Мяне завуць Алена Кавальчук, я працую ў Hrodna.life рэдактарам стужкі навінаў і журналістам. За апошнія два месяцы я напісала каля 60 тэкстаў пра Гродна пасля выбараў, з іх траціна — пра мірныя акцыі пратэсту.
Я дапісвала чарговы тэкст пра збіццё АМАПам, ішла працаваць на мірную акцыю і думала: калі мяне затрымаюць, зойдуць у мой тэлефон і прачытаюць тэксты, то я адчую на сваім целе ўсе, аб чым пісала. Я ішла ў душ пасля акцыі і ў шуме вады чула аўтамабілі, якія сігналілі ў знак салідарнасці. Я клалася спаць, а ў вушах стаяў крык людзей, якіх пры мне АМАП кідаў на зямлю.
Палова рэдакцыі настойліва адпраўляе мяне ў адпачынак, палова — да псіхатэрапеўта. Я ж спадзяюся, што маладосць даруе мне два месяцы працы без выхадных.
Трэці тыдзень на мірных акцыях я чую ад сілавікоў фразы накшталт «Здымайце, пакуль не затрымалі!». Супрацоўнікі, якія здымаюць пратэстоўцаў на камеру, называлі нас, рэпарцёраў, сваімі калегамі. Яны так жа ўпарта кажуць нам пісаць «праўду», як упарта іх калегі з прэс-службы адмаўляюцца ад каментароў.
Калі я пачула, як АМАПавец звяртаецца да рэпарцёраў, то першай думкай было: «Яны размаўляюць!». Мая псіхіка адмаўлялася прымаць, што тыя, хто з такой жорсткасцю 9−12 жніўня біў пратэстуючых, — не біяробаты, а людзі, якія размаўляюць і жартуюць (праўда, не вельмі ўдала).
На апошняй акцыі прэс-служба УУС папярэдзіла мяне, што наступным разам я буду прыраўнаная да ўдзельніка несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Гэта значыць, мяне могуць схапіць, душыць, цягнуць па асфальце, кінуць тварам уніз у аўтазак. Усё пералічанае сілавікі рабілі з прысутнымі падчас апошніх акцый.
Участковаму міліцыянту з маёй Радзімы даручылі апытаць мяне ў сувязі з нібыта маім удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 28 верасня ён праз Viber абяцаў аб’явіць мяне ў вышук, калі я не паведамлю яму свой адрас у Гродне. Ён прыязджаў да маіх блізкіх, заехаў да 80-гадовай стрыечнай бабулі, аказваючы такім чынам на мяне маральны ціск.
Калі я перасоўваюся па горадзе, я міжволі адзначаю: «тут людзей затрымлівалі», «і тут». Такіх месцаў у маім Гродне становіцца ўсё больш. У мікрааўтобусах і транспарце хлебакамбіната мне бачацца АМАП і аўтазакі, і я не ведаю, калі гэта скончыцца.
Ужо двойчы я не паспела ўзяць інтэрв'ю ў героя, таму што яго затрымліваюць перш, чым мы сустрэнемся.
Я, быццам у раскадроўцы, памятаю дні з 9 па 12 жніўня, калі збівалі пратэстоўцаў. Побач са мной кідалі на зямлю людзей і крычалі на іх матам. Я выходзіла з замесу на ватных нагах, паліла і зноў вярталася ў натоўп. Калі на акцыю прыязджае АМАП, я заўсёды стаю перад выбарам: ці здымаць ці сыходзіць? Але калі не дакументаваць, то ці ёсць сэнс у маёй працы?
За час пратэстаў мінімум восем маіх калег у Гродне затрымалі, асудзілі або збілі. Некаторых — у маёй прысутнасці. Нам крычалі: «Гэта вы ўсе каардынуеце!», пакуль затрымлівалі Руслана Кулевіча ў краме аўтазапчастак. Інтанацыю яго крыкаў жонцы «Таня, Таня!» я памятаю дагэтуль.
Нягледзячы на жах вакол, калегі (не толькі з нашай рэдакцыі, але і шырэй усе журналісты) надаюць сіл працягваць. Хочацца падзякаваць ім, таму што без каманды нічога б не было.
Здаецца, у гэтай маёй калонцы пра працу журналіста амаль няма нічога акурат аб працы падчас пратэстаў. Усё таму, што на тэкст і фота сыходзіць значна менш сіл і энергіі, чым на задачы накшталт: 1) вярнуцца ў рэдакцыю нябітай, 2) вярнуцца.
Калі я стамляюся, я пераглядаю відэа са збіццём мірных людзей АМАПам. Сілы з’яўляюцца зноў.
Мне заўсёды вельмі няёмка, калі журналістаў называюць героямі. Мы робім тое, што рабілі заўсёды: фіксуем падзеі і спрабуем іх растлумачыць. Проста цяпер тым, што адбываецца, цікавіцца значна больш людзей, чым звычайна. Таму што цяпер, як ніколі раней, тое, што адбываецца, тычыцца кожнага.
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…