Надзея - аўтарка ўжо сямі надрукаваных кніг. Яна называе сябе «чароўнай» пісьменніцай але прызнаецца — пісаць кніжкі дапамагаюць не чары, а дысцыпліна і навыкі арганізацыі часу. Сваіх герояў і чароўныя сюжэты яна знаходзіць паўсюль. Вуліца Сталетава з апошняй казкі - гэта рэальнае месца ў Мінску, а дзяўчынка Лаўра Буранкова некалі сапраўды вучылася ва ўніверсітэце, дзе выкладала Надзея. Усё гэта пісьменніца расказала гродзенскім чытачам на сустрэчы 27 красавіка на прэзентацыі новай кнігі аўтаркі «Васковы чараўнік».
«Ці праўда быў воскавы чараўнік?»
Раздзяліць праўду і домыслы ў казках Надзеі не так проста. Васковы чараўнік, па словах пісьменніцы, рэальна існаваў у яе жыцці. Кажа, неяк варажылі з сяброўкай на воску. Было гэта падчас навучання ў магістратуры, перад экзаменам па філасофіі. «У мяне атрымалася фігурка, якая нагадвала кітайскага філосафа Канфуцыя і гэта гісторыя гадамі не выходзіла з галавы. Думалася, а што, калі б такую фігурку пабачыла маленькая дзяўчынка? Яна б дакладна не падумала, што гэта Канфуцый. Напэўна ўбачыла б чараўніка. Так і пачала складацца казка.»
«Дзіўнае» імя казачнай дзяўчынкі і нават яе вобраз таксама падказала жыццё. Лаўра Буранкова — рэальная мінчанка, каторая некалі была студэнткай Надзеі. «Сапраўдная Лаўра была такая ціхая, сціплая, са светлымі валасамі, зялёнымі вачамі і вяснушкамі. Канечне, яна была старэйшай за гераіню казкі, але усё роўна — яе вобраз так запаў у душу, што не бачыла нікога другога на месцы гераіні. Не ведаю нават, ці яна здагадваецца, што патрапіла ў казку».
«Гэта частка маёй рэчаіснасці»
Самы вялікі «герой» казкі пра васковага чараўніка - вуліца Сталетава. У казцы на ёй жывуць з большага вельмі сталыя, на думку дзяўчынкі - амаль стогадовыя людзі. Гэты герой — таксама прывітанне з рэальнага Мінска і прыхільнасці аўтаркі да роднага горада. Дарэчы, нават назву беларускай сталіцы Надзея змагла чароўным чынам скарыстаць у сваёй творчасці. Псеўданім «Ясмінска» азначае ні што іншае, як «Я с Мінска».
«Кажуць, што аўтар не можа расказаць таго, што не ёсць яго часткаю. У мяне кожная кніжка - гэта частка маёй рэчаіснасці. У маіх творах адназначна заўжды ёсць чараўніцтва. Не важна — для дарослых гэта кнігі, ці для малых. Я не умею пісаць не-чароўныя гісторыі. Я спрабавала — не атрымліваецца».
Чары і таймменеджмент
Першы твор Надзеі быў напісаны ў 2006 годзе, а зараз яна мае ўжо 7 выдадзеных кніг і шэраг прэстыжных узнагарод. Яна - лаўрэат рэспубліканскага конкурса твораў для дзяцей і падлеткаў «Дзіцячы свет такі багаты» і прэміі Цёткі. А кніга «Сем ружаў» прынесла ёй дыплом пераможцы конкурса «Бібліязважанне-2016» і месца ў пяцёрцы самых лепшых беларускіх аўтараў года.
Аднак тут магія ні пры чым, кажа Надзея.
«Дапамагаюць не чары, а арганізацыя асабістага часу. Пісьменнік не павінен спадзявацца толькі на натхненне. Трэба працаваць як звычайнаму рабочаму — штодня і не менш за чатыры гадзіны».
Але цалкам пазбавіцца ад уплыву магіі ў працы таксама не атрымліваецца. «Кожны дзень нараджае новыя ідэі. Выпадковая пабачаная дробязь можа нечакана павярнуць увесь сюжэт. Калі б я пісала гэту главу ў другі дзень, усё могло б быць інакш».
Падзялілася Надзея і іншымі «фішкамі» творчага працэсу. Аказваецца, звычайна яна піша казкі на камп’ютары, але калі сцэне не даецца, то пераходзіць на паперу і працягвае ад рукі. Калі нават гэта не дапамагае, то Надзея пачынае пісаць на … каляровай паперы!
Кнігі ці гаджэты
«У кніг зараз вельмі шмат канкурэнтаў» — прызнае Ясмінска. Простыя гульні з гаджэтаў і камп’ютараў спажываць прасцей. Тут разумела куды глядзець, дзе націскаць і як будзе паводзіць сябе персанаж. У кнізе для разумення трэба прыкласці намаганні. Кнігу трэба умець бачыць. На сустрэчы Надзея гуляла з дзецьмі, паказвала ілюстрацыі - ажыўляла казку.
«Деці любяць чытаць кнігі. Проста яны пра гэта не ведаюць. Калі я сустракаюся з дзецьмі, не бывае такога, што кажуць — мы не будзем чытаць. Усе становяцца ў чаргу, каб узяць кніжкі. Калі маёй казкі ў бібліятэцы няма, то просяць даць хоць якую. Ім хочацца чытаць, хочацца ўзяць нешта проста зараз.»
Чакаем беларускага Бабайку
Надзея піша кнігі па-руску і па беларуску. «Размаўляць мне зручней па-руску. Нажаль, у маім дзяцінстве не было тых кніжак, што залажылі б падмурак беларускасці. Але зараз я праводжу чытанні ў голас з дзецьмі. Магчыма, я сама ўжо не стану такой зусім беларускамоўнай, але нашым дзецям гэтыя казкі дапамогуць. Так раблю свой унёсак у развіццё і захаванне беларускай мовы».
Сёлета выйдуць з друку яшчэ тры беларускамоўныя кнігі Надзеі. Першай будзе казка «Чаму Меша не мае хаты», напісаная па матывах беларускага фальклору.
«Меша — гэта беларускі бабайка. Такая істота, каторай нашы продкі палохалі непаслухняных дзяцей». Па словах Надзеі, зачапіў яе артыкул пра Мешу з энцыклапедыі. Апісвалі яго хутчэй як шкодніка, а не як злыдня. Ён пакрыты чорнай калючай поўсцю і звычайна - палохае, гарэзнічае і шкодзіць. «Я задумалася, чаму Меша стаў такім? І прыдумала, што спачатку ён быў белым і пухнатым, а пасля пакрыўдзіўся. Так атрымалася кніжка пра Мешу — добрая і вельмі беларуская».