Чаго не хапае настаўнікам, а ад чаго, наадварот, галава ідзе кругам? Колькі сёння зарабляюць у школах? Напярэдадні Дня настаўніка Hrodna.life пагутарыў з прадстаўнікамі гэтай прафесіі і даведаўся, чаму яны яе абралі.
Прафесію настаўніка Вераніка не выбірала. Хутчэй, прафесія выбрала яе. Спачатку яна працавала выкладчыцай ва ўніверсітэце.
«Калі я пачала працаваць ва ўніверсітэце, я заўважыла, што студэнты маюць патрэбу ўва мне, у тым, чаму я іх вучу. І мая праца здабыла сэнс і каштоўнасць для мяне», — кажа Вераніка.
Вераніка кажа, што ў працы настаўніка ёсць шэраг плюсаў.
«Па-першае, я шалёна люблю дзетак, па-другое, ты даеш дзецям веды, па-трэцяе, гэта перш за ўсё праца з людзьмі: дзецьмі, бацькамі, калегамі. Гэта значыць, ты пастаянна развіваешся ў зносінах. Па-чацвёртае, ты развіваешся агулам праз удзел у розных канферэнцыях, алімпіядах, у творчай дзейнасці: пішаш артыкулы, вершы, апавяданні і г. д. Для мяне быць настаўнікам — гэта ўвесь час развівацца. Таму я ў выніку ім і стала».Апроч гэтага, да пераваг сваёй працы Вераніка адносіць вялікі адпачынак — пры тым летам. «Ведаю, на іншых працах у людзей з гэтым бываюць праблемы».
Работа настаўніка мае і адмоўны бок. На думку Веранікі, значны мінус прафесіі - шмат дакументацыі. «Адсюль і недахоп вольнага часу, таму што ты пастаянна заняты запаўненнем журналаў, ведамасцей і г. д.»
Каб зэканоміць час, дакументацыю нарэшце трэба перавесці ў электронны выгляд, кажа Вераніка.
Вераніка, як і яе калегі, чакае павышэння тарыфу першага разраду. Але не думае, што пасля гэтага яе дабрабыт значна палепшыцца. «З ростам заробкаў растуць і цэны на прадукты, таму наўрадці гэта будзе заўважна».
Аляксандра Васільеўна — настаўніца малодшых класаў, якая ўжо чацвёрты год працуе на пенсіі. «У мой час прафесія настаўніка была вельмі прэстыжнай», — кажа яна, але зараз хутчэй шкадуе аб такім выбары. Зарплаты «стабільна малыя», а пасля 37 гадоў працы пенсія — усяго 300 рублёў.
Адпрацаваўшы тры гады на пенсіі ў родных Ганцавічах, Аляксандра Васільеўна была вымушана з’ехаць у Брэст. Знайсці больш-менш годную працу ў невялікім райцэнтры не атрымалася. У родным горадзе на месца Аляксандры Васільеўны прыйшла маладая настаўніца.
Аляксандра кажа, што ў невялікім райцэнтры знайсці працу вельмі складана і маладым. А ў Брэсце настаўніцу з вялікім досведам узялі з задавальненнем.
З плюсаў сваёй працы Аляксандра Васільеўна, бадай як і большасць настаўнікаў, адзначае вялікі летні адпачынак. Але кажа і пра праблемы. У школе, дзе яна зараз працуе, класы перагружаны. «Клас 30 чалавек — гэта зашмат. Аптымальна 20, ну 25».
Палову працы займае запаўненне ўсялякіх папераў і справаздач. «Замест дзяцей прысвячаем час паперам». Добраахвотна-прымусовае святкаванне дзяржаўных святаў з абавязковым наведваннем мітынгаў таксама дасведчанай настаўніцы недаспадобы.
Раней у Ганцавічах Аляксандра Васільеўна зарабляла абяцаныя «папяццот». Праўда, рублёў. Зараз спадзяецца, што пасля павышэння заробкаў будзе мець рублёў 600−650.
Кася прызнаецца, што ніколі не збіралася быць настаўніцай, ёй проста хацелась вучыць мовы. Таму яна і абрала лінгвістыку. На апошнім курсе ўніверсітэта Кацярына ўжо падпрацоўвала выкладчыцай у каледжы.
«Мне трохі падабалася працаваць у каледжы, бо там я займалася тэхнічнай англійскай мовай. І яшчэ мне падабаецца працаваць з крыху старэйшай моладдзю».
Зараз Кася займацецца рэпетытарствам. Ёй гэта даспадобы, бо цяпер яна займаецца «сапраўднай англійскай».
«Тут мне не трэба падпарадкоўвацца школьнай праграме. А праца ў школе — гэта не маё». Пры гэтым яна ўзгадвае пазітыўныя моманты школы: доўгі адпачынак, пастаянны кантакт з дзецьмі і моладдзю, які дае энергію і сілы. І адразу кажа пра негатыў: працы з дакументамі больш, чым з дзецьмі.«Я не разумела такога патрабавання: пастаянная наяўнасць паўрочнага плану з мэтамі і задачамі. Я лічу, што трэба надаваць больш часу падрыхтоўцы да заняткаў, а не напісанню планаў».
Пра паперы Кацярына ўзгадвае невыпадкова. Яна выкладала англійскую і была класным кіраўніком, а гэта дадавала яшчэ больш працы з паперамі. Разам з прэміяй ды надбаўкамі для маладога спецыяліста і за класнае кіраўніцтва Кася зарабляла ад 500 да 650 рублёў.
Жаданне стаць настаўніцай у Святланы Іосіфаўны зарадзілася ў школе. «Мне падабалася назіраць за настаўнікамі і мне вельмі хоцелася стаць настаўніцай».
Пры паступленні ва ўніверсітэт Святлана Іосіфаўна разглядала два варыянты: архітэктура або настаўніца матэматыкі. Пра свой выбар ні кроплі не шкадуе: «Калі б яшчэ раз вярнуцца назад, напэўна, я б зноў стала настаўніцай».
Пасля ўніверсітэту яе размеркавалі ў Гродзенскі раён, адкуль праз 10 год яна перабралася ў Гродна і пачала працаваць у школе № 10 — цяпер гімназіі. У мінулым годзе яна сышла на пенсію.
«Безумоўна, матэматыка — адзін з самых складаных прадметаў. Дзецям складана, але калі ты тлумачыш і бачыш, што цябе разумеюць, і ты адчуваеш зваротную сувязь, то разумееш, што ўрок прайшоў недарма».
На пытанне пра заробкі Святлана Іосіфаўна адказвае толькі, што калі ў настаўніка дастатковы досвед і катэгорыя, то можна разлічваць на сярэднія па краіне грошы.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…