«Гатовы пайсці хоць дворнікам, хоць вартаўніком», — казаў у нашу першую сустрэчу Дзмітрый, чалавек з вышэйшай эканамічнай адукацыяй. Але ўсюды яму паведамлялі, што вакансія ўжо закрытая. А часам, паводле яго слоў, прама казалі, што не могуць узяць на працу інваліда.

У жніўні Дзмітрый знайшоў працу. І не рабочым, а па спецыяльнасці: цяпер ён бухгалтар у адной са службаў таксі горада.

Дзмітрыю Грэкаву 35 гадоў. Ён нарадзіўся ў Гродне. У тры гады ў яго знайшлі ДЦП і далі інваліднасць трэцяй групы. «Ёсць праблемы з мовай, з рухамі», — шчыра распавядае Дзмітрый. Пры гэтым ён займаецца спортам: гуляе ў настольны тэніс, раней займаўся футболам.

Да чацвёртага класа ён вучыўся ў агульнаадукацыйнай школе. У гэты час дзеці знаходзяцца ў адным кабінеце і да іх прыходзяць настаўнікі. З пятага класа дзеці самі ходзяць па кабінетах. Тады Дзмітрый перайшоў на хатняе навучанне, каб было прасцей.

— Дзеці з самага пачатку вельмі добра ставіліся. Настаўніца на сходзе абвясціла ўсім, што будзе такі хлопчык, і бацькі яе падтрымалі. Было больш-менш нармальна, лёгка. Дзеці з іншых класаў жартавалі з мяне, абражалі. А «мае» заступаліся, казалі, маўляў, ён разумнейшы за вас, — распавядае Дзмітрый пра вучобу ў школе.

Выкладчыкі на хатнім навучанні рыхтавалі яго да паступлення. Вучыўся Дзмітрый добра: толькі адна 4-ка па пяцібальнай сістэме, усе астатнія 5-кі. Праблема была толькі з каліграфіяй з-за хваробы. У які універсітэт паступаць, падказалі бацькі. «Мама сказала: ідзі вучыся, а там разбяромся. На каго пайсці, яны самі сказалі. Я толькі згаджаўся, — збянтэжана ўсміхаецца Дзмітрый. — Маё меркаванне не ўлічвалася». Але цяпер, кажа, цалкам задаволены іх выбарам.

На працу прынялі, але зарплату не заплацілі

Пасля ўніверсітэта пачаліся пошукі працы. Дзмітрый папрацаваў бухгалтарам на прадпрыемстве, якое займалася продажам аўтазапчастак і вытворчасцю мэблі ад «Беларускага таварыства інвалідаў» паўгода на практыцы і год па праграме адаптацыі. Пасля Дзмітрыю не працягнулі кантракт.

Прайсці праграму адаптацыі чалавек з інваліднасцю можа адзін раз. Яна патрэбна для ўдасканалення прафесійных ведаў і ўменняў. Наймальніку абсталяванне, матэрыялы, спецвопратку і выдаткі па аплаце працы кампенсуе Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Дзмітрый стаяў на чарзе ў цэнтры занятасці тры гады. «Мне давалі вакансіі бухгалтарам на якім-небудзь прадпрыемстве. Я прыходзіў, а там ні камп’ютара, ні друкаркі. А часам проста адмаўлялі», — кажа Дзмітрый. З чаргі то сыходзіў, то вяртаўся. Нарэшце ўладкаваўся на адно будаўнічае прадпрыемства. Прапрацаваў там чатыры месяцы, за якія яму… не заплацілі. «Як бы я там ні працаваў, усё адно трэба было разлічыцца. Але дырэктар сказаў: „Выбачай, у мяне грошай няма цяпер, іншым разам“. Гэта было даўным-даўно», — успамінае Дзмітрый.

Адмовілі з-за інваліднасці?

Зноў стаў на чаргу ў цэнтр занятасці. Прайшоў год. Бацькі Дзмітрыя звярнуліся ў аблвыканкам, потым у Дзяржнагляд. Там цэнтру занятасці загадалі ў любым выпадку знайсці Дзмітрыю працу. Апошнія дзве спробы ўладкавацца на працу былі гэтым летам. Першая — у адну з гімназій горада.

— Я прыйшоў да іх у школу. Падыходзіць да мяне нейкая жанчына і кажа: а вы нам не пасуеце. Я кажу: добра, я вам не падыходжу, растлумачце чаму. У мяне была паперка, яны мне напісалі, што вакансій няма. Хоць я правяраў на сайце, што была вакансія. Потым яна: ой-ой-ой, вы прабачце, я зараз да завуча падыду. Ну, пайшла да завуча. Прыносіць бланк, што я па здароўю не падыходжу, — распавядае Зміцер. — Я кажу ўжо згарача: я на вас у суд падам.

Дзмітрый з ДЦП не мог уладкавацца вартаўніком, а потым знайшоў працу па спецыяльнасці - бухгалтарам
Фота ілюстрацыйнае
Туды Дзмітрый уладкоўваўся вартаўніком. У яго ёсць дакумент па інваліднасці, дзе пазначаны ўсе пасады, на якіх ён можа працаваць. У пераліку ёсць прафесіі ад звычайнага рабочага да бухгалтара, у тым ліку вартаўнік. Выключэнне — прафесіі, пры якіх трэба працаваць «на нагах».

У аддзеле кадраў гімназіі сказалі Hrodna.life, што Дзмітрыя не ведаюць, таму што працоўны персанал першапачаткова падбірае загадчык гаспадаркі. Толькі потым працоўныя ідуць у аддзел кадраў. Таксама нам сказалі, што праблема ўзнікла з-за таго, што цяпер уладкавацца вартаўніком складана ў прынцыпе. Гэта звязана з новымі нормамі бяспекі ў школах. Вартаўнік павінен прапускаць дзяцей — іх у гімназіі 850 чалавек, у тым ліку на індывідуальныя заняткі і гурткі. Трэба рэагаваць на трывожныя кнопкі, паведамленні пра пажар. Кажуць, праца вельмі хуткая і складаная. А так у гімназіі працавалі людзі з інваліднасцю: рабочы пасля ранення і прыбіральшчыца пасля інсульту. Гэта значыць, інваліднасць — не крытэрый, па якім адмаўляюць, запэўніваюць у школе.

Загадчык гаспадаркі сказала, што ўсё прасцей. Дзмітрый быў другім, хто прыйшоў уладкоўвацца на працу. Першы чалавек ужо праходзіў медкамісію. Працаўладкаванне можа заняць тры тыдні. Таму вакансія і не была закрытая на сайце гарвыканкама, хоць чалавека ўжо знайшлі.

І гэта — не першы выпадак

Падобны выпадак адбыўся ў адной спартыўнай школе.

— Прыходжу туды, дзеці нават нічога не сказалі мне. Прыходжу ў аддзел кадраў. Там дзяўчына і мужчына. Ён пытаецца: а ў вас інваліднасць ёсць? Я кажу: ёсць. Дзяўчына кажа: а вы ведаеце, што ў нас дырэктар не прымае на працу з інваліднасцю? Я быў у шоку.
Як можна адразу так казаць? — кажа Дзмітрый.

www.instagram.com/p/B3qzGC4Hm7X/

У аддзеле кадраў гэтай спартыўнай школы на наш афіцыйны запыт адказалі, што набіраюць ахоўнікаў у адпаведнасці з законам «Аб ахоўнай дзейнасці». У артыкуле 14 закона падаецца пералік асоб, якіх не могуць узяць на працу ахоўнікам. Гэта людзі з захворваннямі або фізічнымі недахопамі, якія перашкаджаюць выкананню абавязкаў работнікаў аховы па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.

«Набор ахоўнікаў у нашай арганізацыі адбываецца на конкурснай аснове, што само па сабе прадугледжвае выбар найбольш прыстасаванага чалавека для паўнавартаснай аховы даручаных аб’ектаў.

Што тычыцца асабістых высноваў спадара Д. Грэкава пра нібыта дапушчаную ў дачыненні да яго дыскрымінацыю, можам паведаміць, што ў нас працавалі і працуюць людзі з трэцяй групай інваліднасці па тых прафесіях, у якіх характар ​​захворвання, які стаў прычынай прызначэння інваліднасці, не перашкаджае паўнавартасна выконваць свае прафесійныя абавязкі", — адказалі нам у спартыўнай школе.

Іншы менталітэт?

Дзмітрый — актыўны чалавек. Ходзіць гуляць у настольны тэніс, у валейбол. Адвучыўся на курсах «інклюзіўнага барыста», ездзіў на праграму «Biz4all», удзельнічаў у інклюзіўным паказе адзення. Таварыскі. Словам, вядзе лад жыцця, быццам у яго няма інваліднасці.


«Яны сапсуюць свята» ці «У гэтым адзенні людзі»? Мадэлі з інваліднасцю ўпершыню ў Беларусі паўдзельнічалі ў модным шоў

Гродзенцы вучыліся быць «інклюзіўнымі барыста», але знайсці працу ўсё роўна не могуць


Дзмітрый з ДЦП не мог уладкавацца вартаўніком, а потым знайшоў працу па спецыяльнасці - бухгалтарам
Інклюзіўны паказ
— У нас менталітэт трошкі іншы. Мы яшчэ не дайшлі да Еўропы той жа самай, не дараслі да Польшчы. У Польшчы ўжо даўным-даўно ёсць паняцце, што інвалід абавязаны працаваць. А ў нас няма, — тлумачыць для сябе Дзмітрый адмовы.

У Дзмітрыя ёсць шмат сяброў з інваліднасцю. Яны таксама не могуць знайсці працу, як бы не шукалі.

— У мяне ёсць знаёмая, якая ўладкавалася, але атрымлівае 80 рублёў. Яна прыбіральшчыца ў кафэ ў Пышкі. Але яна працуе за дваіх, за траіх. У нас ёсць прадпрыемствы для інвалідаў. Але яны ўсё спэцыялізаваныя. Куды я ні прыходзіў - «выбачайце, але ў нас месцаў няма». Таму што сваіх шмат.

Сапраўды, інваліды па слыху могуць працаваць на прадпрыемстве «Цветліт». Па зроку — у «БелТІЗ» або «Фільтр». На практыцы атрымліваецца, што індывідуальнага падыходу, які павінен быць да людзей з інваліднасцю, усё адно няма.

Адсутнасць працы перашкаджала завесці сям’ю

Нягледзячы на ​​сумны вопыт сяброў, у Дзмітрыя атрымалася знайсці працу па спецыяльнасці. Цяпер ён — бухгалтар у адной са службаў таксі ў Гродне.

— Я вельмі-вельмі ўдзячны дырэктару, што мяне туды запрасілі. Наогул, мяне хацелі браць дыспетчарам. Але потым паклікалі бухгалтарам, — распавядае Дзмітрый. — Абавязак — лічыць зарплаты і рабіць дарожныя лісты, загадваць касай. Я адказны за ўсё. Дзверы не зачыняюцца: прыйшоў - аддаў паперкі, бярэш новыя.

Цяпер, у параўнанні з пенсіяй у 200 рублёў, фінансавае становішча Дзмітрыя палепшылася. Кажа, можна жыць як чалавек. Раней было цяжка. Асабліва ён перажываў, што не можа ўтрымліваць сям’ю. «Якая дзяўчына пагадзіцца на адносіны з чалавекам без працы, без грошай. Вядома ж, хочацца стварыць сям’ю. А каму не хочацца?» — кажа Дзмітрый. Ён кажа, што ў яго дзяўчаты былі, але да сур’ёзных адносін не даходзіла з-за фінансавых праблем. Пра новыя адносіны ён не распавядае — але кажа, што ў яго ўсё добра.

Цікаўлюся, што першае ён купіць з зарплаты.

— Пакуль яе яшчэ не было (на момант інтэрв'ю — аўт.). Будзе 25-га. Я вельмі хачу пайсці з сябрамі ўсімі куды-небудзь адзначыць гэтую справу, — усміхаючыся, кажа Дзмітрый.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]