Міні-альбом “Зямля, вагонь ды вада” пакуль даступны толькі на YouTube. Цягам двух тыдняў ён з’явіцца на іншых платформах, абяцаюць музыкі.
Альбом складаецца з трох песняў: “Тадэвуш Рэйтан”, “Усяслаў Чарадзей” і “Зялёныя палі маёй зямлі” (кавер на ірландскую The Fields of Athenry аўтарства Pete St. John). Аўтар тэкстаў да першых дзвюх песняў – Дзяніс Жыгавец, тэкст трэцяй пераклаў Андрэй Хадановіч. Так атрымалася, што ЕР-ка запісвалася цягам трох гадоў у студыях трох гарадоў – Гродна, Кракава і Варшавы. Вокладку да міні-альбома зрабіла Дар’я Дзянісава, дачка лідара гурта Алеся Дзянісава.
“Дзякуй Богу, што хоць частку захавалі”
Гэта цалкам самадастатковы міні-альбом. “Ён – не частка будучага вялікага альбому. Зразумела, у 2020 годзе мы планавалі вялікі альбом. Быў матэрыял. Мы з ім працавалі. Але пасля жніўня стала зразумела, куды каціцца краіна, – распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў. – Я прапанаваў хлопцам запісаць хаця бы тое, што мы пачалі разбіраць і рэпетаваць. І дзякуй Богу, бо хаця бы частку захавалі! У выніку мы запісалі большасць інструментаў ды вакалаў яшчэ ў Гародні для 5 песен. Дзве з іх не ўвайшлі ў міні-альбом, бо яны не пасавалі пад канцэпцыю ЕР-шкі. Я думаю, што яны выйдуць пазней ці сінгламі, ці будуць часткай будучага новага альбому”.
У любым выпадку, песні, запісаныя на ЕР “Зямля, агонь ды вада”, не пойдуць у будучы альбом. “Гэтыя песні ўжо зрабілі сваю справу, і застаюцца ў гісторыі”, – падкрэслівае музыка.

Канцэпцыя альбома
У лічбе “тры” датчына да часу запісу і гарадоў няма ніякай містыкі. Гэта супадзенне, абумоўленае вымушанай эміграцыяй музыкаў праз рэпрэсіі ў Беларусі. Што датычыцца песен, то іх і планавалася тры, патлумачыў Алесь.
“Пазней нарадзілася канцэпцыя з трымя стыхіямі. І кожны герой з гэтых песен у нейкай ступені асацыюецца з гэтымі стыхіямі: Рэйтан – з зямлёй, Усяслаў Чарадзей – з агнём, невядомы ірландскій арыштант – з вадой”.
Песні запісваліся да вайны ва Украіне. “Але нам хацелася нават гэтым матэрыялам, які ніяк не звязаны з сучаснасцю, неяк выказаць свае адносіны да той бойні, якую развязаў Пуцін са сваёй бандай. Калі Вы заўважылі, то на вокладцы прысутнічае “пацыфік”: зямля, вада і агонь – супраць гэтай вайны! Гэта чалавецтва ўвесь час ваюе. А зараз яшчэ і ставіць усю планету пад пагрозу. Але прыродныя жыццёвыя законы – старацца жыць у міры, спакою ды супрацы”, – перакананы Алесь Дзянісаў.
Гродзенскі склад ужо наўрад ці збярэцца
Вялікі альбом, які задумваўся ў 2020 годзе, мусіў быць у духу першага альбому, “гармідарны” – і вясёлыя і сумныя песні, і пра гісторыю, і пра сучаснасць. “Абставіны склаліся такім чынам, што ён ужо не паўстане. Частка песен ужо не актуальна, частка – ужо не падабаецца, частку – трэба дарабляць. І апошні – гарадзенскі склад гурта – ужо наўрад ці збярэцца яшчэ раз. Прынамсі, я не веру ў гэтае. Таму трэба рухацца далей”.
Чытайце таксама: «Леаніды вяртаюцца…». Алесь Дзянісаў з гурта «DZIECIUKI» анансаваў альбом на вершы Караткевіча
Зараз гурт з Гродна працягвае сваю канцэртную дзейнасць у Польшчы. З’явілася некалькі новых песен. “Няхай і не так часта, але мы граем. З новым, “варшаўскім” складам, разабралі 14 ці 15 песен, з якімі выступаем. Апошні [канцэрт] быў у Сувалках, разам з польскім гуртом Kundle. Прыехалі людзі з Аўгустова, Олецка, Беластоку. Было атмасферна!”
З папярэдняга складу ў гурце засталіся трое: Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін і Уладзіслаў Бернат. На бубнах грае гродзенец Цімафей Штароў, на дудзе – Дзяніс Шматко з гурта Lity Taler, на бас-гітары і акардыёне граюць палякі. Як і раней, арганізацыйнымі пытаннямі займаецца Пётр Дудановіч.
Чытайце таксама:



