Людзі і справы

«Дзедам Марозам трэба быць у душы». Як гродзенец стаў навагоднім персанажам

Гродзенец Дзмітрый Пацук «дзедмарозiць» ўжо больш за 12 гадоў. Пачалася яго гісторыя ў ролі казачного персанажа ў пачатку 2000-х у Шчучыне, працягнулася ў войску. Сёння Дзмітрый — адзін з самых дасведчаных Дзядоў Марозаў у Гродне, а з 2005 года ў Цэнтры Творчасці дзяцей і моладзі без яго не праходзіць ніводнае навагодняе свята.

Усё было для таго, каб стаць Дзедам Марозам

Са снежня 2016 года па студзень 2017 у Дзмітрыя ў планах 35 навагодніх ранішнікаў, дзе ён віншуе тысячы дзетак. Праца складаная, але цікавая, якой трэба аддавацца цалкам.

«Мой першы касцюм Дзеда Мароза з’явіўся ў 2002 годзе, пад самы Новы Год. Так атрымалася, што пасля каледжа мастацтваў мяне панесла „марозіць“. Спачатку ў Шчучыне ў Доме культуры, а пасля ў войску Дзедам Марозам давялося быць. І ўжо пасля дзембеля я зразумеў, што гэта маё прызначэнне. Таму што ў мяне ўсё было для таго, каб стаць Дзедам Марозам: камплекцыя, тэмбр голасу, дыкцыя і гаворка граматная. I вось з 2005 года працую Дзедам Марозам без перапынкаў», — кажа Дзмітрый.

Калі не сезон, вучыць дзяцей граць на гітары

Па прафесіі Дзмітрый — педагог дадатковай адукацыі. Цэлы год, акрамя часткі снежня і студзеня, ён вучыць дзяцей граць на гітары. Да сваёй сезоннай працы мужчына ставіцца сур’ёзна. Кажа, што Дзедам Марозам проста так нельга стаць — ім трэба быць у душы.

«Штодзённыя ранішнікі ў асноўным толькі ў канцы снежня і пачатку студзеня, тады ж і праходзіць бесперапынная праца Дзедам Марозам. На першых маіх ранішніках я вельмі хваляваўся, хоць і ўсё было ў мяне адпрацавана. А потым я так ужыўся ў ролю, што адчуў сябе сапраўдным Дзедам Марозам. Нават летам дзеці сталі пазнаваць на вуліцы, ды і некаторыя жанчыны на карпаратывах падыходзілі і віталіся як з Дзедам Марозам».

«Людзi не павiнны забываць Дзеда Мароза»

На калядных і навагодніх святах Дзмітрый працуе ў сінім касцюме Дзеда Мароза, а не ў звыклым для ўсіх чырвоным. Гэта ён робіць паводле старой і добрай традыцыі.

«Наогул касцюмы ў мяне два, чырвоны і сіні. Але перавагу аддаю другому, бо я вырас на савецкіх казках, а там часта Дзяды Марозы былі ў сініх — марозных касцюмах.

Я заўважыў, што з’яўляецца ўсё больш і больш касцюмаў розных колераў. Вось нядаўна бачыў і чорны, і жоўты. Усё мяняецца, таксама погляды і настроі людзей. Вы паглядзіце, усё больш у горадзе можна заўважыць касцюмаў Санта Клаўса, ды і нават нашага нацыянальнага Зюзю можна ўбачыць. З аднаго боку гэта добра, але мы не павінны забываць пра слаўнага Дзеда Мароза".

Разам з такімі пераменамі змяняецца і стаўленне дзяцей да Дзеда Мароза. Дзмітрый распавядае, што раней было больш дзяцей зацікаўленых у існаванні зімовага казачнага персанажа, зараз жа цікавасць прыкметна знікае.

«Ёсць дзеці, якія не хочуць ужо казку, а проста хочуць падарункі. Бывала, калі са школьнікамі вітаешся, то яна крычаць: «Здарова мужык, чаго ты там ходзіш!»

Усё менш дзяцей верыць у Дзеда Мароза, ідзе новае пакаленне. Я заўважыў гэта нават па падарунках: многія не жадаюць ужо прысмакі і цацкі, ім патрэбныя планшэты ці іншыя гаджэты. Не перастаюць радаваць толькі самыя маленькія, якія яшчэ вераць у сапраўдную казку".


«Хто на маім раёне бабло косіць?»

Без кур’ёзных сітуацый навагоднiя святы ў гродзенскага Дзеда Мароза не праходзяць. Заўсёды адбываецца нешта незвычайнае.

«Бывае, калі ўжо трэці ці чацвёрты ранішнік за дзень праходзіць, то блытаюцца словы. Напрыклад, замест «Дзеці, давайце елачку запалім» у мяне неяк атрымалася «загарым». Гэта нямногія заўважаюць, але бывае.

Нядаўна да маёй суседкі прыйшлі дзве сяброўкі пераапранутыя ў Дзеда Мароза і Снягурку. Я калі пачуў шум у пад’ездзе, то таксама вырашыў пераапрануцца. Адкрываю дзверы і сур’ёзным голасам кажу: «Хто на маім раёне бабло косіць?». Жанчыны спалохалiся.

Зусім нядаўна быў выпадак, калі школьнік падбег да мяне, пацягнуў за бараду, пры гэтым зрабіў сэлфi і ўцёк".


У доме павінна быць трохі свята і добрай казкі

Раней Дзмітрый пасля ранішнікаў і ў навагоднюю ноч хадзіў па кватэрах і віншаваў дзяцей, зараз ён стаў рабіць гэта радзей, бо колькасць заказаў з кожным годам падае.

«У гэтым годзе, напэўна, упершыню за доўгі час буду сустракаць Новы Год дома. Можа гэта і да лепшага. Хачу пажадаць усім гродзенцам, каб яны верылі ў цуд, якi павінен калі-небудзь адбыцца і з імі. Таксама хачу ўсім пажадаць, каб нягледзячы на розныя праблемы і цяжкасці, заўсёды ў доме было трохі свята і той самай добрай казкі».

Падзяліцца
Меткі: дзеціхобі

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024