Людзі і справы

Дзеці і дэдлайны Волі Вялічка. Сям’я кіраўнічкі дзіцячага хоспіса пра жыццё мамы-дырэктаркі

Воля Вялічка — першая і нязменная дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса ўжо 10 гадоў. Пачыналася праца з 2 супрацоўніц і 8 падапечных у 2008 годзе. Зараз пад апекай хоспіса 80 сямей з цяжка і невылечна хворымі дзецьмі. Як дырэктарка, Воля часта дае інтэрв'ю аб працы ўстановы. Для Hrodna.life пра маму-дырэктарку расказала сям’я Вольгі: муж Сяргей і дзеці - Міша і Радаслава.

Для сям'і - толькі ранак і вечар

«Першы раз у дзень я бачу маму, а сёмай раніцы. Я прачынаюся і прыходжу на кухню. Мама п’е каву», — расказвае Міша.

«А калі прачынаюся я, мама ўжо варыць кашу», — кажа Радаслава.

«Потым мы разыходзімся і не бачымся цэлы дзень», — дадае Вольга.

Дома сям’я збіраецца толькі ўвечары. «У нас няма падзелу на мужчынскую і жаночую працу, — расказвае Сяргей. — Хто першы прыйшоў, той займаецца вячэрай. А часцей усю хатнюю працу робім разам».

«Калі няма традыцыйнага падзелу працы і завышаных чаканняў адзін да аднаго, то гэта нармальна, — згаджаецца Воля. — Мы не ставім быт вышэй за жыццё. Проста важна, каб з такім выбарам усе былі згодны».

«Ты мамачка не крыўдуй, але Сяргей лепш гатуе», — хітра ўсміхаецца Радаслава. Міша па-даросламу тлумачыць, што мама таксама гатуе добра. Нават умее варыць суп «як бабулечка» і пячы дзіўныя булачкі з часныком. «Проста ў яе рэдка ёсць час. Яна гатуе толькі па выходных».

Выхаванне без нагляду

«Мама нас ад нараджэння трохі павыхоўвала, а потым ужо і не трэба. Мы самі ўсё ведаем», — ахвотна тлумачыць Радаслава. Усё зразумела — трэба быць паслухмянымі і прыносіць добрыя адзнакі. Праўда, гэта не заўсёды цікава рабіць, але маме падабаецца.

«Колькі б часу дзецям не аддаваць, усё роўна будзе не дастаткова, — разважае Вольга. — Але ў гэтым трэба бачыць свае плюсы. Калі толькі перажываць, толку не будзе. Як у анекдоце — „З такім настроем ты слана не прадасі“. Бацькі павінны навучыць дзяцей быць самастойнымі. За апошні год нашы моцна падцягнуліся ў арганізаванасці. А пры патрэбе — мы на тэлефоне».

Яшчэ адну порцыю выхавання дзеці атрымліваюць перад сном. Гэты час адводіцца на цікавыя кніжкі. Зараз чытаецца «Самы багаты чалавек на зямлі». «Пра грошы дзецям трэба тлумачыць на простых жыццёвых прыкладах. Каб разумелі, што не вярта без патрэбы пазычаць ці раздаваць. І што трэба ўмець ацэньваць рызыкі», — расказвае Сяргей. Першыя вынікі «фінасавых» чытанняў - заведзеная капілка «на гіраскутар».

А вось звычайныя казкі дзецям ад малога не спадабаліся. Сказалі: «З намі такое не пройдзе».

Мамін любімы прадмет

«З маіх урокаў мама больш за ўсё любіць гісторыю. Праз гэта сёння дзясятку атрымаў. Учора разам параграф чыталі», — расказвае Міша. А Радаслава прынесла «плюсік у кружочку» — і гэта таксама лічы што дзясятка — за скарагаворку. Праўда, перагаварыць маму пакуль усё роўна не атрымліваецца. Радаслава ўпэўненая, што з яе заняткаў мама найбольш любіць скрыпку. «А дзеля каго ж я па-вашаму іграю?»

Мамін любімы фільм

Яшчэ адна сямейная завядзёнка — разам глядзець кіно. Толькі вызначыць, якія фільмы маме найбольш падабаюцца, дзеці так і не змаглі.

«Мама пры тэлевізары альбо працуе, альбо засынае. Сядаем разам кіно глядзець — яна бярэ падушку і пачынае спаць», — прызнаецца Радаслава.

«Дзеці, інтэрв'ю — гэта не споведзь», — жартуе Сяргей. Але малыя хорам пярэчаць — самі вучылі, што трэба казаць праўду.

Маміна праца

«Ноўтбук, тэлефон, бумажкі і ручка», — вось так коратка Радаслава апісвае маміну працу. На рабоце — тое самае. Толькі замест ноўтбука — камп’ютар. «Мамачка робіць дакументы, яна працуе ў хоспісе дырэктаркай. Яшчэ яна ездзіць да дзяцей, хто сам не можа прыехаць».

«Калі мама едзе да дзяцей, то можа рабіць масаж. Мы часам з таксама з ёй ездзім. Але дапамагчы не можам. Мы не спецыялісты, а такую працу толькі спецыялісты могуць рабіць. Калі мы з мамай, то застаемся ў іншым пакоі. А як чакаем маму ў хоспісе, то можам пагуляць у сэнсарным пакоі. Калі ёсць дзеці - то з імі, а калі не — то самі», — расказвае Міша.

Што робім для мамы

«На дзень нараджэння многа ўсяго робім, а каб кожны дзень — то не. Яшчэ было, што на 8 сакавіка па хаце рассыпалі „цэлы мех“ пялёсткаў ад руж. Мама прыйшла і моцна здзівілася. Яны так да вечара і цэлую ноч ляжалі. А потым Сяргей іх прыбіраў. Маме не было калі», — расказалі дзеці.

Радаслава вельмі любіць дапамагаць маме ў стварэнні іміджу. «Гэта быў эксперымент. Мама паказвала, з чаго можна выбіраць, а я складвала ёй касцюм», — расказвае Радаслава.

Праўда, мама часта капрызіла і не згаджалася адзявацца паводле густу дачкі. «Я старалася выбіраць самыя яркія строі, каб мама была прыгожая. А ў яе — то важная сустрэча, то дзелавыя перамовы. Не спрачалася, толькі калі ведала, што на цэлы дзень застанецца ў хоспісе. Але ж там не відаць мае старанні, там мама цэлы дзень у белым халаце, бо мама — доктар».

Маміны дэдлайны

«Быць проста мамай і жонкай для мяне мала. Я спрабавала — не атрымалася», — шчыра прызнаецца Воля. «Праца сям'і гэта не памеха, — згаджаецца Сяргей. — Самае кепскае, калі чалавеку забараняюць быць сабой».

«Для мяне заўсёды лепш, калі ўсё казаць наўпрост. Я не Аліса з міелафонам, каб здагадвацца, хто што думае. На тое, каб патлумачыць, ёсць словы. Можа я занадта прамая, можа часам трэба было б прамаўчаць, але я так не магу. Інакш непаразуменні назбіраюцца і потым усё роўна выльюцца. Лепш адразу. Нешта не так, не падабаецца — скажы. Прыдумаем, як паправіць».

«І вызначым дэдлайны», - жартуе Сяргей.

Пра Воліну любоў да дэдлайнаў ведае ўся сям’я і ўсе яе супрацоўнікі.

«Ну так, са мной складана», — уздыхае Вольга. Канечне складана — пачынае хіхікаць дачка. Каму ж лёгка, калі ты распарола банкетку, каб «парваць інтэрнэт» ролікам пра палёты і вадаспады з шарыкаў напаўняльніка, а мама прыйшла — і прымусіла ўсё збіраць. «Так убіралі, што пыласос згарэў». Канечне, нялегкі мама чалавек. У яе не пасваволіш. У яе паўсюль дэдлайны.

Савет дырэктараў на агульнай канапе

На працы Сяргей — таксама кіраўнік. Але ён — прыхільнік сітуатыўных рашэнняў. Як аматар японскай філасофіі, асвойвае мастацтва змагацца так, нібы ты ўжо памёр. Тады не страшна нешта згубіць ці прайграць. «У мяне няма адчування, што я замкнёны ў межах часу. Проста жыву так, каб не сорамна было за пражыты дзень. Інакш — усё на вецер».

Да Воліных вечных дэдлайнаў ставіцца спакойна. Дэдлайны — значыць дэдлайны. «Сам я нікога не падганяю. Ведаю, што ўсё зробіцца ў той час, як будзе трэба. Не лічу, што па загаду ўсе павінны зрывацца і бегчы. Проста ведаю — сітуацыя пад кантролем і ўсё будзе добра».

«З дэдлайнамі - дакладна ўсё будзе добра, — не здаецца Воля. - Часам людзі кажуць — не заўважаю, як час ляціць. А я — заўважаю. У мяне ўсё распланавана. Студзень, сакавік, красавік — калі няма вынікаў, то мне ажно „падгарае“. Я патрабавальная да сябе і да іншых. Можа я эгаістка, але калі не на 100% укладацца, то не разумею ўвогуле, навошта было брацца за справу».

«У нас узаемадапаўняльныя мэнеджарскія падыходы, — паціскае плячыма Сяргей. — Таму дома нікому не трэба наўпрост кіраваць. І так ясна, каму што рабіць, усё само арганізуецца».

Мама вучыцца ад сям'і

«Міша ўмее выбачацца — і гэта тое, чаму ад яго варта вучыцца, — кажа Вольга. — Калі разумееш, што не маеш рацыі, трэба папрасіць прабачэння. Я магу насварыцца, успыхнуць, нехта сказаць згарача і мы пасварымся. Міша потым падыдзе, скажа: «Я сябе няправільна паводзіў, даруй». Таксама ён добра адчувае, калі патрэбна падтрымка. Гэта яго моцны бок. І гэта тое, чаму я ад сына вучуся.

Ад Радаславы варта навучыцца лёгкасці. Яна заўжды гатова танцаваць і спяваць. З яе любая праблема сцякае, як з гуся вада. А я заўжды «гружуся». Варта навучыцца лёгкасці ад дачкі.

Сяргей — прыклад таго, як можна шукаць альтэрнатыўныя выйсці. Калі ў мяне нешта не атрымліваецца, а гатова «капаць і далбіць» пакуль не атрымаецца. А ён кажа — давай заўтра паспрабуем інакш".

«Часам я думаю, што Воля змагла б знайсці закрытыя дзверы сярод пустыні і біцца ў іх «да пераможнага канца». Я гатовы абыйсці з іншага боку і адкрыць ёй. А яна напэўна скажа: «Закрый. Я мушу сама знайсці выйсце», — жартуе Сяргей.

«Мне нават дзіўна, што можна думаць інакш. Я прывыкла ў большасці сітуацый рухацца супраць плыні. А муж бачыць, як можна выкарыстаць сілу патоку на карысць справе, — гэтаму вучуся ад яго».

Маміна мара

Для сябе ў мяне ўсё ёсць. Сур’ёўна, я - цалкам шчаслівы чалавек. Мне пашанцавала нарадзіцца ў добрых бацькоў, мець бабуль і дзядуль. У мяне добры муж і выдатныя дзеці. На працы — дружны і верны калектыў. Я жыву ў той краіне, якую люблю і дзе хацела б жыць.

Калі пра мары — то я б хацела арганізаваць у Гродне добры прытулак для бяздомных жывёлаў. Іх вельмі шкада. Калі бачу на вуліцы котак ці сабак, то забіраю, каб прыстроіць у добрыя рукі.

Яшчэ ёсць бабулін дом на вёсцы. Хочацца яго аднавіць, вярнуць да жыцця. Але за працай на яго амаль не застаецца часу. Таму для мары гэта якраз пасуе.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024