Карыснае

У Мінску смецце могуць сартаваць неэкалагічна — жыхары занепакоеныя. Даведаліся, ці чакаць такога ў Гродне

Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка (МГЖГ) нацякнула аб пераходзе на двухкантэйнерную сістэму збору камунальных адходаў. Эколагі лічаць, што гэта прывядзе да горшага сартавання смецця. Чытачка Hrodna.life пагутарыла па прамой тэлефоннай лініі з намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зояй Кулешай і даведалася, ці варта чакаць падобных новаўводзінаў у Гродне.

У чым праблема з сартаваннем смецця ў Мінску

Раней мінскія камунальнікі выказаліся аб магчымым ужыванні двухкантэйнернай сістэмы збору адходаў. Гэта спосаб, пры якім выкарыстоўваецца адзін від бакаў для збору адходаў і іншы — для ўсёй адсартаванай другаснай сыравіны. Цяпер жа выкарыстоўваюць чатыры бакі - асобна для паперы, пластыка і шкла. Заява занепакоіла жыхароў і жыхарак Мінску. У траўні на сайце Petitions.by з’явілася петыцыя ў МГЖХ, якую падпісалі 78 чалавек. Камунальнікі адказалі, што разглядаюць пераход на больш эфектыўную сістэму раздзельнага збору адходаў, аднак не ўдакладнілі, якую менавіта. Таксама ў адказе згадалі аб вытворчасці RDF-паліва.

RDF-паліва, Refuse Derived Fuel — паліва, якое складаецца з адходаў пасля сартавання. Яго вырабляюць з пакінутых пасля адбору другаснай сыравіны і арганікі. У іх лік уваходзяць матэрыялы, якія не перапрацавалі, а таксама моцна забруджаныя. Рэшткі здрабняюць і прэсуюць у гранулы, і потым у брыкеты.

На гродзенскую сістэму збору смецця выдаткавалі велізарныя сродкі

Чытачка Hrodna.life звярнулася па інфармацыю ў Гродзенскую ЖКГ, на Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічнай сартаванні адходаў (ЗУМСА), у чат-боты мясцовых СМІ і на 115.бел. У большасці выпадкаў яе праігнаравалі. Тады яна патэлефанавала на прамую лінію і спытала намесніцу старшыні гарвыканкама Зою Кулешу, ці варта чакаць зменаў у сістэме раздзельнага збору адходаў у Гродне.

«На такую сістэму збору смецця, як у нас, затрачаны велізарныя сродкі. Мы яшчэ не прывучылі насельніцтва да раздзельнага збору, не ўсе добрасумленна да гэтага падыходзяць. Таму я з высокай доляй упэўненасці кажу, што на два кантэйнеры мы нічога мяняць не будзем», — распавяла Зоя Кулеша.

Звесткі кажуць, што жыхары і жыхаркі Гродна сартуюць смецце лепш за іншых. У 2023 годзе паказчык выкарыстання другасных камунальных адходаў у Гродне склаў 50%, у Беларусі гэты паказчык у сярэднім складае 30%.

Смецце. Фота: pixabay.com

Як улады ўкаранялі сартаванне смецця

Па дадзеных арганізацыі Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, у 2012 годзе Міністэрства ЖКГ прасоўвала ідэю сартавання і збору рэсурсаў, прыдатных для другаснага выкарыстання або перапрацоўкі. У гэты перыяд пачалі актыўна развівацца інфармацыйныя кампаніі, прысвечаныя сартаванні бытавога смецця. Напрыклад, відэа «з янотамі».

На смеццевых пляцоўках з’явіліся чатыры кантэйнеры для збору сыравіны: пластык, папера, шкло, цвёрдыя камунальныя адходы. У месцах вялікай колькасці людзей (супермаркеты, гандлёвыя цэнтры) паставілі кантэйнеры для адходаў, якія небяспечныя для навакольнага асяроддзя (батарэйкі, лямпы), а ў паліклініках пачалі прымаць пратэрмінаваныя лекавыя прэпараты.

У Гродне пачалі кампанію па ліквідацыі смеццеправодаў у 2013 годзе. Да 2015 года ўсе смеццеправоды ў горадзе заварылі. З 2016 года Спецаўтагаспадарка (САГ) арганізавала раздзельны збор цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). На кантэйнерных пляцоўках у Гродне ўсталявалі чатыры віды кантэйнераў: для шкла, пластыка, паперы і ЦКА.

Па факце, у кантэйнер для ЦКА трапляе ўся сыравіна, непрыдатная для перапрацоўкі, якую далей закопваюць на палігонах. У Гродне адходы гараджан праходзяць дасартыроўку на заводзе па ўтылізацыі і механічнай сартаванні адходаў (ЗУМСА). Гэта памяншае іх колькасць і павялічвае працэнт другаснай сыравіны. Аднак гэта не азначае, што можна выкідваць усё смецце ў адзін кантэйнер: брудныя адходы непрыдатныя для паўторнага выкарыстання. Такія адходы адпраўляюцца на пахаванне.

Чытайце таксама: Адходы запаволенага дзеяння: якую небяспеку нясуць смеццевыя палігоны ў Гродзенскай вобласці

Мінусы двухкантэйнернай сістэмы збору адходаў

Актывістка zerowaste-руху і экалогіня Ганна (пажадала застацца ананімнай) каментуе двухкантэйнернае сартаванне:

«Самая вялікая небяспека такой сістэмы — гэта дрэннае сартаванне. З-за гэтага павялічваецца верагоднасць, што такія адходы адправяцца на спальванне або вытворчасць RDF-паліва, абыходзячы этап адбору рэсурсаў для перапрацоўкі. Для ўладаў гэта — хуткі спосаб развязання праблем. Таму што ўсе адходы, якія застаюцца пасля сартавання, ператвараюцца ў спальванае паліва. На справе, гэта стыхійны метад вырашэння праблемы няправільнага абыходжання з адходамі, як і звалкі».

Смецце. Фота: pixabay.com

Першыя паведамленні аб распрацоўцы лініі па вытворчасці паліва на ЗУМСА з’явіліся ў кастрычніку 2022 года. На дадзены момант аб’яў аб пачатку працы лініі вытворчасці паліва не з’явілася. Апошні раз інфармацыя аб будаўніцтве лініі з’яўлялася ў 2023 годзе.

Асобным пытаннем стаіць маніторынг якасці паветра ў раёнах, дзе кацельні будуць выкарыстоўваць RDF-паліва. Ці будуць іх абсталяваць дадатковымі сістэмамі ачысткі і фільтрамі, ці будзе выконвацца тэмпературны рэжым, невядома. Пры нізкіх тэмпературах згарання RDF-паліва ў паветра могуць трапляць небяспечныя рэчывы: цяжкія металы і ўстойлівыя арганічныя забруджвальнікі, напрыклад, пестыцыды, якія чалавек удыхае. Па дадзеным Белгідрамета, у Гродне цяпер дзейнічае чатыры пункты назірання за станам паветра. У гарадскім пасёлку Краснасельскі, дзе плануецца выкарыстоўваць RDF-паліва, няма такіх пунктаў.

Што перапрацоўваюць у Беларусі?

Для перапрацоўкі ў Беларусі прымаюць адходы шкла, пластыка, паперы, бытавую тэхніку, метал, элементы харчавання, лямпы, зношаныя шыны, адпрацаваныя аўтаалей, лекавыя прэпараты і арганічныя адходы. Таксама можна правільна ўтылізаваць тэкстыль, рэшткі будаўнічых матэрыялаў або адходы пасля рамонтных работ, мэблю.

У цэлым, многія рэсурсы маюць абмежаваны цыкл перапрацоўкі. Пластык можна перапрацаваць не больш за чатыры-пяць разоў, таму што тэрмічная апрацоўка пагаршае якасць матэрыялу. Папера, або цэлюлозна валакно, можа быць паўторна выкарыстана пяць-шэсць разоў. Толькі шкло ў працэсе перапрацоўкі не губляе сваіх уласцівасцяў і можа перапрацоўвацца пастаянна.

На смецці можна зарабіць. Напрыклад, у Гродне шмат пунктаў прыёма шклотары. Кошты за 1 кілаграм вар'іруюцца ў залежнасці ад выгляду шкла. Гродзенскі загатгандаль і Белдругпалімер плацяць 0,75 капеек за 1 кілаграм ПЭТФ-бутэлек і 0,15 капеек за 1 кілаграм паперы. Падрабязны пералік рэсурсаў і кошт за 1 кілаграм можна паглядзець тут.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024