«Падатак» на месячныя: чаму ў Беларусі даражэюць пракладкі і што з гэтым рабіць?

Яшчэ ў пачатку года пачак гігіенічных пракладак можна было купіць за 1,5−2 рублі. У красавіку яны каштавалі 3−4 рублі. У жніўні кошт пракладак, нават з улікам зніжак, падняўся да 5−6 рублёў за пачак. Пра тое, да якіх эканамічных і сацыяльных наступстваў можа прывесці ігнараванне патрэбаў жаночай паловы насельніцтва Беларусі, Telegram-каналу «Тётя Ира Разрешила» распавялі эканамістка Кацярына Барнукова і феміністка Наста Захарэвіч.

«Пракладкі - гэта не сыр бры, ад якога лёгка адмовіцца»

«Рост коштаў на пракладкі звязаны з тым, што практычна ўсе сродкі жаночай гігіены, якія ў нас прадаюцца, імпартуюцца з-за мяжы. З пачаткам вайны нейкія пастаўкі спыніліся, частка камплектуючых стала недаступнай, узніклі цяжкасці з лагістыкай. З часам знайшліся альтэрнатывы, але, як правіла, яны даражэй — дзесьці прыходзіцца даўжэй везці, дзесьці горш суадносіны кошт-якасць. Усё гэта адбіваецца на кошце канчатковага прадукту. У выніку бачым, што пачак пракладак каштуе 5−6 рублёў, — кажа эканамістка Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка незалежнага даследчага цэнтра ў галіне эканамічных даследаванняў BEROC.

Рост коштаў на безальтэрнатыўныя тавары асабліва адчувальны на фоне зніжэння прыбыткаў. Паводле дадзеных Белстата, у 2022 яны зніжаюцца. Са студзеня па чэрвень рэальныя даходы насельніцтва склалі 97,4% у параўнанні з даходамі такога ж перыяду мінулага года. За рысай беднасці ў Беларусі аказаліся 3,1% гарадскога насельніцтва і 6,9% сельскага.

Узровень жыцця насельніцтва Беларусі ў першым квартале 2022 года: за рысай беднасці - 3,1% гарадскога насельніцтва і 6,9% сельскага

«Пры такіх даходах 5−6 рублёў на месяц — гэта выдаткі, якія прымушаюць задумацца», — кажа Кацярына Барнукова.

Чытайце таксама: Наколькі глыбокі крызіс у Беларусі? Экспертка з Гродна распрацавала адмысловы індэкс

«Палова Беларусі па ўмовах жыцця адкочваецца ў мінулае стагоддзе»

«Нядаўна ў Шатландыі пракладкі зрабілі цалкам бясплатнымі, бо для жанчын гэта рэч першай неабходнасці, — кажа феміністка Наста Захарэвіч. — Добра, што нехта ў свеце пачаў гэта разумець».

На думку Насты, пракладкі і тампоны павінны быць калі не бясплатнымі, то хаця б не вельмі дарагімі.

Падаражанне пракладак у Беларусі пагражае стратай магчымасці хадзіць на працу, весці актыўны лад жыцця і мець элементарны камфорт.

«Так што, жанчынам зноў карыстацца «анучкамі» і рэзаць майкі на пракладкі?" — задаецца пытаннем Наста Захарэвіч.

Вітрына адной з крамаў Гродна, дзе прадаюць пракладкі. Жнівень, 2022

Беларусь — краіна «не пад жанчыну»

Самае першае і відавочнае наступства росту коштаў на пракладкі і тампоны — павелічэнне разрыву ў даходах жанчын і мужчын. Заробак беларускіх жанчын, паводле дадзеных Белстата, у 2021 годзе складаў 71,9% ад заробку мужчын. Павышэнне коштаў на сродкі гігіены яшчэ больш павялічыць гэты разрыў.

Суадносіны рэальных даходаў насельніцтва ў студзені-чэрвені 2022 года да аналагічнага перыяду 2021

Высокі кошт пракладак і тампонаў робіць іх менш даступнымі для жанчын з нізкім узроўнем даходу. А такіх пасля пандэміі стала нашмат больш. Па дадзеных Сусветнага эканамічнага форуму (ВЭФ) падчас каранавіруса сярод звольненых і тых, каму панізілі заробкі, жанчыны аказваліся часцей за мужчын.

Тое, што гігіенічныя прыналежнасці робяцца менш даступнымі, ускладняе жанчынам магчымасць атрымліваць адукацыю, працаваць, весці актыўны лад жыцця. Недаступнасць пракладак можа прывесці да пагаршэння здароўя жанчын і ў цэлым пагаршае сітуацыю з гендарнай няроўнасцю ў Беларусі.

Чытайце таксама: Роўнасць на літару «Х» або Жаночы тузін на мапе Гродна

Дорага, але ў краме, або танна, але дэфіцыт

«Таннай альтэрнатывы пракладкам і тампонам няма, — пацвярджае Кацярына Барнукова. — Толькі нашы «савецкія» спосабы [з «анучкамі"], якія прыводзяць да таго, што дзяўчынкі-падлеткі саромеюцца хадзіць у школу, а жанчыны на працы страчваюць упэўненасць».

На думку эканамісткі, «штучнае абмежаванне коштаў, асабліва на імпартуемыя тавары прыводзіць толькі да таго, што гэтыя тавары становяцца дэфіцытам. Таму МАРГ дазваляе гэтыя кошты падымаць, лічачы, што лепш хай гэтыя пракладкі будуць у краме па 5 рублёў, чым іх не будзе наогул».

Вітрына адной з крамаў Гродна, дзе прадаюць пракладкі. Жнівень, 2022

Жанчыны разумеюць. Мужчыны не задумваюцца. Усе маўчаць

Праблема даступнасці пракладак тычыцца не толькі жанчын. У яе можа быць мноства эканамічных і сацыяльных наступстваў. Але казаць пра месячныя або пракладкі ў нас не прынята, бо «сорамна» і «непрыстойна». А калі пра праблему не казаць, то яна і не вырашаецца.

«У нас ёсць кампенсацыя выдаткаў на памперсы для малазабяспечаных, але з прадметамі жаночай гігіены такога няма», — прыводзіць прыклад Кацярына Барнукова.

На яе думку, шмат у чым сітуацыя з цэнамі на сродкі гігіены залежыць ад знешніх эканамічных фактараў, у першую чаргу вайны і эканамічных санкцый. Але ў краіны ёсць і ўнутраныя магчымасці паўплываць на праблему.

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024