Фотографка Наталля Дораш падчас самаізаляцыі распавяла пра сябе і сваіх сябровак маладосці - жанчын Гродна 1970-х. У яе ўспамінах — гісторыі кахання і горыч расчараванняў, бытавыя замалёўкі і працоўныя будні, сцэнкі на гарадскім бруку і вясковым лузе. Наталля называе свае гісторыі «серыямі». З пачатку траўня Hrodna.life пачынае «паказваць» гэты серыял. Прадстаўляе праект рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло
Ірына Новік

За акном вясна, а ў нас самаізаляцыя. Наогул, мы так не дамаўляліся. У нас былі іншыя планы на час квітнеючых яблынь і першых травеньскіх дажджоў. Але… нешта пайшло не так.

Шанцаў выбраць іншую рэальнасць у нас няма. Можам толькі выбіраць, як прымаць гэтую дадзенасць. Нехта ў ізаляцыі засмуткаваў, хтосьці знайшоў магчымасць працаваць аддалена, хтосьці навёў парадак у кватэры. А фатаграфка Наталля Дораш — разабрала яшчэ адну частку свайго фотаархіва.

Ёй у самаізаляцыі цяжэй, чым многім. Яна заўсёды жыла вачыма. Была ў руху, сярод людзей, сярод палёў, сярод кветак — і заўсёды з фотаапаратам. Яна лавіла моманты жыцця на плёнку і на лічбу, распавядала гісторыі сваімі здымкамі.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло
Наталля Дораш

Зараз такой магчымасці няма. Затое ёсць успаміны. Свае кароткія апавяданні Наталля назвала «серыямі». Серыя 1 — пра душэўную Крысю, серыя 2 — пра вясковы фестываль…


Глядзіце таксама: «Мая Гародня». Адкрылася выстава Наталлі Дораш пра штодзённае жыццё 70-х


Серыі - правільная назва. У апавяданнях Наталля, сапраўдны фатограф, спаймала яркія вобразы, абрала цікавыя ракурсы, адзначыла характэрныя рысы. Чытаеш, і адразу ўяўляеш, як усё было. Потым глядзіш на чорна-белыя здымкі - і сапраўды! Так усё і было!

Думаю, самаізаляцыя Наталлі не пройдзе дарма. Яна напіша цэлы серыял пра Гродна і гродзенцаў. Дакладней — пра гродзенак. Жаночы раман часоў пандэміі. Такі добра чытаць па вечарах, за кубкам рамонкавай гарбаты з абаранкамі.

Пачытаеш, аглянешся — а жыццё ж паволі і наладжваецца.

Я вельмі ганаруся, што Наталля мне першай даверыла сваю творчасць. Я вельмі рада, што магу прадставіць яе чытачкам і чытачам Hrodna.life. Упэўнена, што такая душэўная падтрымка шматлікім дапаможа перажыць цяжкі час.

Калі раптам вам таксама захочацца падзяліцца ўспамінамі - звяртайцеся. Серыялы — справа доўгая. У іх знойдзецца месца і вашым гісторыям. Можа, разам у нас атрымаецца нават пабіць рэкорд Санта-Барбары.

Такім чынам, пачынаем фота-серыял Наталлі Дораш.

Аб тым, што было
и прайшло

Серыя 1. «Крыся і яе вясковыя сваякі»

На жыццёвым шляху сустракаюцца людзі, з якімі з першага дня знаёмства лёгка і радасна мець зносіны.

З мамай у абаненцкім аддзеле Дома сувязі працавала вонкава непрыкметная дзяўчына Крысціна, знаёмыя звалі яе Крысяй. Цяжка паверыць, але ад Крысі ніколі не пачула ні аднаго слова наганы на іншых людзей. Яна цуралася плётак, ніколі ні на каго не крыўдзілася, сама нікога не крыўдзіла рэзкім словам. Давераныя ёй таямніцы сябровак захоўвала, як банкаўскі сейф захоўвае залаты запас дзяржавы. Душэўная прыгажосць свяцілася на твары гэтай дзяўчыны, і Крысцінай зачароўваліся мужчыны. У яе было шмат кавалераў, якімі яна манкіравала, як распешчаная ўвагай прыгажуня.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло

Аднойчы Крыся запрасіла маю маму ў нядзельны летні дзень на хутар сваіх бацькоў. Ёй хацелася паказаць прыгажосць мясцовасці, дзе яна нарадзілася, паказаць сам хутар, у якім прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Мама прыхапіла і мяне з сабой. Я, тады пачатковец фотааматар, паклала ў сумку фотаапарат.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло

Бацькоўскі хутар Крысі знаходзіўся побач з Гродна. Калі мы выйшлі з рэйсавага аўтобуса на трасу, Крыся са сваім малодшым братам на ровары ўжо нас чакалі. Паўкіламетра мы ішлі пешшу па вузкай грунтавай дарожцы праз хлебнае поле. Напярэдадні прайшоў моцны лівень, вільготныя каласы жыта цалавалі нашы рукі, часам дарожку заступалі лужыны, але мы смела іх пераходзілі ўброд.


Глядзіце таксама: «Люблю здымаць на хаду». Гродзенка Наталля Дораш атрымала гран-пры ў фотаконкурсе

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло

Ля самога хутара пад дрэвам стаяў вялікі драўляны крыж, каля яго нас сустрэлі дзеці - малодшы брат Крысі і яе пляменнікі. Я ўжо не памятаю назвы вёскі, у аддаленні якой стаяў хутар, не памятаю імёнаў бацькоў Крысі і яе сваякоў. Бо з таго часу прайшло роўна паўстагоддзя. На адным са здымкаў на гарызонце праглядаецца азотна-тукавы завод, таму мяркую, што хутар знаходзіўся ў раёне Казіміраўкі або Каменнай Русоты.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло

Здзівіла, што бацькі Крысі нас чакалі як самых дарагіх гасцей. Гаспадары накрылі стол са свежаспечаным у печы хлебам, расклалі па талерках вясковыя прысмакі, сярод якіх стаяла велізарная міска з густой смятанай, хатняе масліца і тварожныя пампушкі. Мачала ў смятану гэтыя пампушкі і адчувала райскую асалоду гурмана.
Ніколі ў жыцці мяне не частавалі такі смачна.

Жаночы раман часоў пандэміі. Наталля Дораш піша "фота-серыял" аб тым, што было і прайшло

Гасцей з ліку сваякоў Крысі сабралася поўная хата. Пасля застолля я зладзіла фотасесію для Крысі і яе сястры з пераапрананнем. Раптоўны летні дождж перашкодзіў нашаму занятку. Пасля дажджу здымала сваякоў Крысі, хоць і пабойвалася кароў, але таксама іх фатаграфавала. Нам было весела і лёгка сярод простых ветлівых людзей.

Дзень на хутары праляцеў непрыкметна. Крыся нас суправаджала да трасы, з сур’ёзным тварам каталіцкім чынам перахрысцілася на прыдарожны крыж. На трасе мы дачакаліся рэйсавага аўтобуса і з’ехалі ў Гродна. У панядзелак раніцай нам трэба было ісці на працу.


Глядзіце таксама: «Вылізанай гламурнасці тут няма». Нацюрморты з лецішча ад Наталлі Дораш дапамогуць справіцца з зімовай дэпрэсіяй

Працяг будзе.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]