Гродзенец Алег тры гады збіраў уласны электравеласіпед. У пачатку траўня ён выехаў на ім у цэнтр горада і адразу ж атрымаў ад аднаго з мінакоў мянушку «чырвоная маланка».
Ровар абышоўся Алегу ў 6000 долараў. Па словах уладальніка, рэгістраваць у ДАІ такі транспарт не трэба, і вадзіцельскае пасведчанне не патрабуецца. Захоўваць электрабайк можна ў любым месцы.
«У мяне ёсць машына, але мне захацелася для адпачынку незвычайны ровар, — распавядае Алег. — Глядзеў, што ёсць на eBay, а ў іх там вялікі выбар. Асабліва ў ЗША і Мексіцы, там рэальна „дурныя велікі“. Ва ўгоду сучаснай модзе хацелася не проста ровар, а менавіта электра. І я вырашыў сам яго сабраць».
Усе дэталі гродзенец замаўляў праз інтэрнэт. А збіраў ровар у гаражы.
Даражэй за ўсё каштаваў рухавік — крыху больш за 1000 долараў. Дадатковыя батарэі да яго таксама былі нятаннымі. Магчыма, зараз нешта выйшла б танней, кажа Алег, бо ён шматлікія дэталі купляў даўно.
«Ровар абыйшоўся ў цану матацыкла. Але ўсё, што я хацеў рэалізаваць у сваім байку, я рэалізаваў. Вынікам задаволены».
На электрабайку Алег з’яўляўся ў цэнтры Гродна ўсяго пару разоў. Паводле яго слоў, кожны раз ён прыцягваў увагу гараджан. «Адзін з мінакоў назваў мой транспарт „чырвонай маланкай“», — кажа Алег.
Як усе веласіпедысты, ён ездзіць па тратуары. Ехаць можна як на педалях, так і на маторы. Байк разганяецца да 37 км/г, але Алег паставіў абмежаванне да 24 км/г.
Зарадкі акумулятара ў рэжыме скутара хапае на 30 км. Але асноўным транспартам для Алега застаецца аўтамабіль.
«Электробайка гэта больш летняя забаўка — транспарт выхаднога дня», — кажа Алег. І абдумвае зборку ровара для жонкі.