Спадчына

Два героі аднаго рамана: як гродзенцы патрапілі ў «Цусіму», якую самі так і не прачыталі

У лістападзе 1939 г. у лагеры НКУС пад Казельскам у Калужскай вобласці вырашаліся лёсы тысяч польскіх салдат і афіцэраў. На адным з допытаў камісар спытаў у палоннага польскага генерала: «А ці не сваяк вы таму Валкавіцкаму, які ў час Цусімскай бітвы адмовіўся капітуляваць перад японцамі?» — «Гэта быў я», — сказаў стары генерал. Так, патрапіўшы на старонкі рамана «Цусіма» расійскага пісьменніка Аляксея Новікава-Прыбоя, выпускнік гродзенскай гімназіі змог пазбегнуць смяротнага прысуду.

Звязаў лёс з морам

Пра гродзенскі перыяд жыцця Ежы Вілкавіцкага мы ведаем мала. Ён нарадзіўся ў сям'і шляхціча з Гродзенскай губерні Тадэвуша Валкавіцкага. Скончыўшы ў 1901 г. гродзенскую класічную гімназію, малады чалавек вырашыў звязаць свой лёс з морам і паступіў у Марскі кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбурзе.

Юры (Ежы) Валкавіцкі на фотаздымку злева
27 студзеня 1904 г. пачалася руска-японская вайна, а ўжо 28 студзеня Мікалай ІІ асабіста пераводзіць у афіцэры выпуск кадэтаў марскога корпуса. Далейшы лёс маракоў вызначаўся жэрабем, але самым жаданым месцам службы быў Далёкі Усход. Туды накіравалі толькі 10 лепшых выпускнікоў, а Валкавіцкі быў ажно 27-м у спісе паспяховасці. Але ўжо праз паўгода мічман Валкавіцкі на браняносцы «Імператар Мікалай І» выходзіць у васьмімесячны рэйд на дапамогу Порт-Артуру ў складзе ІІ Ціхаакіянскай эскадры.

Біцца да канца

Цусімская бітва была вырашальнай у вайне. Другая Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем віцэ-адмірала Ражэственскага была цалкам разгромлена. Большасць караблёў была патоплена японцамі або капітулявала.

15 мая 1905 г. на браняносцы «Імператар Мікалай І» контр-адмірал Небагатаў (на фота) сабраў на капітанскім мосціку афіцэраў і звярнуўся да іх: «Я хачу, спадарства афіцэры, здаць браняносец. У гэтым я бачу адзіны сродак выратаваць вас і каманду. Як вы думаеце?» Згодна з ваенна-марскім статутам, Небагатаў звярнуўся з пытаннем адносна здачы да самых малодшых афіцэраў, якія аказаліся больш мужнымі за сваё камандаванне.

— Біцца да канца, а пасля падарваць браняносец і ратавацца, — сціпла адказаў мічман Валкавіцкі. Прыкладна так адказалі яшчэ некалькі чалавек, але, на жаль, контр-адмірал Небагатаў вырашыў капітуляваць.

Стаў нацыянальным героем

У палоне малады афіцэр-паляк стаў легендай і сімвалам нязломнасці. Нават японцы, якія вышэй за ўсё цанілі гонар і адданасць службе, трактавалі яго з павагай.

Ежы Валкавіцкі аказаўся чалавекам авантурным і нават спрабаваў збегчы з палону, схаваўшыся ў адным з партоў на караблі, які ішоў на Аўстралію. Спроба была няўдалай, падчас арышту ён спрабаваў выдаць сябе за сына нейкай англічанкі, не ведаючы пры гэтым аніводнага слова па-англійску.

[irp posts="12 899″ name="За акіян! Як гродзенцы ехалі ў эміграцыю ў пачатку ХХ ст."]

Валкавіцкі быў прысуджаны да двух гадоў зняволення, але праз два тыдні яго перадалі расійскім дыпламатам. У Расіі, пад час правядзення следства па справе ганебнай паразы імператарскага флоту, ён быў абвешчаны нацыянальным героем. Мікалай ІІ узнагародзіў яго ордэнам Святога Георгія.

Яшчэ адзін гродзенец — на мінаносцы «Бядовы»

У дзень Цусімскай бітвы быў патоплены флагманскі браняносец «Князь Сувораў». На ім знаходзіўся адмірал Ражэственскі (на фота), якога, пасля цяжкога ранення, разам са штабам перанеслі на мінаносец з сімвалічнай назвай «Бядовы».

Тут служыў яшчэ адзін наш зямляк Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі. Ягоны продак, прадстаўнік старажытнага ірландскага роду, Маўрыцый дэ Ласі быў генералам расійскага войска і за службу атрымаў у валоданне маёнтак Аўгустова, дзе і пусціў свае карані.

Цярэнцій нарадзіўся ў 1885 годзе і з дзяцінства цікавіўся ваенна-марской справай, марыў аб подзвігах. На год раней за Валкавіцкага хлопец заканчвае гродзенскую мужчынскую гімназію, а пасля і Марскі кадэцкі корпус.

Цярэнцій ОБрыен дэ Ласі

Замест сцяга — абрус

Калі мінаносец «Бядовы» прарываўся да Уладзівастока з цяжка параненым адміралам Ражэственскім, на гарызонце паказаліся японскія караблі і прагучалі першыя залпы. Снарады яшчэ не даляталі да адзінокага мінаносца, а камандаванне штаба ўжо даўно прыняла рашэнне капітуляваць, каб захаваць жыцці адмірала і вышэйшых чыноў.

Мінаносец «Бядовы», апошняе прыстанішча адмірала Ражэсцвенскага
Невядома, хто першы з афіцэраў спытаў: «Ці ёсць на мінаносцы белы сцяг?» Белага сцяга не аказалася. На палубе знаходзіўся і Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі, юнак гадоў дваццаці, зграбна складзены, з дзявочым пяшчотным тварам і арыстакратычнымі манерамі. У гэту хвіліну мічман праявіў кемлівасць. Ён прынёс са стала кают-кампаніі белы абрус, якім замянілі Андрэўскі сцяг на мачце. Хутка наблізіўся японскі крэйсер «Сазанамі», пачуліся крыкі «Банзай!», «Бядовы» быў здадзены.
Палонныя афіцэры ў Японіі. Цярэнцій дэ Ласі ў другім шэрагу пяты злева

Гісторыя стала бестсэлерам

Па вяртанні палонных у Расію над маракамі адбыўся суд, Цярэнцій дэ Лясы быў апраўданы і вярнуўся ў роднае Аўгустова.

Гэтыя падзеі адлюстраваў Аляксей Новікаў-Прыбой у рамане «Цусіма», які стаў бестсэлерам у СССР і быў прачытаны асабіста Сталіным. Імаверна, кнігу чытаў і афіцэр НКУС, які ў Казельску дапытваў польскага генерала Валкавіцкага. Быць можа, менавіта гэтая акалічнасць выратавала ягонае жыццё.

Стваральнік Пінскай флатыліі

Пасля Цусімы Ежы Валкавіцкі будаваў вайсковую кар’еру. Калі ў Расіі пачаўся рэвалюцыйны тэрор, ён пакінуў службу і, дабраўшыся да Францыі, змагаўся ў шэрагах войска генерала Галера за незалежнасць Польшчы.

У 1920 г. Валкавіцкі быў адным з камандзіраў і стваральнікаў Пінскай флатыліі.

Па хадайніцтве міністра абароны Юзафа Пілсудскага ў 1927 г. Валкавіцкі атрымлівае генеральскія пагоны і неўзабаве сыходзіць у адстаўку.

Ежы Валкавіцкі ў 1930-х гг.

Пазбег расстрэлу, перажыў лагер

Пачалася ІІ Сусветная вайна і старога генерала мабілізавалі. Пасля зацятых баёў з немцамі ён збірае групу з 300 салдат і прарываецца на ўсход. Валкавіцкі не мог не разумець, што там ён патрапіць у рукі бальшавікоў, але, магчыма, бачыў у гэтым шанец калі-небудзь працягнуць барацьбу за вызваленне Польшчы. Так і адбылося.

Адзін з нямногіх польскіх афіцэраў, генерал пазбег расстрэлу ў Катыні, перажыў зняволенне ў лагеры для ваеннапалонных (дзе Валкавіцкага, дарэчы, называлі нязломным генералам) і ў 1941 г. займае адну з камандных пасад у арміі генерала Андэрса.

Пасля вайны Ежы Валкавіцкі эмігруе ў Англію, дзе і сустракае старасць. Апошнія дні генерала прайшлі ў польскім доме састарэлых «Antokol» у графстве Кент. Ён не дажыў літаральна два тыдні да свайго 100-годзя і памёр у 1983 г.

Дом старцаў Антокаль, дзе дажываў Ежы Валкавіцкі

Ніколі не прачыталі «Цусіму»

Вядомы і лёс Цярэнція О’Брыена дэ Ласі. Вярнуўшыся ў Аўгустова, ён актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, у чым дасягнуў пэўных поспехаў. Быў вядомай асобай у грамадска-палітычным жыцці Гродна, карыстаўся павагай з боку гараджан, і, як згадвалі сучаснікі, быў проста добрым чалавекам. У І Сусветную вайну Цярэнцій служыў у складзе «Дзікай дывізіі», пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Гродна і ў складзе войска польскага ваяваў супраць бальшавікоў.

Памёр Цярэнцій дэ Ласі 9 лістапада 1932 г. і быў пахаваны ў фамільнай капліцы, якая і сёння стаіць на вуліцы Рэпіна. У памяць аб ім потым прайшлі памінальныя набажэнствы ў саборы і сінагозе.

Вось так склаліся лёсы двух герояў рамана «Цусіма», якія так ніколі яго і не прачыталі.

[irp posts="14 495″ name="Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024