Бразільскі ліманад са згушчонкай, двайны ліманад з тархунам і мятай, ліманады з клубніцамі і агуркамі. Карэспандэнтка Hrodna.life сабрала рэцэпты ахаладжальных напояў, якія дапамогуць перажыць летнюю спякоту. Можна паэксперыментаваць і прыгатаваць іх увечары дома або для пікніка на прыродзе.
1. Бразільскі ліманад са згушчонкай
Патрэбныя прадукты:
- 4 лаймы ці гатовы сок лайма ў бутэлечцы;
- 150 грамаў цукру;
- 1,4 літр вады;
- 6 сталовых лыжак згушчанага малака;
- жменя кубікаў лёду.
Як гатаваць:
Зразаем кончыкі з лайма і дзелім фрукт на часткі, па жаданні здымаем лупіну. Для ўпрыгожвання можна нарэзаць некалькі кавалачкаў лайма і адкласці. Блэндарам старанна змешваем цытрусы, цукар і ваду. Дамагаемся аднастайнасці.
Працаджваем атрыманую масу праз сіта.
Атрыманую масу ўзбіваем разам са згушчонкай — у блэндары або ўручную венчыкам. Пасля блэндара можа з’явіцца пена праз гушчыню інгрэдыентаў, з часам яна знікне. Дадаем лёд. Асвяжальны напой гатовы.
У графін можна дадаць некалькі кавалачкаў лайма і пару лісточкаў мяты. Піць лепш адразу. Доўга захоўвацца гэты напой не будзе.
2. Двайны ліманад з тархунам і мятай
Патрэбныя прадукты:
- 3−4 лімоны;
- 100 грамаў цукру;
- 1 літр вады;
- 2 галінкі свежага тархуна або 100 грамаў у сухім выглядзе,
- 2−3 галінкі свежай мяты.
Як гатаваць:
Лёд для ліманаду гатуем загадзя. Аддзяляем лісце мяты ад галінак. У формачкі для лёду выкладваем тархун і дробна нарэзаную мяту.
Можна заліць формачкі гарачай вадой і даць настаяцца 15−20 хвілін, потым адправіць у маразільнік. Замарожвацца лёд будзе даўжэй, чым звычайны, без напаўнення.
Выціскаем лімонны сок, змешваем яго з цукрам на смак і дадаем астуджаную ваду. Змешваем да аднастайнасці. Для падачы можна нарэзаць кружочкі лімона і адправіць іх астуджацца.
Пераліваем ліманад у збан або шклянку. Прыкладна за 10 хвілін да ўжывання дадаем у ліманад астуджаныя долькі лімона і лёд з травой.
3. Клубнічны ліманад
Патрэбныя прадукты:
- 1−1,5 літры вады;
- 250 грамаў клубніцаў;
- 100−150 грамаў лімоннага соку;
- 200 грамаў мёду.
Як гатаваць:
Уліваем да мёду 500 мілілітраў вады і размешваем венчыкам да аднастайнай масы.
Узбіваем у блэндары клубніцы і мядовую сумесь. Можна асобна ўзбіць клубніцы і змяшаць венчыкам з мядовай вадой.
Дадаем лімонны сок і ваду, якая засталася, старанна змешваем. Калі наліваем у шклянку, можа падняцца асадак ад клубніцаў, з часам ён апусціцца на дно.
Ліманад спадабаецца ласунам і аматарам густых сокаў з мякаццю.
4. Агурковы ліманад
Патрэбныя прадукты:
- 2−3 свежыя агуркі;
- 2−3 лімоны;
- 100 грамаў цукру;
- 0,5 чайнай лыжкі солі;
- 1−1,5 літры вады.
Як гатаваць:
Рэжам агуркі кавалачкамі і пераносім ў блэндар. Дадаем цукар, соль і добра здрабняем у пюрэ.
Агурковае пюрэ праціраем праз сіта. Дадаем лімоны сок у ваду. Добра змешваем.
Каб напой прыгожа глядзеўся ў графіне або шклянцы, гароднінарэзкай наразаем стужку з агурка для дэкору.
Упрыгожваем шклянку кружочкам лімона, і асвяжальны напой гатовы.
5. Класічны ліманад
Тыя, хто хоча зэканоміць час, могуць зрабіць класічны ліманад з соку лімона, мяты і цукру.
Але! Калі хочаце зрабіць напой смачней, можна падрыхтаваць кубікі лёду з спрайту і дадаць іх у ліманад.
З гэтымі напоямі гарачы летні дзень стане нашмат прыемнейшым.
Чытайце таксама: