Як, сышоўшы з цягніка ці маршруткі Гродна-Мінск, адразу ўліцца ва ўсе магчымыя трэнды-брэнды сталіцы, Hrodna.life распавёў эксперт, меркаванню якога давяраюць больш як 67 000 інтэрнаўтаў. Менавіта столькі падпісантаў мае Яўген Малахоўскі, аўтар пабліка «Это Минск, детка». Ён распавёў, дзе шукаць моладзевы бамонд, каб патусіць у беларускай сталіцы ў любы час дня і ночы, і як стаць стаць сваім у Мінску за самы кароткі час.
1.Зыбіцкая — наша ўсё
Знакавым месцам прыцягнення моднай тусоўкі ў апошнія некалькі гадоў стала вуліца Зыбіцкая. Столькі бараў, кальянных, рэстаранаў, сабраных разам, больш не мае ніводнае месца Мінска. Тут можна заходзіць у любую ўстанову без апасення праслыць правінцыялам. На Зыбіцкай — усё самае моднае, усё адпавядае апошнім трэндам.Зараз гэта месца прыцягвае практычна ўсю творчую мінскую моладзь. Тут сустрэнеш вядомых клубных асобаў, арганізатараў фестываляў і рознай іншай дзвіжухі, модных дыджэяў і шмат каго яшчэ. Карацей, усе, хто раней збіраўся ў розных месцах «па інтарэсах», зараз ідуць сюды. Можна сказаць, што публіка з Зыбіцкай — гэта тыя людзі, што задаюць тон сучаснаму культурніцкаму жыццю сталіцы ды і ўсёй краіны таксама. Так што, калі хто сышоў з маршруткі з самымі высокімі чаканнямі ад сталіцы, гэта месца трэба мець на ўвазе перш за ўсё. Менавіта гэта — Мінск, дзетка.
2. Новая хваля з Кастрычніцкай
Гэта месца ў Мінску не менш папулярнае за Зыбіцкую, але ў той самы час значна больш бюджэтнае. Можна сказаць, што на Кастрычніцкай тусяць тыя, што яшчэ не зарабілі на Зыбіцкую, але, напэўна, маюць амбіцыі гэта зрабіць. Зараз яны збіраюцца ў «Лаўцы». Аснову наведальнікаў Кастрычніцкай складае студэнцкая моладзь, што і зразумела. Побач месцяцца шматлікія інтэрнаты тутэйшых вузаў.На Кастрычніцкай часта ладзяцца розныя масавыя імпрэзы. Адна з самых вядомых дзвіжух, прывязаных да гэтага месца — фестываль урбан-арту Vulica Brasil. На фоне графіці, што застаюцца ад свята, любяць рабіць сэлфі турысты. Здымкі з Кастрычніцкай у сучасных маладзёнаў раўназначны паведамленню: «Вось такі ён, сучасны Мінск, дзетка!»Так што, калі, прыехаўшы ў Мінск, адразу на Зыбіцкую ісці страшнавата, можна паспрабаваць стартануць адсюль.
3. Самая модная чарга
У Мінску ёсць месца, дзе стаяць у чарзе — модна і весела. Сюды крута прыехаць у 2 гадзіны ночы, каб паесці шаўрмы. Увогуле, тут палова Мінска ноччу збіраецца. Гэта месца — «манетка». Так называюць пятачок у раёне Камароўкі, каля вуліцы Харужай, дзе круглыя суткі працуюць гандлёвыя кропкі з фаст-фудам. «Манетка» — адно з апошніх модных месцаў, што ўзніклі ў горадзе. Раней сюды ніхто не ездзіў, а зараз — начная шаўрма набірае папулярнасць. У чарзе можа стаяць 20−30 чалавек, але гэта нікога не напружвае.Людзі прыязджаюць сюды сустрэцца з сябрамі, тут заводзяць новыя знаёмствы і ствараюць кампаніі. Зразумела, што гэта месца — не дарагое і без прэтэнзіі на пафас. Але мінская моладзь яго добра ведае. Калі ты прыехаў у Мінск, каб стаць сваім сярод нефармалаў і тых, хто не надта надае ўвагу ўмоўнасцям, то ёсць сэнс пачаць знаёмства са сталіцай з гэтага месца. Мінск бывае розным, і ўсё роўна гэта Мінск, дзетка.
4. Начныя пакатушкі
Спаць па начах у Мінску зусім не абавязкова. А вось каб пакатацца на машыне — лепшага часу не знайсці. Удзень хутчэй будзе дабрацца ў патрэбнае месца на метро, бо дарогі часта забіты коркамі і язда за рулём задавальнення не прынясе.
Ноччу па вольных вуліцах і пры адключаных светафорах можна і паганяць. Многія выязджаюць, каб такім чынам праветрыцца, развеяцца ад дзённых турботаў. Часта такія пакатушкі, як і шпацыры па начных вуліцах, заканчваюцца ў начных рэстаранах, каторыя таксама набіраюць у Мінску папулярнасць. Карацей, адаспішся ў бабулі на вёсцы. А тут Мінск, дзетка.
5. У начныя рэстараны ходзяць, каб папрацаваць
За апошнія 2−3 гады ў Мінску назіраецца сапраўдны бум начных рэстаранаў. Калі раней пасля поўначы трэба было шукаць іншыя месцы для «працягу банкета», зараз ёсць магчымасць прасядзець у рэстаране хоць да раніцы. Сярод кругласутачных установаў харчавання папулярнасцю карыстаецца Golden Coffee на Багдановіча, якраз каля «Белай вежы». Таксама папулярны рэстаран «День и ночь», але гэта месца, дзе збіраецца не самая рафінаваная публіка.Тут часам і бойкі здараюцца. Сярод крутых начнікоў варта ўзгадаць «Оливье». Сюды ноччу часта прыходзяць тыя, каму трэба спакойна папрацаваць. Звычайная справа — пабачыць тут адзінокага наведвальніка, што заглыбіўся ў камп’ютар і забыўся на свой кальян ці кубак кавы. Хадзіць працаваць у начны рэстаран робіцца модным сярод мінскіх ІТ-шнікаў. Так што, калі хочаш быць сваім у іх тусоўцы, прывыкай. Мінск, ён такі, дзетка.
6. Час на Мак
Многія маладыя мінчукі лічаць нормай наведванне Макдональдса і рэгулярна ходзяць туды харчавацца. Лайфхак пра гэту сетку вельмі просты. Сапраўдны сталічны жыхар ніколі не пойдзе ў кафэшку, дзе ёсць МакДрайв, каля 8 раніцы ці каля 2 удзень.Гэты час лепш перачакаць, бо будуць такія чэргі, што пакуль дастаіш, забудзеш, чаго хацеў. У такі перыяд усе сілы кінуты на абслугоўванне тых, хто едзе на працу на аўтамабілі, ці вырваўся з офіснага палону на абед. Так што, калі цэніш адведзены табе ў Мінску час, май тое на ўвазе, дзетка.
+ 1. Мінск — не Кішынёў, дзетка. Пакуль
Нядаўна давялося пабываць у Малдове, і шмат што з пабачанага здзівіла і ўразіла. Напрыклад, тое, што ў парках лаўкі маюць разеткі. Прыходзіш сабе з кампом, сядаеш на лавачку ці на газон, падключаешся і - працуй сабе на здароўе, колькі хочаш. Амаль усе прыпынкі грамадскага транспарту ў Кішынёве з’яўляюцца зонай вольнага wi-fi. І ў нашых беларускіх тралейбусах, што ходзяць па сталіцы Малдовы, таксама прадугледжана раздача free wi-fi. У Мінску з такімі сервісамі пакуль тармозяць.Мы з сябрамі пісалі з тае нагоды зварот да гарадской адміністрацыі. У адказ кажуць — няма патрэбнага праекта. Таму зараз вырашылі шукаць сярод моладзі тых, хто гатовы распрацаваць праект і будзем рабіць яшчэ адзін захад на перамовы з уладамі. А за Мінскам дапаможам і Гродна з Брэстам у прасоўванні такой ініцыятывы. Гэта ж заходняя брама краіны, сюды турысты зараз валам паваляць. А ў Еўропе такія рэчы даўно сталі нормай. То і нам час падцягвацца, праўда, дзетка?