Беларусы неадназначна ставяцца да святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі і савецкай спадчыны. Хтосьці праводзіць мітынгі і ўступае ў кампартыю, хтосьці лічыць, што святкаваць гэты дзень — блюзнерства. Hrodna.life да 101-й гадавіны перавароту адшукаў у Гродне 24-гадовага хлопца, упэўненага ў перавазе камунізму настолькі, што ён зрабіў татуіроўку са Сталіным. У размове ён папрасіў называць сябе Андо.

«Сталінізм і нацызм нельга параўноўваць»

Ты адзначаеш Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі?

— Не так, каб з размахам, а хутчэй, для сябе ў галаве пазначаю, што гэта добры дзень. Сябрам нагадаю і растлумачу, што гэта за дзень. У гэты дзень рабочыя адваявалі свае правы ў буржуазіі. Навошта ад яго адмаўляцца? Гэта наша гісторыя. У моладзі зараз такое паняцце, што менавіта ад савецкай часткі гісторыі трэба пазбавіцца. Чаму сімвалы дасавецкага перыяду мы памятаем?


Гродзенскія актывісты ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшлі з плакатам «Долой самодержавие»


Але не ўсю гісторыю мы памятаем. Помнікі Гітлеру і вуліцы ў яго гонар прыбралі.

— Само сабой, гэта чалавек, які сімвалізуе нашу пагібель, наш закаранелы вораг. Сталінізм і нацызм нельга параўноўваць. Нацызм быў накіраваны на генацыд народаў. А ў СССР ішла барацьба класавая. Была мэта: знішчыць варожы клас — буржуазію.

Буржуазія цісне зноў

Ці важная для Беларусі савецкая спадчына?

— Савецкая спадчына — гэта частка нашай гісторыі. Мы таксама былі ў складзе Савецкага Саюза, мы — адна з краін-заснавальніц. Чаму мы павінны выкараняць яго спадчыну? Тады будавалі новы свет. Пераназываючы вуліцы, народ сам хацеў пазбавіцца ад мінулай спадчыны. Хоць, магчыма, і цяперашняя моладзь хоча пазбавіцца ад спадчыны мінулага…

Сумна для мяне, паколькі я лічу, што мы павінны гэта памятаць. Таму што працоўны народ адваяваў свае правы: на васьмігадзінны працоўны дзень, бясплатную адукацыю, бясплатную медыцыну. Заваяваў права на мір. Тады была Першая сусветная вайна. Гэта была вайна буржуазных класаў за падзел уплыву. Народу гэта было нецікава, ён хацеў жыць у міры.

Забываючы пра гэты дзень, мы забываем тое, што заваявалі нашы продкі. І будзе ўсё большы націск буржуазіі. Будзе павялічвацца працоўны дзень. Ужо цяпер мала хто працуе па 8 гадзін 5 дзён на тыдзень. Абавязковая ў многіх месцах працоўная субота.

Чаму камунізм цягнуўся нядоўга і не развіўся ва ўсім свеце?

— Паколькі было разлажэнне савецкай наменклатуры ў ідэйным плане. Яна пачала абуржуажвацца, хацела ўсё больш улады, грошай. Ідэя сама мала каго цікавіла. Таму пайшоў развал. Не таму, што народ захацеў. Быў рэферэндум агульнасавецкі. І народ у большасці прагаласаваў супраць развалу Савецкага Саюза. А кіруючай эліце было на гэта напляваць. Таму ідэя сышла з нашых краін.

«Я ніколі не аддзяляў Беларусь ад Расіі і Украіны»

Калі ты прыйшоў да камунізму?

— Гадоў з 20. Я палюбіў гісторыю дзякуючы сваёй выкладчыцы. Я зразумеў, што я не ведаю нашай гісторыі.

"Дзякуючы Сталіну мы атрымалі права жыць". 24-гадовы камуніст з Гродна пра рэвалюцыю, рэпрэсіі і тату Сталіна

Нашай — гэта чыёй? Беларускай?

— Я ніколі не аддзяляў Беларусь ад Расіі і Украіны. Для мяне гэта ўсё адна краіна. Нават Літву можна далучыць да нашай гісторыі. Не сучасную Літву — яна пайшла сваім шляхам. Але гісторыю колішняй Літвы можна назваць і нашай гісторыяй.

Я пачаў цікавіцца гісторыяй і хацеў зразумець тыя ці іншыя з’явы. Зачапіўся за такую з’яву, як камунізм. Чытаў артыкулы, потым пачаў купляць гістарычныя кнігі таго перыяду. Леніна — хацеў зразумець, як думаў гэты чалавек, за што ён змагаўся. Пачаў чытаць і зразумеў, што змагаўся ён за правільныя рэчы, якія яны атрымалі, і якія зараз мы губляем. Працы Маркса, Энгельса, Сталіна можна пачытаць, Чэ Гевару, Фідэля — люблю чытаць яго разважанні. Можна пачытаць працы Мао. Але ў асноўным — Ленін, Маркс, Энгельс.

«Сталін думаў пра народ»

Ты паважаеш Сталіна?

— Столькі гадоў прайшло, а фігура Сталіна дагэтуль важная для нашай гісторыі, да гэтага часу пра яго кажуць. Гэта ўжо гаворыць аб тым, што асоба гэта не простая. Пра гэта кажуць не як пра нешта мінулае, а аб мінулым, сучаснасці і, магчыма, будучыні. Людзі думаюць, што калі нехта паважае Сталіна, дык ён забойца, гвалтаўнік, маньяк. Гэта не так. Сталіна паважаць можна за іншыя рэчы: індустрыялізацыю, пад’ём эканомікі. У іншых краінах індустрыялізацыя магла ісці па сто гадоў. Мы гэтага дасягнулі за дзесяцігоддзі і сталі другой эканомікай свету. Хоць да ўстанаўлення савецкай дзяржавы мы былі нават не ў першай дзясятцы.

"Дзякуючы Сталіну мы атрымалі права жыць". 24-гадовы камуніст з Гродна пра рэвалюцыю, рэпрэсіі і тату Сталіна

Яго можна паважаць за кіраўніцтва дзяржавай падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта рэчы, якія павінны быць у падсвядомасці. Дзякуючы яму і пад яго кіраўніцтвам мы атрымалі права жыць, перамогшы ў гэтай вайне. За правы, якія ён даваў працоўным. У яго час увялі пенсіі, дэкрэтны адпачынак. Ішло пастаяннае паляпшэнне жыцця працоўнага класа. Многія думаюць, што ён проста сядзеў, дурачок, і загады на расстрэл выпісваў. Ён думаў пра народ. Чаму народ крычаў «За радзіму! За Сталіна!», калі ішлі ў атаку? Дурылкі, якім мозг прамылі? Народ насамрэч яго любіў.

Але ўзровень жыцця людзей быў невысокі.

— Ты хочаш усё і адразу. Для людзей таго часу гэта быў неверагодны скачок. Калі мы жылі ў брудзе, то потым у нас з’явілася свая кватэра, працоўнае месца і было што есці. Так, быў голад. Але голад быў не толькі ў Саюзе, але і суседніх дзяржавах. Гэта была чыста прыродная з’ява. Па-першае, была праблема з пасевамі. Па-другое, частка народа была супраць калектывізацыі і некаторыя рэзалі жывёлу, каб не несці сваё дабро ў калектыўныя гаспадаркі.

«Большасць рэпрэсаваных былі вінаватыя»

Ты зрабіў татуіроўку са Сталіным. Навошта?

— Таму што я проста люблю гісторыю. Гэта маё ўсё. Я лічу, што ён калі не самая, то адна з самых выбітных асоб нашай гісторыі. Многія ўспомняць нешта негатыўнае з яго перыяду. Але не бывае толькі чорнага або толькі белага ў гісторыі любой дзяржавы. І я паважаю тыя заваёвы, якія народ атрымаў падчас яго кіраўніцтва.

Як можна апраўдаць рэпрэсіі ў яго час?

— Іх не варта апраўдваць. Такія рэчы — гэта прадукт свайго часу. Гэтак жа і савецкае кіраўніцтва ў будучыні не лічыла, што гэта было добра. Былі нават фінансавыя выплаты вязням ГУЛАГу і несправядліва рэпрэсаваным.

Гістарычна няграматныя людзі думаюць, што рэпрэсавалі невінаватых. Ды не. Там была большасць вінаватых людзей. Рэпрэсаванымі называюць тых, хто быў пасаджаны за палітычны артыкул. Мала хто памятае, што палітычным быў і артыкул «Бандытызм». Гэта таксама несправядліва рэпрэсаваныя? Я б так не сказаў. Ва ўсе часы былі несправядліва асуджаныя. Судовыя сістэмы не дасканалыя. Там не аракулы сядзяць.


Выстава і дыскусія. Гродзенцы ўзгадалі пра трагічную ноч 1937 года


Як беларусы могуць выступаць за савецкую спадчыну, калі ў той час забілі 9 з 10 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі?

— Кажучы пра расстрэлы пісьменнікаў, многія думаюць, што гэта чыста людзі, якія сядзяць спакойна дома і вершы пішуць — такія сабе летуценнікі. І не думаюць, за што іх расстралялі. Маўляў, нешта не тое пісалі. Так не бывае.

За такое людзей не забівалі. Я ўпэўнены, што калі пакапацца, яны былі ў нейкіх бандфармаваннях, змовы супраць улады ладзілі. Хтосьці скажа, што справы прыцягнутыя за вушы. Што там, сядзеў штаб пісьменнікаў, якія кожнаму асобную справу выдумлялі?

Трэба разумець каштоўнасці людскія таго часу. Цяжкае жыццё ў расійскай імперыі, Першая сусветная вайна, руска-японская вайна, грамадзянская вайна. Людзі ўвесь час жылі ў нястачы і ва ўмовах вайны. Каштоўнасць чалавечага жыцця была не такая высокая. Не было часу сюсюкацца з унутранымі ворагамі - бандфармаваннямі або змоўшчыкамі. Іх было шмат. Была пастаянная барацьба з ўнутранымі ворагамі і знешнімі.

Улада распаўсюджвала пільнасць. Былі параноікі, якія ўсюды шпіёнаў бачылі. Шпіёны насамрэч былі. Ворагі знешнія пастаянна думалі, як гэтую ўладу знішчыць. Яны баяліся, што кожны народ, натхніўшыся прыкладам, можа падняць паўстанне і ў іх краіне і захапіць уладу. Мы, дзеці мірнага часу, і для нас любая праява гвалту — гэта жах. А людзі жылі ў пастаянным гвалце.

"Дзякуючы Сталіну мы атрымалі права жыць". 24-гадовы камуніст з Гродна пра рэвалюцыю, рэпрэсіі і тату Сталіна

«У камунізме людзі стануць вальнейшымі»

Як бы мы жылі зараз, калі б Савецкі Саюз не разваліўся?

— Увесь час ішлі б дэмакратычныя рэформы. Не было б капіталістычных пераўтварэнняў, як платная адукацыя або калі цябе прымушаюць лішнія гадзіны працаваць. Я лічу, мы жылі б лепш.

Камунізм актуальны?

— Чалавек пастаянна імкнецца да пастаяннай свабоды, пастаяннай заваёвы правоў. Гэта пастаяннае развіццё, сталы супраціў тых, хто прыгнятае, і хто змагаецца за правы. Але ты ўсведамляеш, што не павінен здзяйсняць зла. Камунізм за тое, што свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. І калі ўсе гэта разумеюць і ўсведамляюць.

Народ цягнецца да светлага, да добрага, да лепшага жыцця, да свабоды. Таму гэта заўсёды будзе актуальна. Заўсёды чалавек будзе пярэчыць таму, што над ім хтосьці насядае і кажа яму, як жыць. Калі камунізм настане, мы не будзем бегаць з чырвонымі сцяжкамі, сярпамі і молатамі і гарлапаніць «Камунізм, камунізм!». Людзі самі стануць вальней. Яны проста будуць разумець, што гэта норма.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]