Пра даўнюю тэхніку аздобы велікодных яек драпанкай расказвала на майстар-класах Вольга Сліж з Мастоўскага цэнтра рамёстваў. Тыя наведвальнікі, што змаглі самастойна зрабіць драпанку, атрымлівалі яе ў падарунак. Больш нецярплівыя маглі набыць ужо гатовыя пасхальныя сувеніры. Майстар-класы рамеснікаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны прайшлі ў абласным цэнтры 5 красавіка на традыцыйным Велікодным кірмашы.
Каб зрабіць драпанку, трэба ўзяць афарбаваныя яйкі, востры нож ці голку і аловак. Алоўкам намаляваць на яйку ўзор, а пасля «прадрапаць» яго вострым прадметам. Здаецца — проста і цягне паспрабаваць. Так што пры століку, дзе працавала Вольга Сліж, людзі збіраліся ўвесь час.
Тэхніка велікоднай драпанкі, са словаў майстрыхі, была распаўсюджана ў краінах Усходняй Еўропы. З бліжэйшых суседзяў Беларусі яе выкарыстоўвалі ўкраінцы і палякі. Нават даўней драпанкі былі хутчэй цікавосткамі, чым шырока распаўсюджанай з’явай. На кірмашы некаторыя казалі, што бачаць іх ўпершыню.
«Мае знаемыя таксама часта дзівяцца, што такая тэхніка існуе. Бывае, нехта звоніць, пытае „Што робіш?“. Кажу — „Яйкі драпаю“. То не ўсе разумеюць, пра што гаворка, успрымаюць як нейкія жарты».
Пры ўяўнай прастаце тэхнікі драпанка патрабуе ўважлівай і карпатлівай працы. «Калі рабіць драпанку з арнаментальным упрыгожваннем, прапрацоўваць мноства дробный дэталяў, то на адно яйка можа пайсці цэлы дзень», — расказвае майстрыха. Простыя ўзоры, прызвычаіўшыся, можна прадрапаць хвілін за 20.
Трацыцыйна драпанкі аздабляліся кананічнымі велікоднымі сімваламі. Да іх майстры дадавалі арнаменты і раслінныя матывы — галінкі і кветкі. Са словаў Вольгі, драпанкі рабілі на сырых яйках. Для афарбоўкі іх на некалькі гадзін пакідалі ў халодным настоі цыбульніка. З цягам часу яйкі цалкам высыхалі і не псаваліся.
Такія яйкі асвячалі і потым трымалі на покуці, як абярэг дома. Захоўвалі і першае падараванае на вялікдзень яйка. Яно лічылася цудадзейным, здольным абараніць дом ад пажару і маланкі.
Хаця праца над драпанкамі патрабавала шмат часу, рабілі іх толькі напярэдадні Вялікадня. Для гэтага збіралася ўся сям’я. Разам маліліся і сядалі аздабляць яйкі. На думку майстрыхі, гэта было адным са спосабаў падрыхтаваццца да свята, засяродзіцца і стварыць адпаведны настрой.
«Сёлета пайду ў царкву з драпанкамі, — кажа адна з удзельніц майстар-класа Часлава Мулярчык. — Я ж не так проста навучылася. Трэба зараз дзецям расказаць, унукам. Будзем драпаць разам. Я маю вялікую цікавасць да беларускіх традыцый. Стараюся прыўнесці ў свой дом нешта з даўніны, такое ласкавае, пяшчотнае, добрае, захаванае на прыгожай нашай зямлі беларускай».
Больш здымкаў з кірмашу глядзіце ў галерэі:
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…