Здавалася б, гістарычны цэнтр Гродна перажыў найцяжэйшыя ўдары ў часы губернатара Саўчанкі ў 2006−2008 гадах падчас «рэканструкцыі» Савецкай плошчы. А зараз — ці ўсё добра? «Новы час» прапануе пагаварыць пра адзін праект гродзенскіх будаўнікоў, што мае на мэце кардынальна змяніць выгляд гістарычнага цэнтру…
У спектры ўвагі СМІ ды грамадскіх актывістаў, што цікавяцца гісторыяй, сёння хіба рэканструкцыя гродзенскага Старога Замку паводле праекту Бачкова. Лёс менш значных аб’ектаў ды агульны выгляд гістарычнага цэнтру неяк адышлі ўбок. А дарэмна. Ужо не першы год Гроднаграмадзянпраект выношвае план будаўніцтва так званага «Дублёру Траецкай», але пра ўсё па парадку.
Кожны горад мае план свайго развіцця, альбо генплан. У савецкія часы ўсе генпланы былі зарыентаваныя на рост насельніцтва і павелічэнне транспартных плыняў, што было вынікам індустрыялізацыі беларускіх гарадоў. Адпаведна, раслі жылыя раёны вакол прадпрыемстваў ды колькасць грамадскага транспарту. З улікам усяго гэтага ў канцы 1940-х гадоў з’явіўся першы генплан Гродна.
Даваенны Гродна — гэта 58 тысяч чалавек. Пасляваенны — 30 з нечым тысяч. Да 1959 года горад вырас да 72 тысяч, то бок павялічыўся, але нязначна ў параўнанні з даваенным. А далей адбыўся сапраўдны выбух: ажно да пачатку 1990-х кожныя 15 гадоў Гродна павялічваўся прыкладна на 100 тысяч чалавек! Гэта, зноў жа, палітыка Масквы на пераўтварэнне БССР у «зборачны цэх», будаўніцтва заводаў і фабрык. А яшчэ — масавы адток людзей з вёскі: у калгасах больш працаваць ніхто не хацеў. Усё гэта перажыў і Мінск, і іншыя абласныя цэнтры.
Зараз у Беларусі ўжо няма рэсурсу для росту гарадоў: 76% насельніцтва і так там жывуць. Больш у Еўропе ў гарадах народу жыве толькі ў Вялікабрытаніі і ў Бельгіі. У Польшчы насельніцтва ў гарадах на 15% менш, чым у Беларусі. Нават у Германіі менш, чым у Беларусі! Вось і маем: Мінск і Варшава прыкладна роўныя па памерах, толькі ў Варшаве жыве 4% насельніцтва Польшчы, а ў Мінску — 23% беларусаў…
Вернемся, аднак, да генплану Гродна. Да другой паловы 1970-х гадоў праекты нашых будаўнікоў не прадугледжвалі ніякага захавання гістарычных будынкаў. Старога гораду як нечага асобнага і важнага наогул не існавала: руйнаваліся касцёлы (Фара Вітаўта), забудова часоў Рэчы Паспалітай, а на гэтых месцах з’яўляліся ўнівермагі ды палацы тэкстыльшчыкаў…
Усе транспартныя плыні пры гэтым праходзілі праз цэнтр і былі закальцаваныя на Стары мост. Калі з’явілася патрэба ў новых мастах, пачалася будоўля спачатку так званага Новага мосту («Мост будаўнікоў»), а ў сярэдзіне 1980-х яшчэ аднаго — Румлёўскага. Задача зразумелая: разгрузіць цэнтр і Стары мост, збудаваны яшчэ за царскім часам. Але, каб правесці праз новыя масты дастатковую колькасць транспарту, не руйнуючы старых вузкіх вулачак, трэба было вынесці і адміністратыўны цэнтр гораду хоць троху ўбок.
Так з’явіўся яшчэ адзін праект: збудаваць новы адміністратыўны цэнтр убаку, у Каложскім парку! А транспартныя плыні пусціць адтуль праз тунель, які меў праходзіць пад усім Старым горадам! Праект сышоў у нябыт, калі ў 1980-я стары горад быў нарэшце прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Сапраўды, дзе яшчэ ў Беларусі ў цэнтры гораду знойдзеш каля 600 кампактна размешчаных гістарычных будынкаў? Менавіта гэты фактар сёння і робіць Гродна прывабным для беларускіх і замежных турыстаў (найперш з Польшчы, Літвы ды Расіі).
Дык у чым жа праблема, калі Стары горад і статус ахоўны мае, і грошы бюджэту за кошт турыстаў прыносіць? Праблема ў тым, што сённяшнія мясцовыя будаўнікі (Гроднаграмадзянпраект) бачаць вырашэнне пытання транспартных плыняў у пашырэнні артэрыяў у Старым (!) горадзе. То бок, замест таго, каб зрабіць яшчэ пару вуліц пешаходнымі (пакуль гэта толькі Савецкая і кавалачак Ажэшкі), тут прапануюць будаваць новыя магістралі.
Як гэта выглядае на практыцы? Згодна праекту «Дублёра Траецкай», будаўнікі прапануюць зрабіць фактычна новую вуліцу ў Старым горадзе — паралельна Вялікай Траецкай з боку Гараднічанкі, што ўпадае ў Нёман. То-бок ад Віленскай магістраль будзе падымацца ўверх, вулачка МОПРаўская з парай старых дамкоў будзе наогул знесеная.
Далей будзе знішчаная стаянка (патрэбная цэнтру як паветра). Далей — дзіцячы садок. Далей — пустка, дзе месціўся яўрэйскі квартал, яшчэ не даследаваны археолагамі, які ў перспектыве наогул можна было аднавіць (тут стаяла ажно чатыры сінагогі!). Далей — стаянка для турыстычнага транспарту… Ну і, нарэшце, новая магістраль зноў мае ўперціся ў Стары мост — рыльца бутэлькі з вечнымі коркамі — то бок аўтамабілістам лепш не стане!
Што ўсё гэта значыць? Па-першае, такім чынам транспартныя плыні навечна замацуюцца ў Старым горадзе, пра пешаходныя вулачкі можна будзе толькі марыць. Па-другое, будзе знесена мноства каштоўных і перспектыўных для гораду аб’ектаў. Па-трэцяе, — магчыма, галоўнае, — праблема транспартнай загружанасці вырашаная не будзе. Па-чацвёртае, на ўсё гэта пойдуць мільёны долараў з дзяржбюджэту, а значыць, з кішэняў нашых грамадзян.
У еўрапейскіх гарадах пытанне транспартнай загружанасці даўно вырашаецца па-іншаму. Як? За кошт будаўніцтва аб’яздных шляхоў па-за гістарычным цэнтрам. У Гродна і ландшафт, і планіроўка, і масты дазваляюць зрабіць тое самае. Для гэтага варта выпрастаць вуліцу Каліноўскага (крывую і страшэнна небяспечную, дзе нават грамадскі транспарт прайсці не можа) за кошт зносу пары прыватных дамоў. Каліноўскага злучыць Горкага з Новым мостам, а далей — Астроўскага і Каханоўскага (шлях пройдзе праз колішнюю прамзону). Аб’езд гатовы!
Менавіта гэта дазволіла б хаця б часткова зрабіць гістарычны цэнтр пешаходным, а слоган «Турыстычны Гродна» з лозунгу пераўтварыць у рэчаіснасць. Так, у цэнтры надалей будзе заставацца шмат адміністратыўных будынкаў, але ў Вільні, напрыклад, прадугледзелі і гэта: праспект Гедыміна пешаходны ў выходныя дні, а ў будзённыя там ходзіць транспарт. Урэшце, аўто чыноўнікаў і міліцыі заўжды могуць мець спецпропуск.
Што да «Дублёру Траецкай», то і тут існуе альтэрнатыўная версія. Адмыслоўцы з Беларускага навукова-даследчага інстытуту горадабудаўніцтва даўно ўжо прапаноўвалі свой варыянт. Гэта — пешаходная вуліца паралельна Вялікай Траецкай, фактычна — турыстычная сцежка з агляднымі пляцоўкамі, лавамі, ліхтарамі і г. д. З пункту гледжання фінансаў, гэта адназначна не так затратна, як варыянт Гроднаграмадзянпраекту (сцежка з ліхтарамі — не магістраль), карысці для цэнтру куды болей, стратаў меней.
Пасля злучэння ў адно вуліцаў Каліноўскага, Астроўскага і Каханоўскага транспартная загружанасць цэнтру знізіцца разы ў два. Але перад гэтым варта рамантаваць Новы мост, праз які транспарт пойдзе за Нёман. Гроднаграмадзянпраект таксама плануе рамантаваць мост, але дзіўная логіка чыноўнікаў палягае ў тым, што рабіць гэта яны збіраюцца ўжо пасля будоўлі свайго «Дублёру Траецкай». То-бок — усё наадварот, дагары нагамі.
Зразумела, што падобныя грандыёзныя малазразумелыя праекты — гэта забеспячэнне будаўнікоў працай на доўгія гады наперад. Зразумела, за кошт бюджэту. Ці можна гэта назваць карупцыяй? Хутчэй, гэта лад жыцця і спосаб дзейнасці дзяржавы, калі кожная структура хоча прыцягнуць да сябе як мага больш грошай, не думаючы пра іншыя структуры, шараговых грамадзянаў ды канчатковы вынік. Зрэшты, будаўніцтва яшчэ не пачатае, ёсць час спыніцца, усё пралічыць і прыняць правільнае рашэнне. Але ці ёсць каму?..
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…