Вядомы музыка, спявак, даследчык і выкладчык Іван Кірчук, лідар этна-гурта «Троіца», прыязджаў у Гродна 3 лістапада. Сустрэча была прысвечана Дзядам. У гутарцы Кірчук расказаў Hrodna.life пра старажытныя звычаі сёння, сімбіёз хрысціянства і паганства і тое, як аднавіць сувязь са сваім родам.
— Не вельмі хачу дакранацца палітыкі. Але тое, што мы мусім працаваць на народныя святы — гэта ненармальна, у дні, калі нашы продкі мелі абавязковы выходны. Як ісці на працу, калі ты мусіш прыбраць у хаце, прыбрацца самаму, на гэта ўсё трэба час. Калі б залежала ад мяне, я б сказаў, так, гэты дзень павінен быць выходны.
— Шмат абрадаў і свят пабудаваны на рэштках паганскіх традыцый, нават і храмы, новыя, каталіцкія і праваслаўныя, стаяць на месцах паганскіх капішч, гэта ўсе ведаюць. Таму што месца ўжо — месца сілы. Возьмем, да прыкладу, купальскую песню, дзе мы спяваем у адным рэфрэне «Купала, на Йвана». Купала — паганскае боства, Ян Хрысціцель — хрысціянскі святы. Або бабуля кажа ўнучцы — «Пакладзі пад падушку грабеньчык, паваражы „Дай, божа, знаць, з кім век векаваць“, каб прысніўся суджаны». Варажба — грэх у хрысціянскай традыцыі, але зварот ідзе да Бога. Такіх рэчаў вельмі шмат у беларускім фальклоры.
Можна пэўна толькі сказаць, што са старадаўніх часоў мы на кожнае свята спачатку павінныя ўспомніць дзядоў. Я так разумею, каб атрымаць дазвол святкаваць. У свята мы не працуем, спевамі і танцамі скідаем з сябе ўвесь негатыў, каб атрымаць нейкі іншы зарад энергетычны, і пайсці далей па календары, да іншага свята. Нас, відаць, хапае толькі на кавалачак да наступнага свята, пасля зноў сілы пакідаюць. Таму ў розных рэгіёнах ад трох да шасці раз успамінаюць дзядоў.
Калі святкавалі вясну, звярталіся «Дазвольце, старыя людзі, вясну красну заклікаці, зіму замыкаці». Што гэта былі за старыя людзі? Відаць, гэта былі тыя, хто валодаў ведамі, можа ведуны, нейкія варажбіты, якія трымалі ў сваіх руках сваё племя, і да іх звярталіся — ці можна? Яны быццам бы адчынялі вароты, можна, рабіце вось толькі гэта. Былі нейкія забароны, засцярогі. Як свята скончылася, зноў звярталіся — а што нам далей рабіць? Мне здаецца, што ў зваротах, якія да нас дайшлі з паганскіх часоў, дзяды — гэта не толькі продкі, а і жрацы.
— Зараз мы адарваныя ад далёкіх продкаў, страцілі сувязь. І савецкая ўлада дапамагла, і атэізм, і тое, што пакінулі вёсачкі. Але цяпер на Дзяды могілкі ўсе заліваюцца агеньчыкамі, людзі прыходзяць прыбіраць магілкі. У гэты час у касцёлы і цэрквы шмат людзей падаюць запісачкі, успамінаюць сваіх продкаў. Відаць, там ім гэта патрэбна. Мы не можам нічога ім туды перадаць: ні грошы, ні нейкія яшчэ рэчы, можам перадаць толькі свой успамін.
…Свята павінна быць на той зямлі, на якой стаялі дзяды. У 50 гадоў бацькі падаравалі мне сваё лецішча, я ледзь не плакаў, я зразумеў, што значыць свая зямля. Зразу адчуў сябе гаспадаром.
— Мы дома адзначаем Дзяды, робім стол, і ўзгадваем. Варта шукаць інфармацыю, як гэта рабілі ў вашай мясцовасці, выбраць тыя моманты, якія можаш зрабіць. Бо ёсць інфармацыя, што адчынялі вокны і вешалі ручнік, каб дзяды бачылі, як папасці да цябе. Ёсць, што адчынялі дзверы, перад тым, як сядаць за стол, і запрашалі паімённа, каго памяталі. Бралі «дзядоўскую» міску, кубак, і кожны [удзельнік вячэры] адкладаў туды па-трошку той ежы, якую сам еў. Потым гэтая міска заставалася да ранку. Потым птушкам можна аддаць, а калі шмат чаго паклалі - жабракам, але не выкідваць.
Бывала, што піва ставяць, калі дзед вельмі любіў піва выпіць. Падрыхтаваць тыя стравы, якія любілі вашы дзяды ці якія былі ў вашай мясцовасці. А калі продкі з розных краёў і вы можаце спалучыць іх звычаі - то чаму не.
Чытайце таксама: Фарныя могілкі ў Гродне: што зменіцца, калі ім прысвояць гісторыка-мемарыяльны статус?
У горадзе добра самім памыцца і хату прыбраць, каб продкам было чыста прыходзіць. І важна пасля іх адправіць, калі ўсё скончылася, затушыць свечку — хлебам ці бліном, ці перавёрнутай лыжкай, — і сказаць «Святыя дзяды, ляціце назад, чэсць вам і слава. І нас доўга-доўга-доўга чакайце».
Дзяды заўсёды сканчваліся цішынёй. У некаторых мясцовасцях у пятніцу адзначалі «Бабаў», толькі жанчын паміналі. Але зазвычай у слова «дзяды» ўваходзяць і «бабы», яны як бы тыя самыя старыя, жрацы, пра якіх я казаў.
Самае галоўнае, што мы іх успамінаем. Калі яны верылі ў Бога, хадзілі ў царкву ці ў касцёл — трэба там памянуць, заказаць імшу. Асноўнае ў гэты дзень — добра пра іх пагаварыць, паўспамінаць, хто што рабіў, кім быў.
Іван Кірчук трымаецца меркавання, што ўсе набытыя чальцамі роду веды трымаюцца як бы ў агульным сховішчы: «Я пражываю сваё жыццё, набываю веды як музыка. Гэтыя веды пасля маёй смерці адправяцца ў „банк дадзеных“ майго роду. Мая сястра, напрыклад, кулінар. Пражыве сваё жыццё, і яе веды адправяцца туды. Яшчэ адна сястра, напрыклад, будаўнік. Калі нараджаецца дзіця, і я паважаю свае традыцыі, продкаў, усё, што ёсць у банку роду, — будаўнікі, кіраўнікі, музыканты і гэтак далей, гэтыя веды — можа атрымаць мой сын. А калі сувязь перарваная, калі я не ведаю традыцый, маё дзіця нічога не атрымае».
Схематычна можна ўзяць крыж. У цэнтры — я, і вось лінія мужчынская і жаночая. Калі з бацькам або з маці ёсць канфлікт, адпаведныя каналы перакрываюцца, не ідзе энергія, здароўе, сіла. Вось ёсць яшчэ бабулі і дзядулі. Калі абвесці лініі колам, атрымаем наш беларускі каляндар: Купала, маладое сонца расце… А калі закрыць лініі па-іншаму, атрымаецца зорачка, якая ёсць на ўсіх нашых ручніках, посцілках.
Кірчук тлумачыць, што мы стаім у вялікай пірамідзе часу. Пад намі - бацькі, дзяды. Калі недзе ў пластах ёсць вельмі моцны прашчур, які цягнецца, хоча дапамагчы, але мы не маем з ім сувязі, не ўспамінаем яго — застаемся сам-насам.
«Мы не можам ведаць, дзе яны ўсе пахаваныя, імёны ўсіх. Раней у хаце была бэлька, пад якой не спалі, а на ёй выразалі імёны ўсіх, хто жыў у хаце, хто памёр. На працягу ста гадоў у хаце магло жыць сем пакаленняў, таму кажам, што трэба ведаць сваё сёмае калена. Але калі няма звестак, можна ўспомніць продкаў з удзячнасцю, гэта дапамагае, падтрымлівае сувязь, і вынік бачны».
Размова адбылася пасля выступу Кірчука ў гродзенскай этнакраме «Цудоўня». Іван Іванавіч прызнаецца, што больш любіць спяваць, чым расказваць. Па яго словах, ён ведае больш за 600 песняў, і штогод са студэнтамі вучыў новыя. Спявае і тое, што збіраў сам у этнаграфічных экспедыцыях, і з архіву рэспубліканскага радыё, Акадэміі навук.
Да таго ў Гродна Кірчук прыязджаў як госць курсаў «Мова нанова», але з паўнавартасным адкрытым канцэртам на вялікай пляцоўцы апошні раз быў аж у 2011 годзе, у Тэатры лялек. Прычына — не было ахвотнікаў на належным узроўні займацца рэкламай і білетамі. У іншых гарадах такой праблемы няма, канцэрты ладзяць.
Чытайце таксама: Мінпрацы Беларусі адмовілася пераносіць выходны дзень з 7 лістапада на Дзяды
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…