Калі ў пошуку на AliExpress напісаць слова «Беларусь», то можна знайсці шмат футболак, аксесуараў і сцягоў. Пры тым – самых розных дызайнаў. Ёсць спалучэнні і белага з чырвоным, і чырвонага з зялёным, надпісы «Чык-чырык» і «Я люблю Беларусию», падвескі ў форме контура Беларусі і безліч цішотак ды худзі. Часам варыянты вельмі абсурдныя. Паглядзіце самі – Hrodna.life выбраў самыя цікавыя прапановы з маркетплэйса. Наўрад ці вы захочаце іх набыць, але падзівіцца фантазіі некаторых “дызайнераў” варта.

Майка з рукой, якая паказвае ці то “вікторыю” – сімвал перамогі, ці то вульгарны жэст у выглядзе сярэдняга пальца. У любым выпадку рука афарбаваная ў чырвоны і зялёны колеры, а на кончыках пальцаў ёсць нават фрагмент арнаменту з беларускага дзяржаўнага сцяга. На выбар майкі рознага колеру – могуць быць нават ружовыя.

Цана: $13,79


майка Беларусь с алиэкспресс

Майка з патэрнам у стылі “вырвівока”: чырвоны, зялёны, арнамент, а ўсё гэта – на фоне даволі дробных валошак. Нагадвае тую дзіўную прадукцыю беллегпрама, якая гадамі ляжыць на паліцах крамаў і ніхто яе чамусьці не купляе.

Цана: $7,97


Калі вам раптам трэба мімікраваць пад Службу бяспекі прэзідэнта, то на AliExpress можна купіць сцяг з яе сімволікай. Праўда, кітайцы не зусім удала падабралі колер – сцяг выйшаў цемнаваты. А яшчэ крыху пераблыталі афіцыйны слоган службы: замест “Доўг, Гонар, Айчына” напісалі “Абавязак, Гонар, Айчына”.

Цана: ад $9,59 за сцяг памерам 90 на 150 см да $43,04 за палотнішча 180 на 300 см


сцяг і лагатып Міністэрства замежных справаў Беларусі

Дзякуючы AliExpress можна нават, у тэорыі, адкрыць у сябе дома амбасаду Беларусі – сцягі з лагатыпам Міністэрства замежных справаў таксама прадаюцца. Ёсць невялікія – фарматам А3, а ёсць вялізныя палотнішчы 180 на 300 см.

Цана: $8,12-43,04


майка Беларусь алиэкспресс aliexpress

Відаць для таго, каб скончыць спрэчкі ў рускамоўным інтэрнэце паміж варыянтамі “Беларусь” і “Белоруссия”, і быў створаны гэты дызайн майкі.

Цана: $9,04


Чырвона-зялёны сцяг-накідка з капюшонам, магчыма, дазволіць адчуць сябе супергероем. А што дакладна, дык дапаможа не сгубіцца ў натоўпе. Бачныя будзеце здалёк.

Цана: $12,16


Ёсць на AliExpress і даволі вялікі набор маек з лагатыпамі беларускіх сілавікоў. Напрыклад, можна заказаць сабе маечку спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Або вельмі дзіўную майку з надпісамі “Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь” і “Slovenska Republika”. Гэта намёк на альтэрнатыўны варыянт Саюзнай дзяржавы?

Цана: $12,26, $10,34


Наступную майку ў Беларусі насіць можа быць небяспечна, бо раптам яшчэ Той-каго-нельга-называць пакрыўдзіцца. Але калі вы прыхільнік творчасці “Сашы і Сірожы”, “Чая з малінавым варэннем” і Славы Камісаранкі, то можаце рызыкнуць. Даступныя розныя колеры.

Цана: $10,92 – мужчынская, $9,69 – жаночая


У чарговай краме можна набыць і бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную атрыбутыку, але нашу ўвагу прыцягнулі гэтыя два сцягі. На адным Беларусь можна зблытаць з нейкай рэспублікай Цэнтральнай Азіі, а на другім наша краіна выяўленая як сапраўдная касмічная дзяржава!

Цана: ад $5,36 за сцяжок памерам 30 на 45 см да $19,25 за сцяг 180 на 240 см.


красно-зелено-красный флаг Приднестровье или Беларусь

Калі вы шукаеце нешта сапраўды незвычайнае – выбірайце чырвона-зялёна-чырвоны сцяг! Цяжка дакладна вызначыць, што меў на ўвазе яго стваральнік, але выглядае на тое, што проста ўзяў сцяг непрызнанага Прыднястроўя, прыляпіў збоку арнамент з беларускага сцяга і назваў “Belarus Flag Flags Double Sided”. Красамоўна, улічваючы тое, што нашая краіна і сапраўды ідзе ўпэўненым крокам да таго, каб стаць новым Прыднястроўем.

Цана: $6,56


Чырвона-зялёна-чырвоны сцяг і «LookАШЕНКОrules»: на AliExpress прадаюць недарэчную «Беларусь»

Чырвона-зялёны браслецік будзе яскравым дадаткам да любога вашага строю. Такі аксэсуар заўважаць на вашай руцэ здалёк гарантавана.

Цана: $1,29


майка с Погоней с Аліэкспресс

Шмотка ў стылі “і нашым, і вашым”: на майцы выяўлена Пагоня, але з зялёным надпісам Belarus. Дадаць нам няма чаго.

Цана: $11,65


брелок Беларусь

Бралок з вельмі дзіўнай выявай. Гэта проста турбамікс па гісторыі Беларусі: Полацкае княства плюс БНР плюс БССР плюс Рэспубліка Беларусь – усё змяшалася ў гэтай бездзялушцы.

Цана: $1,36


На маркетплэйсе можна знайсці і іншыя трашовыя бралкі. Часта гэта сапраўды постмадэрністычны мікс самых розных палітычных беларускіх сімвалаў, якія ў звычайным жыцці паміж сабой абсалютна не спалучаюцца.

Цана: $0,69


Маек з Лукашэнкам, яго цытатамі (“А я вам сейчас покажу откуда…”) або проста прозвішчам на AliExpress хапае. Гэтая – акурат для тых, хто лічыць гэтага грамадзяніна прэзідэнтам Беларусі. Можна нават набыць набор для ўсёй сям’і – памеры і фасоны ёсць розныя. Цікава, але нам падалося, што чым болей крынжовая майка – тым яна даражэй.

Цана: $10,41-13,30, $16,13, $17,85


беларускія палітычныя партыі

Чаго мы дакладна не чакалі пабачыць у продажы на маркетплэйсе, дык гэта сцягоў беларускіх палітычных партый, у тым ліку ўжо ліквідаваных. Рэспубліканская партыя, Аграрная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя – якіх там толькі няма. Калі захочацца пагуляць у беларускі парламент або спатрэбіцца рэквізіт для здымак трэш-кіно, то цяпер вы ведаеце, куды звяртацца.

Цана: $8,12-43.04