Вясна — час, калі дзікія жывёлы паказваюцца людзям у гарадах і нярэдка ствараюць аварыйныя сітуацыі на дарогах. Адна справа — сустрэць на шашы вожыка ці лісу. А што рабіць, калі перад вамі з’явілася казуля ці лось? Ці праўда, што апошнім часам ДТЗ з дзікімі жывёламі стала болей? Hrodna.life разабраўся, што раяць кіроўцам дасведчаныя спецыялісты па кіраванні аўто і ў ДАІ. Таксама мы пагутарылі з ініцыятывай «Зялёны тэлефон« пра паводзіны жывёлаў у горадзе.

Жывёлы бягуць, бо знаходзяцца ў стрэсе

Ласі і казулі выбягаюць на праезную частку, таму што часта жывёлам трэба перайсці ў іншае месца па лепшыя харчовыя або водныя рэсурсы, расказала Hrodna.life менеджарка ініцыятывы «Зялёны тэлефон» Паліна.

Бягуць яны часта з-за таго, што знаходзяцца ў стрэсавай сітуацыі і пужаюцца машынаў, бо бачаць рухі і рэзкае святло, а таксама чуюць гукі, якія сыходзяць ад аўтамабіляў.

«Можа ўзнікнуць пытанне: чаму жывёлам можа не хапаць харчовых або водных рэсурсаў у іх першапачатковым месцы пасялення? Гэта можа быць звязана з высечкай лясоў, асушэннем балотаў, рэк і азёр, а таксама з іншымі негатыўнымі прыроднымі з’явамі, якія часта выкліканы антрапагенным фактарам [уздеяннем чалавека — Hrodna.life]», — расказала Паліна.

Што кажа статыстыка пра жывёл на дарозе

У 2022 годзе ў ДТЗ гінулі жывёлы:

  • казулі - 1992 асобіны (на 85 асобін або 4,5% больш, чым у 2021),
  • ласі - 850 асобін (на 28 асобін або 3,2% менш, чым у 2021 годзе).

«На жаль, няма інфармацыі за больш працяглы час. Тым не менш, некаторыя замежныя СМІ пазначаюць, што такіх выпадкаў стала сапраўды больш і звязана гэта якраз з высечкай лесу», — кажа Паліна.

За 2022 год зарэгістравалі 3021 ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёлаў (на 43 факты або 1,4% больш, чым у 2021 годзе), у выніку якіх загінула (траўміравана) 3080 жывёл (на 27 асобін або 0,9% больш, чым у 2021 годзе). У той жа час у ДТЗ з жывёламі церпяць кіроўцы і пасажыры аўтамабіляў: ад 4 да 12 чалавек за год гінуць і ад 45 да 60 траўміруюцца.

«Для кіроўцаў небяспечней за ўсё сутыкнуцца з буйнымі жывёламі - ласямі і аленямі, бо з-за сваіх памераў жывёлы наносяць найбольш моцныя пашкоджанні».

Чытайце таксама: Гродзенская вобласць — самая аўтамабілізаваная ў Беларусі. Як змянілася колькасць машын за год?

Як паводзіць сябе кіроўцам?

Дзяржаўтаінспекцыя запэўнівае: найлепшая прафілактыка сутыкненняў з дзікімі жывёламі на ўчастках, дзе гэта магчыма, — ехаць не хутчэй 80 км/г. Пры тармажэнні на гэтай хуткасці павышаюцца шанцы спыніцца за некалькі метраў да перашкоды.

Верагоднасць з’яўлення жывёл на дарозе ўзрастае па меры набліжэння да лесапаласы. Але гэта не азначае, што яны не могуць выскачыць з поля.

Сем парадаў ад ДАІ, каб не сутыкнуцца з жывёлай на дарозе

  1. Калі звер выйшаў з лесу і спыніўся на абочыне, лепш прытармазіць, каб дзейнічаць адпаведна сітуацыі. Не трэба прыцягваць яго ўвагу гукавым сігналам або міргаць фарамі.
  2. Сачыце за наваколлем. Уважліва аглядайце абедзве абочыны, прыдарожныя канавы, раздзяляльныя палосы, папрасіце дапамагчы ў гэтым пасажыраў. Насцярожыць павінен любы рух, цёмны сілуэт або бляск вачэй.
  3. Будзьце асабліва ўважлівыя на світанку і перад заходам сонца. У гэты час ласі найбольш актыўныя, а кіроўца наадварот — бачыць горш за ўсё.
  4. Варта памятаць, што ласі - гэта статкавыя жывёлы. Калі вы заўважылі лася, то побач могуць блукаць яшчэ некалькі.
  5. Ноччу па максімуме выкарыстоўвайце далёкае святло фар. На трохпалоснай дарозе займайце сярэдні шэраг, на двухпалоснай старайцеся трымацца бліжэй да цэнтра.
  6. Не губляйце пільнасці нават у населеным пункце. У пошуках ежы жывёлы могуць з’яўляцца і ў межах горада.
  7. Калі аварыя непазбежная, паспрабуйце мінімізаваць наступствы. Накіруйце аўто ў бок, адкуль бяжыць жывёла, паспрабуйце ператварыць лабавое сутыкненне ў слізгальны ўдар: затармазіце і трохі павярніце руль. У выніку асноўны ўдар прыйдзецца не на шкло, а на стойку машыны.

дарожны знак асцярожна дзікія жывёлы
Калі вы заўважылі на дарозе такі знак, гэта значыць, што ў гэтым месцы адбылося ДТЗ з дзікімі жывёламі. Ён носіць рэкамендацыйны характар і папярэджвае, што на гэтым участку дарогі варта быць асабліва ўважлівымі. Фота: Den Belov, iStock

Што рабіць, калі ДТЗ з жывёлай здарылася?

Спачатку трэба ўсвядоміць свой стан і выклікаць хуткую дапамогу. У стане шоку вы можаце не заўважыць, што траўмаваліся.

Не трэба падыходзіць да жывёлы, яна можа нанесці вам дадатковыя траўмы.

З’едзьце на абочыну, калі ёсць такая магчымасць, уключыце аварыйку і накіруйце святло аўтамабіля на жывёлу.

Месца здарэння ў такім выпадку пакідаць нельга. На вас могуць скласці адміністрацыйны пратакол за парушэнне часткі 2 арт. 18.16 КаАП — пакіданне месца дарожна-транспартнага здарэння, удзельнікам якога грамадзянін з’яўляецца, у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі. Мера пакарання — штраф у памеры ад 5 да 25 базавых велічынь або пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам да двух гадоў.

Таксама нельга забіраць тушу забітай жывёліны з сабой. За гэта можна атрымаць ужо крымінальнае пакаранне па арт 282 КК — незаконнае перамяшчэнне (транспарціроўка) або разделка дзікіх жывёл, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да аб’ектаў палявання, у тым ліку загінулых. Мера пакарання — пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.


❓Побач з тваім домам пабудавалі завод, вытворчасць якога псуе паветра?
❓У горадзе ўсё менш і менш паркаў, і ты не ведаеш, што з гэтым рабіць?
❓Хочаш паўдзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях, але не ведаеш як?

📞 «Зялёны тэлефон» — гэта бясплатная кансультацыя па вырашэнні тваёй экалагічнай праблемы ад дасведчаных аператараў і аператарак. Яны падкажуць, як скласці афіцыйны зварот, як арганізаваць грамадскія слуханні, дадуць параду.

Як звярнуцца на інфалінію? Абяры адзін са спосабаў:

  • патэлефануй на нумар +375 29 1 702 670
  • патэлефануй ці напішы ў месенджарах Viber ці Telegram +375 29 1 702 670
  • напішы на e-mail: [email protected]
  • напішы ў тэлеграме @green_phone_help
  • напішы ў Instagram, УКантакце, Facebook, Аднакласніках

Цяпер у «Зялёнага тэлефона» таксама ёсць свой сайт: https://greenphone.help.

Мы на сувязі па вырашэнні экалагічных праблем!
Распавядзі сваім сябрам і суседзям.