Дзеля чаго актуалізуюцца традыцыі? Што такое Каляды і як яны адзначаліся? У чым сутнасць міфалагічнага складніку каляднага цыклу? Пра гэта — развагі Ірыны Чарнякевіч, гісторыка, этнолага, выкладчыцы кафедры сацыяльна-гуманітарных навук ГДМУ.
Усялякая традыцыя актуалізуецца ў пэўны час з пэўнымі мэтамі. Напрыклад, у 60-ыя гады ХХ ст. на дзяржаўным узроўні актыўна сталі звяртацца да паганскіх традыцый. Мэта была простая. Тады змагаліся з рэлігіяй і хацелі вынішчыць хрысціянскія кампаненты ў традыцыйных святах.Вяртанне да традыцыі цяпер — гэта пошук ідэнтычнасці. Гэта тое, што нам важна сёння — знайсці адметнасці, якія б характарызавалі нас, беларусаў, нешта такое, што нас вылучала б з усяго іншага, што было б непадобным да іншага. Гэта пошук адказу на пытанне «хто мы».
Няма тлумачэння, якое б задавальняла ўсіх. У навуковай літаратуры часцей за ўсё сустракаецца меркаванне, што гэтая назва паходзіць ад лацінскага календы (Calendae) — першы дзень кожнага месяца. Але калі нават гэта так, то назва прыжылася дзякуючы сугучнасці са словам «кола», якое мае сувязь з сонцазваротам.
Паводле адной з версій, Каляда — гэта боства. На гэта ёсць спасылкі ў фальклоры. Некаторыя даследчыкі прылічаюць Каляду нават да вышэйшых бостваў. Але дакладных звестак пра гэта няма.
Каляды — гэта не назва нейкага канкрэтнага дня ці нейкай канкрэтнай дзеі. Гэта святочны час, два тыдні ад свята Божага нараджэння да Вадохрышча або Трох каралёў.
Да Калядаў рыхтаваліся загадзя, рабілі ўсю магчымую працу. Бо ў святочны перыяд з наступленнем цемнаты працаваць было нельга. Святыя вечары вельмі шанавалі. Іх прысвячалі хаджэнню ў госці адзін да аднаго, размовам, калядаванню, адмысловым гульням, напрыклад «Жаніцьба Цярэшкі» ці «Пячы ката». Таксама ў гэты час хадзілі з батлейкамі.
У калядным перыядзе вылучаюцца тры кульмінацыі - тры куцці: посная, багатая і вадзяная.
У час куцці напярэдадні Раства елі посную святочную вячэру, варажылі, якім будзе ўраджай, ушаноўвалі продкаў.
Другая куцця — багатая, шчодрая. Іншая яе назва — Шчадрэц. У шчодры вечар дзяўчаты хадзілі калядаваць, гадалі на будучыню, а хлопцы здымалі вароты, выцягвалі гаспадарчы інвентар і ўсё скідалі ў кучу. Раніцай гаспадары прыходзілі разбіраць свае рэчы. Так нельга было рабіць больш ніколі. Толькі ў гэтае свята. Сімвалічны сэнс — разбурэнне старога парадку дзеля ўсталявання новага.
Трэцяя Куцця — посная, або вадзяная, адбываецца напярэдадні Вадохрышча. Гэта заключная частка сакральнага перыяду, калі трэба было ўсё належным чынам скончыць, каб потым вярнуцца да звычайнага жыцця. У час гэтага свята адбываецца так званае запісванне Каляды. Запісваць — значыць пазначаць пэўным чынам. Запісвалі крэйдай, малявалі крыжыкі, часам — каня, гуся. Гэтая сімволіка трактуецца па-рознаму. Але асноўны сэнс — пазначэнне той прасторы, якая мусіць перайсці ў новы час з новым парадкам.
Каляды — гэта той час, калі сонца пачынае набіраць сілу, гэта нараджэння новага сонца, якое некаторыя даследчыкі суадносяць з нараджэннем Дажбога.
Міфалагічная сістэма заснавана на канструяванні свету. Свет канструюецца, набываючы пэўны парадак. І гэты парадак не існуе сам па сабе. Ён патрабуе пастаяннага ўзнаўлення і пастаяннай прысутнасці ў гэтым узнаўленні чалавека.Каляды — сакральны час, калі парушаецца звычайны ход рэчаў, звычайная праца чалавека. І таму гэты перыяд лічыцца вельмі небяспечным. Міфолагі трактуюць гэты час як сутыкненне свету міфалагічных істот і свету чалавека. Прычым не толькі тагасвет уздзейнічае на чалавека, але і чалавек уздзейнічае на тагасвет, дапамагаючы аднаўляцца парадку.
У калядны перыяд уся вёска з’яўлялася сакральнай прасторай. У гэты час чалавек мусіў сябе паводзіць вельмі асцярожна і прытрымлівацца рытуалу, таму што гэта нараджэнне новага парадку, яго арганізуюць боствы разам з чалавекам. Рытуал не церпіць ніякай навацыі. У ім усё распісана. І нават калі чалавек не разумее сэнсу таго, што ён робіць, ён мусіць так рабіць, таму што гэта патрэбна для аднаўлення таго парадку, які існаваў і будзе існаваць. Інакш нешта выйдзе не так.
У калядных абрадах шмат напластаванняў. Абрад жывы, кожная эпоха актуалізуе яго для сябе, перайначвае для сябе традыцыю. Калі змяняюцца культурныя ўмовы, калі змяняецца афіцыйная рэлігія, калі змяняецца каляндар, то адбываюцца змены і ў абрадах.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…