У Гродне на левым беразе Нёмана не часта можна сустрэць турыстаў. А паглядзець на былым фарштаце [з нямецкай мовы — «прадмесце"] ёсць на што, але інфармацыі мала. Разам з гродзенскім рабінам Іцхакам Кофманам мы звярнулі ўвагу на два знакавыя месцы ў гісторыі занёманскай часткі горада. Гэта драўляная сінагога і ешыва.
На левым беразе Нёмана нямала помнікаў гісторыі: Францішканскі касцёл і кляштар, найстарэйшая школа горада — № 6, Уладзімірская царква, а калі праехаць далей, то можна ўбачыць капліцу і будынак карчмы ў былым маёнтку Аўгустовак. Але сінагогу і ешыву вы ўжо не ўбачыце — у лепшым выпадку пачуеце пра іх ад экскурсаводаў.
«Занёманская частка Гродна застаецца па-за зонай увагі турыстаў. А да вайны тут віравала жыццё, — распавядае равін Іцхак Кофман. — Тут жыло шмат яўрэяў і ў іх было некалькі сінагог. Самая вядомая — вялікая драўляная сінагога. Яна знаходзілася на самым беразе Нёмана і лічылася галоўнай на фарштаце. Яна была высокая, захавалася шмат фотаздымкаў. Паводле маіх дадзеных сінагога згарэла адразу як пачалася вайна ў 1941 годзе. Пра яе напісана ў многіх кнігах, а таксама пра гэты будынак распавядаў вязень гродзенскага гета Рыгор Хасід.Знайсці дакладнае месца, дзе знаходзілася сінагога, дапамаглі гродзенскія краязнаўцы Аляксандр Семянчук і Ігар Лапеха. Па старых картах і здымках можна прасачыць, калі сінагога згарэла. Магчыма, яе падмуркі знаходзяцца 50 метраў ад ратонды на высокім левым беразе Нёмана.
З гістарычнай даведкай аб драўлянай сінагозе дапамагла наша чытачка з Ізраіля Рут Маркус.
«Старая драўляная сінагога была пабудавана ў 18 стагоддзі, каля 1750 года. Яна была пабудавана на пагорку левага берага Нёмана, у раёне фарштата на вуліцы Уланскай і на краі вуліцы Бажніца [сёння гэта вуліца Дарвіна], — распавядае Рут Маркус. — Сінагога была пабудавана з дрэва з трохпавярховым дахам і складалася з трох частак: асноўнай і двух крылаў з кожнага боку. Інтэр'ер сінагогі быў уражваючым. Група навучэнцаў ліцэя „Тарбут“ у Гродне пад кіраўніцтвам свайго настаўніка доктара Цві Бялько правяла даследаванне сінагогі. Яны далі падрабязнае апісанне з вымярэннямі архітэктуры і інтэр'еру сінагогі. Іх працы былі апублікаваныя ў чэрвені 1939 года ў бюлетэні вучняў гімназіі і ліцэя „Тарбут“. Праз два гады сінагога згарэла».
Недалёка ад драўлянай сінагогі да Другой сусветнай вайны знаходзілася ешыват «Шаар ха-Тора» (даслоўна «Брама Торы»). Гэта была таксама сінагога, якую перарабілі ў яўрэйскую навучальную ўстанову. Яе ўзначальваў вядомы рабін Шымон Шкоп. У яго было шмат вучняў па ўсім свеце.
«Да яго прыязджалі вучыцца яўрэі з ЗША. Ён напісаў шмат кніг і ў некаторых ешывах свету да гэтага часу вывучаюць яго працы. Яго вучні пасля вайны адкрывалі ўжо свае ешывы. І былі і ёсць такія, якія носяць назву „гродзенскія“. Дакладна ведаю, што такія ёсць у ЗША і Ізраілі. І ўсё гэта ў памяць пра рабіна і школу, якая была ў Гродне», — кажа рабін Іцхак Кофман.
Ешыва пераехала на фарштат летам 1926 года. Яна знаходзілася на вуліцы Уланскай, 10. Рабін Шымон Шкоп пераехаў з цэнтра Гродна ў занёманскую частку горада каля 1930 году. Ён жыў недалёка ад ешывы на Уланскай, 30. Офісы навучальнай установы знаходзіліся ў цэнтры Гродна, на вуліцы Златарскай, 3. [суч. Калючынская, там дзе сёння знаходзіцца апарт-гатэль «Сямашка"].
Калі Шымон Шкоп памёр, яго хацелі пахаваць на могілках у цэнтры горада, але яўрэі з фарштата былі супраць і пахавалі рабіна на Занёманскіх могілках, дзе да гэтага часу павінна знаходзіцца яго магіла.
Іхцак Кофман лічыць, што калі знайсці дакладнае месца занёманскай ешывы і драўлянай сінагогі, то можна было б там усталяваць стэнды, якія могуць прыцягне турыстаў у гэтую частку горада.
«Турысты да нас едуць цяпер з усяго свету, шмат яўрэяў. І для нас і для горада было б добра увекавечыць памятныя мясціны на левым беразе Нёмана. Калі яўрэі прыязджаюць у Гродна, перш за ўсё яны пытаюцца: а дзе ў вас сінагога і ешыва? Адна сінагога ў нас засталася, але іх было шмат», — сказаў Іцхак Кофман.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…