Ева — маладая персона з Менска, у якой у вельмі маладым узросце пачалі праяўляцца сімптомы дэпрэсіі. Пазней Ева прайшла і праз сэксуалізаваны гвалт, і праз жорсткі булінг у школе, некалькі спрабаў самагубства і вымушаную эміграцыю, а таксама была вымушана развітацца з прафесіяй, аб якой марыла з дзяцінства. І толькі выпадкова даведалася, што гэта праз аўтызм. Цалкам гісторыю Евы можна паслухаць у падкасце «Іншыя гісторыі», што ў супрацы з арганізацыяй «ІншыЯ» стварыла журналістка з Гродна Дар’я Гардзейчык. Hrodna.life расказвае гісторыю ў скароце.
Ева і яе дзяцінства
Я першапачаткова з Менска. Зараз ужо амаль год жыву ў Вільні. У мяне было дастаткова траўматычнае дзяцінства. Бацька вельмі шмат піў, а маці намагалася цягнуць на сябе і бацьку-алкаголіка, і нас з братам: у нас з малым розніца — чатыры гады. Ну і плюс я праблем дадавала, таму што ў мяне быў поўны букет ментальных хваробаў, і відавочна я была дзіцёнкам максімальна не простым.
Да псіхіятаркі я дайшла дастаткова позна, таму што праз пэўныя спрэчкі ў сям'і ніхто не займаўся маім ментальным здароўем. Я 2004 года нараджэння. Тэма аўтызма тады ўвогуле ледзь-ледзь падымалася. Было зразумела, што са мной штосьці не ў парадку, і маці аббегала ўсіх лекараў, якіх толькі магчыма, каб выбіць мне дыягназ СДУГ.
СДУГ — гэта сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Такі разлад, пры якім чалавеку цяжка канцэнтраваць увагу, кантраляваць імпульсы, а гэта гіперактыўныя людзі.
Да тэрапеўткі я патрапіла гадоў у 16 толькі, таму што маці ўпершыню ўбачыла парэзы на маім целе. Хаця на той момант я рэзала сябе ўжо досыць працяглы час.
Вельмі жорсткі булінг
Былі моманты, калі гэта было не пару чалавек, якія з мяне здзекуюцца, гэта быў натуральна весь клас. Проста за тое, што я была не такой. Спачатку гэта былі пара дзяўчат, да якіх я на той момант хацела патрапіць у сяброўскую кампанію. Мяне відавочна не ўзялі, пачалі цкаваць. Потым гэта сапраўды быў весь клас, бо я была вельмі ранімай, вельмі лёгка было мяне давесці да слёз. Псавалі мае рэчы, цкавалі, «падстаўлялі» перад настаўнікамі. Я баялася хадзіць у школу. Класе ў сёмым-восьмым, асабліва ў восьмым, мяне ў школе білі.
Я ўжо тады хацела памерці. Памятаю, быў эпізод: аднакласнікі сцягнулі з маёй шафы ў школе асабісты дзённік. Там было напісана пра тое, што я лічу сябе някчэмнасцю, што я б на самой справе проста не існавала, я б там пакончыла з сабой. Гэта быў клас пяты-шосты. Дзяўчаты распавялі ўсяму класу, потым мяне зноў жа цкавалі.
Каб неяк адключыцца ад усяго, што адбываецца навакол, Ева шмат чытала. А потым бясконца глядзела фільмы і серыялы. І не, гэта было не тое ж самае, як калі чалавек без аўтызма і іншых нейраадрознасцяў проста глядзіць 10 сезонаў серыяла за выходныя, таму што яму ці ёй гэта падабаецца.
«Я ўпала ў вельмі аб’юзіўныя, траўматычныя для мяне стасункі»
Гэты чалавек з’явіўся ў 13 гадоў у маім жыцці, потым знік, потым вярнуўся, неяк гэта дакацілася да стасункаў. І як толькі мы пачалі спаткацца, чалавек пачаў мяне знішчаць. Па факце, гэта скончылася сэксуальным гвалтам. Неаднаразовым. У мой бок. І мне спатрэбілася амаль пяць гадоў, каб адпусціць. Зараз мне амаль 20. Я дагэтуль гэтага чалавека баялася. У мяне дагэтуль былі панічныя атакі, напрыклад, калі хтосьці пройдзе з такім жа адэкалонам. У мяне развіўся ПТСР, і стакгольмскі сіндром, і ў пэўны момант я вельмі абараняла яго, гэтую гісторыю ўтойвала. Вельмі хацела, каб ён вярнуўся. Потым узненавідзела, але, так ці інакш, мяне гэта «кашмарыла». І вось толькі пазаўчора я з гэтым чалавекам выпадкова сутыкнулася ў Вільні на вуліцы і зразумела, што мне не страшна, мне не балюча, нічога, акром жадання плюнуць у твар, я не адчуваю — што для мяне, канешне, перамога.
Калі адбылася першая спроба, Ева не памятае
Я не памятаю дакладна, але мяркую, што гадоў у 16−17. Гэта была першая сур’ёзная спроба. Да гэтага было некалькі, але яны былі… не сказаць «несур'ёзныя», проста сваечасова злавілі за руку. Была ў 14 гадоў, калі я намагалася выскачыць з вакна, і мой маленькі брат у мяне проста ўчапіўся, сцягнуў мяне з падваконня — мы на восьмым паверсе жылі. І ў 15−16, калі я намагалася кінуцца пад машыну, і брат хадзіў за мной дзве гадзіны па раёне проста хвосцікам, таму што ведаў, што я пры ім не кінуся, я сабе не дазволю. Калі ўжо канчаткова выматалася, ён мяне дадому і вярнуў. Мне шчыра шкада майго брата. Я проста хачу выбачыцца перад ім.
Як бы сказалі мае любімыя тролі, «сапраўдная» спроба была пазней. 17−18 — штосьці такое. У мяне быў вельмі цяжкі эпізод. Шмат фактараў адзін на адзін наклалася — я наглыталася снатворнага. Гэта не было нешта запланаванае. Яшчэ за 15 хвілін да гэтага я не думала, што пайду сябе забіваць. Я прымала ў пэўны момант снатворнае, пайшла піць яго перад сном і — таблетка за таблеткай, таблетка за таблеткай.
Апошняе, што памятае з таго моманту — як я ляжу на падлозе, мне страшна, у мяне галюцынацыі. Вярнулася ў прытомнасць гадзін праз 14. Напэўна, доза была проста недастатковая. Самае прыкольнае, ніхто нават увагі не звярнуў — я звычайна вельмі шмат сплю. Дзіўна, але акей.
Чытайце таксама: Таня мае ВІЧ, мужа і дваіх дзяцей. Яна расказала, чым адрозніваецца яе жыццё ад жыцця іншых
Развітанне з марай
Другая такая спроба была, калі мяне не ўзялі ў тэатральнае, што дагэтуль для мяне вельмі цяжкая і самая балючая тэма. Я падавалася тры разы, тры разы мяне не бралі. Я гарэла гэтым усё жыццё, а потым я пачала звяртацца да рэжысёраў навучальных тэатраў, тых, у якіх я служыла. І адна з рэжысёрак мне сказала: «Ты недастатковая». А ў чым «недастатковая», не патлумачыла. А другая была некалі рэжысёркай нейкага з менскіх тэатраў. Сказала: «Цябе не возьмуць, бо ты сфармаваная асоба, а туды патрэбныя людзі тыпажу „пластылін“».
Пасля таго, што я пачула ад рэжысёрак, я зразумела, што ў тэатр ніколі не траплю. Тэатр мяне перажаваў і выплюнуў. Гэта так і засталося марай жыцця, я не бачу сябе ні ў якой прафесіі, акром як на сцэне, і я ніколі-ніколі-ніколі ўжо не буду граць у тэатры. Тут мяне жыццё, канешне, утаптала ў бруд.
У мяне проста самы вялікі страх — гэта перад смерцю зразумець, што ніхрэна не самарэалізавалася. І хутчэй за ўсё такі момант у мяне будзе, калі я канчаткова не адпушчу тэатр.
Пра аўтызм высветлілася выпадкова
Я чарговы раз пераглядала «Шэрлака», у мяне закралася думка, што штосьці ён на аўтычнага чалавека падобны. Думаю, штосьці вось падобнае на мяне. Патэлефанавала сваёй псіхіятарцы. Кажу: «Дайце, калі ласка, медычныя тэсты на дыягностыку аўтызму». Яна мне ўсё скінула, я прыходжу да яе з вынікамі, яна такая: «Мы твой аўтызм не заўважылі!».
Цяпер, калі з дыягназамі Евы ўсё зразумела, яна прымае антыдэпрэсанты і ходзіць на псіхатэрапію. Але і з таблеткамі, і з псіхатэрапіяй ёсць пэўныя складанасці.
Я дагэтуль магу сабе шкодзіць. Нягледзячы на тое, што я на антыдэпрэсантах. І гэта вельмі добра разбівае міф, што гэта таблетачкі шчасця, тыпу, прымаеш, і ў цябе ўсё крута.
З псіхатэрапіяй у мяне было трошкі горш, чым магло быць, таму што я то забываю запісацца, то магу не хадзіць два месяцы. У моманты, калі я пастабільней сябе адчуваю, магу падумаць, што мне ўжо не трэба. Потым такая: «*ля, трэба».
Якія інсайты вынесла Ева з тэрапіі
Булінг у школе і мой «цудоўны» першы ў жыцці былы забілі самаацэнку проста ў нуль — я сябе не лічыла чалавекам, вартым чалавечага стаўлення. Часцей за ўсё, калі да мяне ставіліся проста па-чалавецку, я пачынала рыдаць, таму што я не прывыкла. Потым я зразумела: што пра мяне думаюць людзі, мяне не характарызуе абсалютны ніякім бокам. Іхняя нянавісць — іхнія праблемы. Я тут прычым?
«Добры дзень, у мяне аўтызм» — як папярэдзіць тых, з кім трэба камунікаваць
На самой справе перыядычна гэта так і адбываецца, таму што ў мяне дагэтуль праблемы з тым, калі і што трэба казаць. Не вельмі разумею, калі дарэчна, калі — не. І калі я пераехала — я жыву ў інтэрнаце пры ўніверсітэце — тут вельмі шмат незнаёмых людзей, і першым жа фактам пра сябе пры знаёмстве выдавала, што ў мяне аўтызм. Але ў прынцыпе гэта спрацоўвала, таму што людзі потым проста ўжо ведалі, што са мной, і напэўна не лічылі мяне вар’яткай.
Я раз-пораз з’яўляюся ў «інтэрнэціках» як медыйная персона. У пэўных сацсетках я больш адкрыта кажу пра свой дыягназ. Мне там перыядычна можа прыляцець, штосьці тыпу: «Ты дэфектная». «Машына без дэфекта лепей, чым машына з дэфектам». Я думаю: нічога сабе.
Як на агульным стане Евы адбіўся яе пераезд у Літву
Першыя паўгода, калі я канкрэтна з’ехала, для мяне былі пеклам. Мне было цяжка і ў момант пераезда, я не разумела, як жыць далей. Памятаю, збірала рэчы і думала: «Чым я буду займацца ў апошнія два дні?». І гэтыя апошнія два дні ў галаве ўспрымаліся як апошнія два дні жыцця. Вось, і я адразу сябе папраўляла, што жыццё будзе, проста ўжо не тут. Але здавалася, што не.
Зараз жа я разумею, што гэта было правільнае рашэнне. Рэалізавацца і жыць там я бы не змагла. Лепей тут, чым у турме.
Як варта сябе паводзіць з людзьмі ў цяжкім дэпрэсіўным і стане
Быць вельмі ўважлівымі. Так, такія людзі не заўсёды зручныя, але не заплюшчваць вочы, не адмахвацца, што «вось нейкі заскок, перажыве». Можа не перажыць. А яшчэ, калі штосьці здарылася, я бы параіла блізкім не проста казаць, што ўсё будзе добра. А паспрабаваць хаця б мінімальна фізічна дапамагчы. Прыгатаваць ежу. Трошкі ў пакоі прыбрацца. Калі ёсць машына, чалавека кудысьці адвезці, калі трэба. Асабліва, калі чалавек жыве адзін. Ці, напрыклад, як я: жыву з суседкай, мы з ёй асабліва не камунікуем. Часам я бывала ў такім стане, што магла днямі не есці, проста таму што ў мяне няма сіл у краму схадзіць, прыгатаваць, з ложка ўстаць элементарна. Сяброўка прыходзіла, мяне карміла.
Я б дала параду блізкім аўтычных людзей. Не проста ўспрымаць аўтызм як нейкую дадзенасць, а пацікавіцца, як гэты чалавек функцыянуе, як яму палегчыць жыццё. Таму шта жыццё аўтыста — гэта, бляха, цяжкае жыццё. Увесь час — змаганне са сваёй нервовай сістэмай, са сваім мозгам.
І проста знаёміцца з нейкімі «базамі» — з тым, што такое аўтызм, як гэта працуе. Таму што пра аўтызм вельмі мала інфармацыі. І часцей за ўсё пра тое, як функцыянуюць аўтычныя людзі, ведаюць толькі аўтычныя людзі. Ну і іхнія лекары.
Аўтызм — гэта не плюшка
Калі кажуць, што людзі з аўтызмам «асаблівыя» — гэта нібыта нейкі прыкол, што такі вось незвычайны, і гэта здаецца нейкай плюшкай. Аўтызм — гэта не плюшка. Аўтызм — гэта калі ў цябе мозг гарыць 24/7. Прыемнага мала.
Галоўнае, як кажа Ева, не ўжываць аніякіх фразеалагем кшталту «чалавек дажджу», «чароўны дзіцёнак» ці «асаблівы чалавек».
Таксама яна раіць «калі можна заставацца найбольш нейтральным, лепей заставацца найбольш нейтральным. Каб пазбегнуць крыўд, трыгераў, канфліктаў, я бы параіла казаць «чалавек з аўтызмам» ці «аўтычны чалавек».