Як паяднаць традыцыі і сучаснасць? Ці варта супастаўляць традыцыю і гісторыю? Як пад уплывам сучаснай культуры не згубіць сутнасць? Такія пытанні абмяркоўвалі 23 кастрычніка на сустрэчы з архітэктарам Юрыем Усціновічам у актавай зале Свята-Пакроўскага сабора.
Юры (Ежы) Усціновіч — польскі архітэктар, прафесар беластоцкага ўніверсітэта, спецыяліст па храмавай архітэктуры. Па яго праектах у Гродне будуюцца два праваслаўныя храмы. З нашым горадам яго яднае і сямейная гісторыя: бацька Юрыя калісьці вучыўся ў гродзенскай гімназіі.
Храмы мадэрновыя, але са спасылкамі на традыцыю
На Дзевятоўцы будуюць царкву ў гонар Нараджэння Хрыстова. Праект храма мае сувязь са знакавымі цэрквамі беларускага абарончага дойлідства ў Сынкавічах, Малым Мажэйкаве, Супраслі, а таксама з Каложскай царквой, якая на гравюры Цюндта таксама прадстаўлена як храм абарончага тыпу.
На Альшанцы будуюць царкву з вялікім купалам у гонар Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага. Храм мае сувязь з грэчаскай і візантыйскай традыцыямі. Мяркуецца, што ў царкве будуць устаноўлены галаснікі, як у Каложы.
«Гэтыя храмы па форме сучасныя, але па сутнасці яны традыцыйныя. Сучасная форма, але традыцыйны багаслоўскі сэнс, традыцыйная сімволіка структуры і элементаў. Увогуле, я не люблю гаварыць, што я сучасна праектую. Я лічу сябе традыцыяналістам. Я думаю аб традыцыі як аб пераносе сутнасці ў будучыню,» — рассказаў Юры Усціновіч.
Спачатку — шок
Праекты храмаў Юрыя Усціновіча незвычайныя для Беларусі. Настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Георгій Рой падзяліўся сваім успрыманнем храмавай архітэктуры такога кшталту:
«Калі сустракаеш праваслаўны храм, які спалучае ў сабе рысы і традыцыйнай храмавай архітэктуры, і мадэрнізму, то гэта спачатку выклікае шок. Але потым, калі прыглядаешся, калі заходзіш у такі храм, то адчуваеш і разумееш, што гэта нейкая дзіўная знаходка, гэта ўнікальная ідэя, якая ўцялеснілася ў тым ці іншым храме.Я бываў у розных цэрквах, якія збудаваны па праекце спадара Усціновіча. І для мяне самае галоўнае, што калі я бываю ў гэтых храмах, калі я малюся ў іх, я адчуваю, што гэта сапраўдны дом Божы".
Дойліды мінулага таксама бралі самае мадэрновае
Па словах Георгія Роя, адметная рыса праваслаўных хрысціян — кансерватыўнасць. Але жыццё ідзе далей, развіваецца грамадства і архітэктура.
«Калі мы азірнемся, глянем у мінулае нашай храмавай архітэктуры, то ўбачым, што людзі, якія калісьці будавалі храмы, бралі самае лепшае, самае сучаснае, самае мадэрновае, што было ў іх час. І тое, што тады было такім сучасным, цяпер стала традыцыяй».
Традыцыю і сучаснасць супрацьстаўляць не варта
На сустрэчы ў Гродне Юры Усціновіч прачытаў даклад пра асаблівасці польскай царкоўнай архітэктуры і іканапісу пасляваеннага і сучаснага перыяду. Звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што Беласточчына, як і Гродзеншчына, знаходзіцца ў зоне памежжа, зоне ўзаемаўплыву ўсходняй і заходняй царквы, што наклала адбітак на развіццё архітэктуры.
Юры Усціновіч адзначыў, што не варта супастаўляць традыцыю і гісторыю.
«Мы гаворым аб традыцыі, што гэта гісторыя. Але гэта не гісторыя. Традыцыя — гэта перанос каштоўнасцяў гісторыі ў будучыню. Традыцыі жыве. Мы павінны гаварыць аб традыцыі як будучыні ўсіх з’яваў, якія даў нам Бог.
Канешне, усё змяняецца з часам. Формы змяняюцца, чалавек змяняецца. Але каб сутнасць не змянялася, мы павінны прыстасоўваць традыцыю да новага часу".
Выстава будзе доўжыцца два тыдні
У межах сустрэчы ў актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора адкрылася выстава, на якой прадстаўлена каля 30 праектаў праваслаўных храмаў, створаных Юрыем Усціновічам. Большая частка з гэтых праектаў рэалізаваная.
Выстава будзе праходзіць на працягу двух тыдняў, потым пераедзе ў Каложскі прыход. Па нядзелях яе можна наведаць на працягу ўсяго дня. У будні зала адкрыта з 17.00 да 20.00.