Яўген зрабіў першы крок у бок свайго асабістага пратэсту — выйшаў з прафсаюза. А ў канцы верасня з-за падзей у краіне ён наогул перастаў выходзіць на працу.

«Дабілі мяне падзеі 23 верасня, калі я прачытаў пра прысягу Лукашэнкі. Гэта было ў абедзенны час. Сказаць, што прапаў апетыт, што ўсё стала камяком у горле, гэта нічога не сказаць. Мне хацелася ўжо тады сабраць свае рэчы і сысці з працы. Ісці і пісаць заяву ў той момант я проста не хацеў. Але калі эмоцыі крыху сціхлі, я вырашыў зрабіць па-іншаму — не ісці на працу на наступны дзень».

На прадпрыемстве «ЗОВ-Пліта». Фота: onliner.by

«Я не кар’ерыст, я за справядлівасць»

Паводле адукацыі Яўген — тэхнік-тэхнолаг, мае няскончаную юрыдычную адукацыю. Ён думае, што апошняе, магчыма, і паўплывала на разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў краіне і на вытворчасці.

«Я не кар’ерыст, я больш за справядлівасць і дыялог, якія сталі дэфіцытам не толькі ў краіне, але і на прадпрыемствах. Я працаваў з 2006 года і далей 4-га разраду не дайшоў. Было мноства момантаў, з якімі я быў не згодны і не баяўся пра гэта казаць. Але да кіраўніцтва свайго прадпрыемства я стаўлюся з вялікай павагай, нягледзячы на непаразуменні, якія былі да гэтага. Але хацелася б, каб павагі з іх боку і дыялогу было кратна больш, чым ёсць».

Зарплата па мерках горада ў Яўгена была сярэдняя: аклад у 500 рублёў і прэмія. Як на дзеянне Яўгена адрэагавала кіраўніцтва, ён не ведае. Пасля праблем з сувяззю і інтэрнэтам у жніўні, ён разарваў дамову з мабільным аператарам. Цяпер ён без сувязі і па месцы прапіскі не жыве. У інтэрнэт выходзіць толькі праз wi-fi. У сям'і цяпер працуе толькі жонка Яўгенія.

«Ведаю, што некаторыя калегі з разуменнем ставяцца да майго выбару. Але, як сказаў адзін з іх: „У мяне крэдыт 700 рублёў, таму я страйкаваць не буду“. Я такога меркавання не падзяляю. Таму свой пратэст я ні з кім не ўзгадняў і нікому не абвяшчаў. Проста ўзяў і сышоў».

Ніхто не хоча браць адказнасці

Яўген лічыць, што ўлады пачалі дзейнічаць больш жорстка, таму што ўбачылі, што людзі баяцца страціць працу або атрымаць вялікі штраф. На думку Яўгена, на буйных прадпрыемствах краіны ёсць адна вялікая праблема — ніхто не хоча браць адказнасць не толькі за сябе, але нават выконваючы нейкія даручэнні і загады.

«Я сышоў яшчэ і таму, што не магу спакойна прыходзіць на працу, рабіць так званы „працоўны выгляд“, думаць — вельмі цяжка стала пасля ўсяго таго, што адбылося пасля выбараў. Ну і ўсведамляць, што твае падаткі ў тым ліку ідуць і на падтрыманне хлусні і абраз на дзяржаўным тэлебачанні, збіццё людзей, якія выказваюць сваю пазіцыю абсалютна мірна».

Яўген Анішчук прапрацаваў на «ЗОВ-пліта» 14 гадоў. Сышоў з-за пратэсту. Фота прадастаўлена героем

«Цяпер мы бяссільныя»

У жніўні былі створаны фонды салідарнасці для тых, каго звольнілі з-за палітычных перакананняў, і тых, хто збіраецца пастаянна або часова пакінуць службу або працу ў знак пратэсту супраць гвалту. Яўген кажа, што не ўсе на прадпрыемствах горада ведаюць пра гэтыя фонды і як яны працуюць.

«Большасць не ведае наогул нічога. Усе прапануюць страйкаваць, але ніхто не сказаў, як гэта рабіць правільна. Усюды свае нюансы. Былі толькі спасылкі на артыкул у кодэксах, усе тонкасці якога зразумее той, хто мае хоць нейкую практыку ў юрыспрудэнцыі, але ніяк не рабочы з завода. Тыя, хто ствараў страйкамы пасля выбараў - сядзяць, сядзелі альбо ўжо за мяжой. Таму людзі баяцца: бачаць, што з тымі, хто страйкуе. А надзей нешта вырашаць паводле закону ўжо няма.

Лукашэнка, выступаючы перад работнікамі пракуратуры, казаў, што зараз у краіне не да законаў. Гэта кажа пра многае. А тое, што ні адзін пракурор не стаў у той момант і не выйшаў - кажа аб тым, што не варта больш спадзявацца на закон.

Па сутнасці зараз мы бяссільныя супраць іх, магчыма, яшчэ і таму я вырашыў сысці".

Плануе змяніць дзейнасць

Пасля звальнення Яўген плануе больш часу надаць сям'і. А праз некаторы час памяняць род дзейнасці.

«Можа, прыму ўдзел у дыстанцыйных курсах, але пакуль не вырашыў якія. Ёсць тое, чым хацелася б займацца, але ў нас гэта не асабліва цэніцца, ды і попыт невялікі, у адрозненні ад той жа Польшчы. Мяне ўжо туды запрашалі, але я пакуль хачу жыць у Беларусі».


На «ЗОВ-Пліта» не сталі каментаваць пратэст Яўгена. «Без каментароў», — адказаў на пытанне журналіста Hrodna.life дырэктар прадпрыемства Алег Траццяк.

Чытайце таксама: Работнікі цэха «Гродна Азот» рыхтуюцца да масавых звальненняў у знак салідарнасці з затрыманымі калегамі

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024