«Ёсць некалькі зразумелых усім аргументаў, каб адмяніць смяротнае пакаранне. Найперш — тое, што падтрыманне яго выканання патрабуе значных затрат. Гэтыя сродкі маглі б быць выкарыстаны больш эфектыўна. Другое — што існуе рызыка судовай памылкі, верагоднасць пакараць бязвіннага чалавека. Гэта можа мець негатыўны ўплыў на ўсё беларускае грамадства і падарваць веру ў правасуддзе. Яшчэ адно — смяротнае пакаранне не гарантуе бяспекі, не з’яўляецца фактарам стрымання злачыннасці», — такое меркаванне выказаў Джэфры Фэйган, прафесар права з Калумбійскага Універсітэта на сустрэчы з грамадскасцю ў Гродне 12 верасня.
Група міжнародных экспертаў прыехала ў Беларусь у межах кампаніі інфармавання аб практыцы адмовы ад смяротнага пакарання ці мараторыя на яго выкананне.
Наша краіна — адзіная дзяржава ў Еўропе і адна з 23 у цэлым свеце, дзе дагэтуль на практыцы прымяняецца вышэйшая мера пакарання. Тэма яе адмены пастаянна гучыць у дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам і Саветам Еўропы. Беларусь аргументуе сваю пазіцыю вынікамі рэферэндума 1996 года, калі больш за 80% выбарцаў падтрымалі захаванне смяротнага пакарання.
Міжнародная супольнасць даводзіць, што грамадскае меркаванне змяняецца з часам і не павінна ўспрымацца як перашкода. Напрыклад, у Аб’яднаным Каралеўстве адмянілі смяротнае пакаранне ў 1965 годзе, насуперак грамадскаму меркаванню. І толькі ў 2014, праз амаль 50 год, большасць насельніцтва падтрымала гэту пазіцыю.
«Наколькі мне вядома, ніводная краіна не адмяніла смяротнае пакаранне па ініцыятыве народа. На час адмены большасць была супраць. Але пазней людзі бачылі, што з мараторыем злачыннасць не павялічваецца. Вельмі мала краін вярнуліся пасля мараторыя да смяротнага пакарання», — адзначыў Іван Шымановіч, дэлегат «Міжнароднай кааліцыі супраць смяротнага пакарання», памочнік Генеральнага сакратара ААН.
Таксама ён узгадаў, што ў беларускай Канстытуцыі прадугледжаны патэнцыял для адмены вышэйшай меры. Напрыклад, існуе амністыя, а смяротнае пакаранне ўзгадваецца як часовая мера. Таксама важна, што меркаванне рэферэндума не з’яўляецца абавязковым да выканання.
«Нарэшце, тое, што Беларусь праводзіць кансультацыі з краінамі, адмяніўшымі смяротнае пакаранне — таксама станоўчы момант. Негатыўным застаецца тое, што пакаранне смерцю да гэтай пары захоўваецца. Спадзяюся, пазітыўныя перадпасылкі ўсё ж прывядуць да яго адмены».
Эксперты адзначалі, што на сустрэчах з Беларусамі даволі часта гучалі словы ў падтрымку смяротнага пакарання. Маўляў, гэта адплата за злачынства па прынцыпу «вока за вока». «Але, калі дзейнічаць такім чынам, то хутка мы ўсе станем невідушчымі,» — мяркуе Іван Шымановіч. Таму вялікую важнасць мае абмеркаванне тэмы ў грамадстве. «Чым больш людзі ведаюць аб смяротным пакаранні, тым менш яго падтрымліваюць».
«Людзі - не забойцы і не павінны адказаць злом на зло. Калі мы змагаемся з монстрамі, то важна самім не ператварыцца ў такіх самых пачвар», — меркаванне Уладзіміра Татарнікава, пастара Лютаранскай кірхі з Гродна ў гэтым пытанні цалкам яснае.
«Жыццё дадзена Богам, і толькі ён мае права яго пазбавіць. Сістэмай смяротнага пакарання мы не змяншаем колькасць злачынстваў. Пры здзяйсненні прысуду таксама адбываецца забойства, яшчэ адзін чалавек бярэ на сябе смяротны грэх».
Інфармацыйная кампанія на карысць адмены ці мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання праводзіцца ў Беларусі пры падтрымцы Амбасады Велікабрытаніі ў Мінску, пры ўдзеле працоўнай групы беларускага парламента па вывучэнні тэматыкі смяротнага пакарання, пад началам Андрэя Навумовіча.
У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…