Падзеі 2020-га года не могуць даць беларускім падлеткам трывалага падмурку самасвядомасці, і белыя бранзалеты не абароняць ад паступлення ў сілавую ВНУ, лічыць пісьменніца Ганна Севярынец. Чаму Беларусь — гэта краіна-падлетак, і на што варта зважаць бацькам, каб выгадаваць дзіця беларусам, яна растлумачыла ў сваім Facebook.
Нагодай для допісу сталі «рознай ступені роспачнасці гісторыі пра беларускіх дзяцей, якім складана перажываць цяперашнія часы» ў публічнай прасторы і ў прыватных гутарках.
Ганна Севярынец — беларуская пісьменніца, настаўніца, даследніца, аўтарка кніг з гісторыі беларускай літаратуры.
Падлетку заўсёды вельмі складана, заўважае Ганна: «Гэты імклівы час чалавечага жыцця — час усведамлення сваіх матрыц, час адмовы ад улады дарослых, ад тых не заўсёды бяспечных, але заўсёды існых межаў, якія існуюць у сям'і». Якімі б ні былі тыя межы, у дзяцінстве за імі спакайней, чым без іх. Але «падлетак на тое і падлетак, каб іх асэнсаваць, паспрабаваць пашырыць і перарабіць, выйсці за іх, зруйнаваць альбо замацаваць унутры сябе як праграму далейшага жыцця».
Калі падлетак ідзе ў развіцці не туды, куды хацелі б бацькі, яны асабліва жахаюцца. Як прыклад Ганна прыводзіць сітуацыю, калі падлетак, які хадзіў з дарослымі на маршы і захоўвае белы бранзалет, пачынае свядома ўдзельнічаць у афіцыйных школьных мерапрыемствах або вырашае паступаць у мілітарызаваныя навучальныя ўстановы.
«Дарослыя звычайна не могуць зразумець: як так, ён жа з такой сям'і. А з якой сям'і? Якая калісьці некалькі месяцаў насіла белыя браслеты?»
Перажыты 2020 год не можа даць падлетку апірышча ў тым, што называецца самаідэнтыфікацыяй. Самаідэнтыфікацыя не будуецца на гістарычным імгненні, падкрслівае Ганна. «Яно можа стаць пунктам адліку, пераломам, выбухам, але — не падмуркам».
Падлеткі, акрамя іншага, шукаюць супольнасць, з якой маглі б ідэнтыфікавацца. «Ён яшчэ слабы як асоба, яму страшна перад сацыяльным космасам, пакідаючы на час свайго сталення матрыцу сям'і, ён шукае іншую — больш прывабную для яго, больш моцную, больш надзейную». У гэтым прычына далучэння да падлеткавых субкультур, якія часта падаюцца дарослым дурнымі або нават злачыннымі.
Сям’я мусіць прапаноўваць нешта мацнейшае. Гэта не значыць, што падлетак адразу прыслухаецца, хутчэй за ўсё якраз не. «Але пасля доўгага і драматычнага блукання ў ідэнтычнасцях самых розных Рёданаў ён непазбежна захоча знайсці нешта трывалае, мацнейшае за сябе, надзейнае самай рознай надзейнасцю, нейкую матрыцу, на якой можна выбудоўвацца як асоба».
Такой найпрасцейшай і натуральнай матрыцай Ганна лічыць нацыянальную: «у сучасным сэнсе, геаграфічным і культурным: гэта мая зямля, гэта мой народ, і я — частка гэтай супольнасці».
«Калі бацькі, ратуючы падлетка ад уплыву афіцыёза, вывозяць яго за мяжу, і там, за мяжой, працягваюць верыць у абарончую сілу белага браслета — яны непазбежна губляюць асобаствараючую ролю ў будучай ідэнтыфікацыі падлетка. Ён зробіць гэта без іх, і наўрадці - на карысць таго месца, дзе ён нарадзіўся», — заўважае Ганна.
«Гісторыя беларусаў насамрэч поўная таго ж самага схаванага ўпартага гераізма, які зразумее любы падлетак: што б ні было, якія б моцныя народы не прыходзілі ў твой пакой і не патрабавалі б ад цябе радавацца жыццю пад іхную дыктоўку, ты ўсё адно радуешся НЯ ТАК. Няхай ціха. Няхай павольна. Няхай праз скандалы і маўчанне тыднямі за сямейным сталом, але — НЯ ТАК.
Беларусь — краіна-падлетак, у самым поўным сэнсе гэтага слова. Не вынік, а шлях. Не пройгрыш, а нагода для сталення. Не імгненне, але гады".
Нацыянальную матрыцу, якая магла б стаць падлетку апірышчам у будучай ідэнтыфікацыі, можна закласці праз культуру. Яна зможа даць яму веданне, што ёсць нешта, на што ён можа абаперціся ў сваіх пошуках, — большае за часовыя суполкі і браназалеты.
Не трэба запіхваць культуру ў дзяцей гвалтам, яна проста мусіць быць побач, раіць пісьменніца. «У патрэбны час яна гэтаксама будзе побач — і юнак прыхінецца да яе, бо няма, мне падаецца, больш надзейнага падмурку для маладога чалавека, чым адчуванне сябе ў супольнасці сваіх адэкватных суграмадзян».
Трывалы нацыянальны падмурак дапамогуць стварыць:
«Беларушчына якая яна ёсць — сама па сабе надзейная прышчэпка і супраць афіцыёза любога кшталту, і супраць агрэсіі, і супраць самоты і адзіноты, бо вайб нашай культуры і нашай краіны — вельмі падлеткавы: адзінота і ўпартасць, змаганне і падуладнасць, немагчымасць замкнуць дзверы свайго пакоя на ключ — і вострая прага калі-небудзь гэта ўсё ж такі зрабіць.
І тады, калі такі падмурак будзе, я б не баялася нават паступлення падлетка ў любыя сілавыя акадэміі. А што, нашай краіне не патрэбная свая армія? Свая міліцыя? Свой суд?", — заўважае Ганна.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…