17 сакавіка адзначаецца Дзень святога Патрыка, заступніка Ірландыі. У яго гонар праводзяцца фестывалі, шэсці, танцы, а людзі носяць зялёную вопратку. У гісторыі Гродна быў свой князь Патрык, якога ў прускіх хроніках называлі «гродзенскім каралём».

У крыніцах гэты князь згадваецца і як Патрык, і як Потырг (Пацырг). Прынята лічыць, што Патрык быў сынам вялікага князя Кейстута. Ёсць і іншая версія, згодна з якой ён быў сынам князя Нарымонта, які ў свой час замяніў у Гродне кашталяна Давыда.

У 1339 годзе ва ўзросце 14 год Патрык пачынае ваенную кар’еру, змагаючыся супраць крыжакоў. На адной з ваенных аперацый ён праваліўся ў балота і ледзь не загінуў, але яго выратавалі ворагі-крыжакі. Мала таго, Патрыка вылечылі і адпусцілі без выкупу дадому, што была проста неверагоднай зʼявай у тыя часы.

У 1363 годзе крыжакі чарговы раз асадзілі Гродна. І тут князь дзейнічаў у логіцы мудрасці «не сілай, а розумам».

Князь Патрык выратаваў Гродна

Андрэй Павач у кнізе «Пад крылом Каложы» піша:

«У 1365 годзе тэўтонскія рыцары арганізуюць чарговы паход на Літву. Сілы Вялікага княства раставалі прама на вачах. Сіл выстаяць у князя Патрыка і яго дружыны было няшмат, і над Гродна навісла смяротная небяспека. І раптам князь, да гэтага не раз з мячом у руцэ сустракаўшы ворага, загадвае адкрыць гарадскія вароты, да збянтэжаных рыцараў выходзіць доўгай чарадой працэсія з крыжамі і харугвамі. Замест ваяўнічых, крыважэрных язычнікаў, якіх чакалі ўбачыць ў гэтай лясной глушы еўрапейскія рыцары, да іх набліжаўся… хросны ход! І вораг адступіў. (Зразумела, што ў такой сітуацыі агрэсар не мог заатакаваць „братоў“ па веры) Здаецца, гэта быў адзіны такі выпадак у гісторыі крыжовых паходаў!»

Па сутнасці, Патрык не толькі выратаваў горад, але і абараніў яго надзейней, чым сілай любой зброі. Праўда, князь Кейстут не ацаніў яго заслуг. Неўзабаве Патрык быў пазбаўлены сваіх уладанняў і адпраўлены in terra Russie, на ўсходнія межы Вялікага княства, далей ад Гродна. Яго след у гісторыі неўзабаве зусім губляецца, і мы можам толькі здагадвацца пра далейшы лёс князя Патрыка і яго нашчадкаў. Наступны раз крыжакі з’явіліся пад сценамі гродзенскіх замкаў праз дзесяць гадоў.


Сёння ў Гродне, святкуючы Дзень святога Патрыка, успамінаюць і гродзенскага князя. Яго некалькі гадоў таму намаляваў гродзенскі мастак Алесь Сураў. Але што гэта Патрык, мастак зразумеў не адразу.

«Спачатку гэта быў выдуманы герой Одагейн. Вобраз абаронцы Айчыны, якога я выстаўляў на святкаванні Дня святога Патрыка ў Гродне. Але гродзенцы пачалі яго называць сваім Патрыкам. Чаму б і не, гэта можа быць той самы гродзенскі князь, які абараняў горад ад крыжакоў. Я цалкам згодны з імі, гэта абронца. Гэта наш Патрык».

Патрык - не толькі герой Ірландыі. Ён яшчэ абараняў Гродна ад крыжакоў

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]