Людзі і справы

Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 4. «Дацэнт прымусіць»

Дзесяць год таму чацвёра маладых людзей паступілі ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Сёння гэта дзве сямейныя пары, дзе і муж, і жонка маюць аднолькавую прафесію — ветэрынар. Розніца ў тым, што колішнія аднагрупнікі працуюць зараз у розных месцах. Дзмітрый і Таццяна Воранавы засталіся ў горадзе, а Сяргей і Вольга Савошчыкі паехалі на вёску.


[irp posts="4602″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 1. Як ветэрынары выбіралі сваю прафесію"]

[irp posts="4709″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 2. «Тут ферма, дыхайце глыбей""]

[irp posts="4745» name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 3. На вёсцы «дохтар» — першы пасля бацюшкі"]

[irp posts="4765″ name="Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 5. Каго ты лечыш?""]


Дзмітрый, выкладчык на ветэрынарным факультэце

Усе 10 год пасля атрымання дыплома Дзмітрый працуе выкладчыкам на ветэрынарным факультэце. Зараз вядзе курс «Унутраныя хваробы жывёл».

Найперш, гэты прадмет вывучае тэрапію — і ў тэорыі, і ў дзеянні. «На мясакамбінаце праводзім практычныя заняткі на перадзабойных жывёлах. Адпрацоўваем ін'екцыі, фіксацыі, нават некаторыя аперацыі і ўскрыцці». Для самых першых знаёмстваў ва ўласнай гаспадарцы факультэта ёсць каровы, авечкі і козы.

Старажылка факультэта — карова Дуся. («Каму Дуся, а каму і Дульсінея», — удакладняе Дзмітрый). Яна перастала даваць малоко 10 гадоў таму і гаспадарка скіравала карову на мясакамбінат. Універсітэцкія ветэрынары спачатку працавалі з ёй разам з іншымі перадубойнымі жывёламі, а потым папрасілі перадаць Дусю вучэльні.

Спецыялізацыя ў Дзмітрыя — хваробы незаразнага паходжання. Калі па гэтым профілі ёсць праблемы ў гаспадарках, да яго звяртаюцца за кансультацыяй. «У буйнога рагатага ската бываюць бронхапнеўманіі, для парасят характэрны гастраэнтэрыты». Калі гаворка ідзе аб прамысловых жывёлах, самае важнае ўстанавіць прычыну захворвання і не дапусціць масавага распаўсюджання хваробы. «Індывідуальны падыход — гэта для падручнікаў. Ці ж павядзе хто асобную карову ў стацыянар?»

Паралельна гэтай працы Дзмітрый пачаў вывучаць рэабілітацыю дробных хатніх жывёл пасля траўм і аперацый. Маўляў, у горадзе жывём, тут гэта актуальна, а спецыялістаў няма. «Зараз супрацоўнічаем з клінікай „Сябры“, развіваем гэты адносна новы накірунак ветэрынарыі».

Актуальнасць такіх даследванняў высокая менавіта ў горадзе, для дробных хатніх гадаванцаў. «Праблема эфектыўнасці праведзенага лячэння ў тым, што пасля яго адсутнічае рэабілітацыя. Напрыклад, быў пералом лапы. Жывёлцы налажылі гіпс. Да таго часу, як косць зрасцецца, яна прызвычайваецца не карыстаццца зламанай лапай. І калі гіпс здымаюць, па-ранейшаму працягвае так рабіць. А ўладальнікі мяркуюць, што гэта адбываецца з-за кепска зробленай аперацыі».

Гродзенскія ветэрынары першымі ў краіне спрабуюць развіваць «культуру рэабілітацыйнай дапамогі». Разам з калегам Сяргеем Бабром Дзмітрый арганізаваў на кафедры рэабілітацыйны кабінет. Жартуе, што некалі тут будзе Цэнтр рэабілітацыйнай дапамогі жывёлам імя Воранава і Бабра.

Пакуль жа працаваць прыходзіцца ў двух маленькіх кабінеціках і на ўласнаручна сканструяваным ці прыстасаваным абсталяванні. Сюды гаражане прыносяць сваіх котак і сабак на фізіатэрапію, масажы і абследванні.

«Зараз для нас актуальна напрацаваць досвед прымянення працэдур і мадэлявання рэжымаў, эфектыўных для рэабілітацыі». Напрыклад, вывучыць магчымасці выкарыстання падводнай бегавой дарожкі. Пагружэнне ў ваду мадэлюе дэфіцыт вагі, а адсутнасць вертыкальнай нагрузкі на лапы стымулюе жывёлу рухацца. У тым ліку — варушыць пашкоджанай канечнасцю. Праз тое, нават мімаволі, аднаўляюцца рэакцыі і дзейнасць лапы.

youtu.be/gB9l20BMJ8g

Студэнты смяюцца, што невядома як хадзіць, а плаваць і мяўкаць котка пасля такіх працэдур дакладна навучыцца — «дацэнт прымусіць». Карысна такая праца і самім студэнтам. Яны маюць магчымасць практычна пазнаёміцца з найноўшым досведам. «На тых самых „БаМЖах“ раней толькі расказвалі пра магчымасць рэабілітацыі, прымяненне лазера ці ультрафіялета. Зараз магчыма браць удзел у рэальнай ветэрынарнай працы». Для навучання гэта важна — «дакрануцца рукамі» да будучай прафесіі.

Часам такое сутыкненне з рэальнасцю прыносіць сюрпрызы: «Было нядаўна, котку прынеслі на рэабілітацыю, а ў яе гнойная пухліна, заднія лапы паралізаваныя, поўсць выстрыжана. Паказваю рэфлексы, лапы размінаю, а тут бачу — дзяўчына збялела і ўжо падае, страціўшы прытомнасць. Студэнты — урассыпную, гаспадыня — за котку, сам ледзь паспеў яе падхапіць. Бывае такое, гэта не рэдкасць. Нават калі паказваю, як вуха ад гнойных корак пачысціць, і то не ўсе вытрымліваюць».

Спачатку ў студэнтаў ёсць такое ўяўленне, што ветлекар працуе ў белым халаце. І на лекцыях патрабуецца, каб яны былі так апрануты. Насамрэч — гэта зусім не так. Для працы з буйным рагатым скатом працоўнае адзенне — чорнае. «Кажу сваім навучэнцам, каб цанілі момант — можа, потым і не прыдзецца пабыць у белым».

Што да таго, як двум ветэрынарам жыць разам, то складанасцяў гэта не выклікае. «Ёсць пра што пагаварыць, ды і зразумець аднаму другога прасцей» — разважае Дзмітрый.

— Дзе там прасцей! Часам ты расказваеш, я ківаю, а потым іду ў інтэрнэце чытаць, каб зразумець, пра што ішла размова, — прызнаецца Таня.

— Праўда? Ведаеш, я таксама не заўсёды цябе разумею, калі ты пра экспертызу…

— А мне кажа — што там складанага — у сасісках разбірацца!

Аказваецца, і сапраўды — калі два ветэрынары разам — дома не засумуеш.

Наконт «узяць працу дадому», у сэнсе завясці хатніх жывёлаў, таксама маюць планы. «Возьмем абавязкова, дзеля дачкі. Гэта выхоўвае адказнасць, вучыць клапаціцца, даглядаць. Ды і на вуліцы дзіця прызвычайваецца быць больш уважлівым, звяртаць увагу, што адбываецца навакол, на машыны, людзей побач».

Сваю прафесію Дзмітрый называе цяжкай, але шчыра прызнаецца, што рады свайму выбару. «Ветерынарыя ў розных сферах дае свой погляд на жыццё, свае ўяўленні». Ды і разнастайнасць дзейнасці выкладчыка гэта магчымасць для пастаяннага прафесійнага росту.

«Толькі па трактарах усё роўна сумую. Асабліва, калі „кручу“ сваю машыну ў гаражы».

Падзяліцца
Меткі: жывёлы

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024