4 лістапада “МазгаБойня” адзначыла другі дзень нараджэння. Адсвяткавалі падзею незвычайнай гульнёй без сталоў, дзе кожны мог завесці новыя знаёмствы, перамагчы і проста адпачыць.
Каб не кучкаваліся
Гродзенскай “МазгаБойняй” два гады займаюцца мінчукі Андрэй, Улад і Аляксей. Раз на два тыдні яны прыязджаюць у наш горад, каб гродзенцы атрымалі пазітыўныя эмоцыі і бутэлечку шампанскага.
На дні нараджэнні “МазгаБойні” сыгралі каля 40 каманд. Гульня праходзіла без сталоў, а ў перапынсках паміж турамі граў гурт “IN-OUT”.
– Мы зладзілі такую гульню, каб людзі пачалі камунікаваць адзін з адным, не кучкаваліся дробнымі кампаніямі, заводзілі новыя знаёмствы, – кажуць арганізатары.

Па падліках за два гады гульню наведала дзесяць тысяч гродзенцаў, а пераможцы выпілі 300 бутэлек шампанскага. Пры тым рознага: ад 750 мл да трох літраў.
Базавыя веды, кемлівасць і камандная гульня – сакрэт поспеху пераможцаў
Мінчукі не называюць “МазгаБойню” інтэлектуальнай гульнёй:
– “МазгаБойня” гэта поп-гульня, куды людзі прыходзяць, каб атрымаць добры настрой, эмоцыі, паразмаўляць з сябрамі. Так, ёсць пытанні-адказы, але гэта не галоўнае, што ў нас ёсць, – тлумачаць яны.
Гульня складаецца з блокаў: тэкставыя пытанні, пытанні з малюнкамі, музыкальны тур і бліц. Пытанні ў класічных інтэлектуальных гульнях патрабуюць пэўных рамак адказу, патрабаванняў да фармуліроўкі пытання. У “МазгаБойні” ж яны такія, каб чалавек атрымаў задавальненне, незалежна ад таго, адказаў ён ці не.

Арганізатары лічаць, што каб граць у МазгаБойню не патрэбна ніякая падрыхтоўка – толькі сабраць аднадумцаў, прыдумаць арыгінальную назву і зарэгістраваць каманду. Рэгістрацыя праходзіць Укантакце за некалькі дзён да гульні.
– Веды, якія мы атрымалі ў школе, універсітэце, пры зносінах з калегамі і сябрамі – гэта аснова, на якую накладваецца кемлівасць і ўяўленне. Да таго ж, важная камандная гульня. Пры камунікацыі нараджаецца адказ, – кажуць мінчукі.
“Лямпавая” атмасфера і табліца-перавёртыш
Арганізатары стараюцца разнастаіць гульні. На “МазгаБойні” праходзілі гульні з ліхтарамі, калі гульцы пісалі адказы на крафтавай паперы крэйдай. Пытанні былі прасцейшымі, а атмасфера – “лямпавай”. Мінчукі вылучаюць першакрасавіцкую гульню – там былі жартаўлівыя пытанні, а выніковую табліцу перавярнулі. Прызавое шампанскае атрымалі каманды, якія пры звычайнай гульні былі б апошнімі. А каманды, якія набралі балаў больш за ўсіх, атрымалі квіткі ў музей.
Таксама вылучаюць “оскарскую” гульню. Трапіць на яе можна было, зарэгістраваўшыся хутчэй за ўсіх ці зняўшы відэапародыю на вядомы фільм. Дзяўчаты ў сукенках, мужчыны ў касцюмах на ўваходзе бясплатна атрымлівалі келіх шампанскага. Рэгулярна праходзіць Ліга Чэмпіёнаў – гульня для самых моцных каманд.
– На Лізе Чэмпіёнаў у нас была сімпатычная дзяўчына, якая паказвала таблічкі з нумарамі тураў. І паступова здымала то кофту, то шорты, але не даводзячы да распусты. Гледзячы на вынікі апытання Укантанце, мужская палова хацела б убачыць гэта на наступнай Лізе Чэмпіёнаў.

Апошнім часам “МазгаБойню” пачалі клікаць на карпаратывы і дні нараджэння. Арганізатары кажуць, што для людзей гэта тымбілдзінг, адрэналін і проста іншая атмасфера. Замест сямі тураў праводзяць дзесяць. Цана такой гульні абмяркоўваецца з заказчыкамі.
“МазгаБойня” – месца сустрэч
– Папулярнасць такіх гульняў у атмасферы. “МазгаБойня” – месца сустрэчы сяброў, калег, сваякоў. Камунікаваць можна і ў камандах, і паміж камандамі. Пасля пікніка “МазгаБойні” ўсе сталі адной сям’ёй, – расказваюць мінчукі.

Прычым, не толькі вобразна. У Брэсце хлопец і дзяўчына пазнаёміліся на “МазгаБойні” і два месяцы таму згулялі вяселле. У Гродне Таня і Сяргей з каманды “Тюлень-монах” месяц таму пабраліся шлюбам. Праўда, яны былі знаёмыя яшчэ да “МазгаБойні”.
Хлопцы пачыналі, гуляючы ў “МазгаБойню”, і дагэтуль граюць. Але прызнаюцца, што ходзяць на гульню адпачыць. Так што могуць трапіць і на апошняе месца, і на льготную рэгістрацыю.
– Моманты радасці людзей, усмешкі, калі ты ходзіш па зале, бачыш, як людзі абмяркоўваюць пытанні, жартуюць – гэта прымушае прыязджаць, укладаць як мага больш эмоцый і сілаў у гульню. Людзі нас сілкуюць, – расказваюць арганізатары.
Першая гульня ў Гродне прайшла 4 лістапада 2014 года. Тады заявілася 30 каманд.
Мінскай “МазгаБойні” ў красавіку 2017 года будзе пяць гадоў. Штат налічвае каля трохсот чалавек: ад людзей, якія збіраюць бланкі з адказамі, да юрыстаў, якія распрацоўваюць дагаворы. У “МазгаБойню” гуляюць у 40 гарадах. Кожны тыдзень ці два дадаецца новы горад, вялікі ці маленькі. У кожным горадзе ёсць сваі памочнікі, дыджэі, фатографы. Зараз “МазгаБойня” выходзіць на міжнарожны рынак. У беларускую гульню ўжо граюць у Расіі, Германіі і Швейцарыі.










